Выбрать главу

Маім чаканням што да раскошы шлюбнага балявання не было як спраўдзіцца. Казка разбілася аб суворую рэальнасць харчовых будняў хутара Насамоны. На стол, за якім мяне раней сустракаў Тамада, былі выстаўленыя шэсць банак тушонкі, дзве банкі чорных маслін без костак, вялікі керамічны паднос з васьмю мачонымі гуркамі, парэзанымі на чатыры часткі кожны. Меліся тут праснакі, глякі з брагай, керамічныя жбанкі з мацнейшым алкаголем (апошняе я заключыў з таго, што смярдзела са жбанкоў вастрэй). На лаўках пры стале сядзела два тузіны Грыбкоў. Гаманлівыя, лакцістыя, згаладнелыя. Жаніх і нявеста былі ссунутыя гэтай прагнай плоймай на самы край стала. Так, вы не памыліліся чытаючы: пры поглядзе на вяселле, я спачатку звярнуў увагу на пачастунак, потым — на колькасць канкурэнтных ратоў і толькі напрыканцы — на маладых.

Жаніх быў адзеты ў шыкоўны шэры касцюм з іскрай. Людзьмі, якія жаніліся ў гэтым касцюме да яго, а гэтаксама іх дзецьмі і ўнукамі, можна было б засяліць сярэдніх памераў выспу ў Ціхім акіяне. Так, прынамсі, думалася пры першым поглядзе на размачаленую тканіну. Хлапчук быў бялявы, грыбкоўскае шчацінне ў гонар свята было старанна выскабленае з твару. Заўважна п’яны, ён глядзеў на гасцей з падкрэсленай прыязнасцю. Нявеста была ўбраная ў добра вымытую белую сукенку, пашытую з амаль не зацяганай гардзіны. Дзявулька-Грыбок: маладая, вастраносенькая, са святочнай укладкай валасоў. Нафарбаваныя вусны, падведзеныя вочкі-пацеркі. Прыгожанькая і вяртлявая — вобраз выдатніцы, якая расчырванелася перад іспытам. Гэтая дык, наадварот, імкнулася не глядзець на гасцей і ўтароплівала позірк на адкрытую тушонку. Усе чагосьці нецярпліва чакалі, не ў змозе дакрануцца да ежы. Мой страўнік, сценкі якога прагрызаў шашаль голаду, маліўся, каб тое, што яны чакаюць, нарэшце настала. Усе паселі і нават перасталі варушыцца.

І тут падняўся Тамада. Нехта з-за спіны падаў яму баян, ён ірвануў мяхі ды заспяваў. Голас у яго быў урачысты і строгі, нібы ён чытаў літургію ў храме.

Матка не гледзіць у тэлевізар, Матка не седзіць на лаўцы з Воляй, Матка гатуе ўвесь дзень мачанку, Каб расшчытацца за працу ў полі.

Усе госці падхапілі апошнія два радкі, прычым выходзіла ў іх добра: жанчыны напрыканцы сказаў забіралі ўверх, мужчыны басамі цягнулі ўніз, атрымлівалася па-грыгарыянску гарманічна, нягледзячы на бязглузды тэкст.

Дочца маменьцы дапамагае, Дочца мачанку да столу крые, Хлопец ужо з поля, баранаваўшы, Стаіць ля студні ды шыю мые.

Выйшла матуля ў сенцы па шчавель, Выйшла дзявуля, каб хлопца вітаці, І тут унязапна, праз фортку ўляцеўшы, Мачанку сокал стаў пажыраці.

Плача мамуля — нету мачанкі, Плача дзявуля — няма чым аддаці, Прыдзецца зараз за хлопца дачочку, У жонкі на векі па-да-ра-ваці.

Апошняе двухрадкоўе хор паўтараў разоў пяць. Перад тым, як змоўкнуць, людзі цягнулі гэтае “па-да-ра-ваці” на розныя лады амаль хвіліну. Атрымалася вельмі пранікнёна. Хаця, як заўсёды з народнымі спевамі, было незразумела, адкуль, з якіх дакладна выкрутаў мелодыі ці рыфмы, тут узяўся трагізм. Дарма я чакаў, што пасля спеваў Тамада прапануе нам пачаць есці. Ён шырокім рухам пляча скінуў з сябе баян, пачакаў, пакуль грамада прыцішыцца, налье ды возьмецца за чаркі. Пасля пляснуў сабе з гляка брагі і строгім позіркам пракантраляваў, каб наліта было ў кожнага. Мне хутка сунулі ў руку чарку са смярдзючым алкаголем. Зразумела —зараз будзе тост. І, як заўсёды, калі ў цябе плешчацца дрэннае варыва, піць давядзецца да дна. Не выключана — яшчэ і стоячы.

Тамада загаварыў селектарным тонам, і па тым, як уважліва слухалі яго Грыбкі, стала зразумела, што тост ён нараджае штораз новы, без паўтораў:

— Што чалавека выдзяляе з жывёльнага царства? — ён акінуў прысутных позіркам, у якім праглядаўся сумнеў у тым, каго менавіта ён бачыць навокал — людзей альбо прадстаўнікоў жывёльнага царства. — Што, груба кажучы, дзелае чалавека чалавекам? Я скажу вам, што. Здольнасць рабіць дзяцёў. Бо гэта толькі коцікі і сабачкі вытвараюць гэта самае дзеля задавальнення. Пстрыкнуліся, і пайшлі ў розныя бакі. Ні абязацельстваў, ні адказнасці. Чалавек — разумная лічнасць. Ён гэта робіць дзеля будучыні. Дзеля прадаўжэння роду. І гэта тое, чаму мы, Грыбкі, сёння сабраліся тут, каб правадзіць у дарослую жызнь новых Грыбкоў. У кожным агурку сядзіць 136 семечак. І толькі тры з іх здольныя прарасці і даць жызнь другім гуркам. Што вызначае, якое насенне сапрэе, якое зьесць мыш, а якое прарасце ды засее зямлю другімі агуркамі? Рытуал. Толькі роблячы ўсё так, як нам кажа традыцыя, мы не будзем паетыя кратамі, сапсаваныя генамі ці спорчаныя сарняком! Маладым — савет да любоў!