Выбрать главу

Усе, гучна паддакваючы, чокнуліся і выпілі. Я быў пацягнуўся да праснакоў з тушонкай, але на мяне шыкнулі і ледзь не далі па руцэ. Іх рытуал прадугледжваў бесперапыннае наліванне яшчэ па адной. Прыблізна на гэтым этапе я зразумеў, чаму шчаслівейшымі былі тыя, хто трымаў у руках глякі ды жбаны. Сабе яны цурылі па палоўцы, іншым — да краёў. Зараз трэба было чокнуцца толькі з тымі, хто сядзеў справа: усе каўталі моўчкі, шануючы першы тост. Мыкола паспрабаваў не дапіць сваю вадкасць да дна, і на яго прыкрыкнулі за абразу рытуалу. Увабраўшы ў сябе пяць вялікіх глыткоў млоснатворнага варыва, я зразумеў, што есці ўжо і не надта хачу. Страўнік быў запоўнены цягучым кісялём, ён булькаў і пузырыўся ўнутры, бы вулканічная лава. Калі яны пачалі разліваць — ужо у трэці раз без магчымасці заесці пітво, — я хуценька замяніў сваю чарку на кілішак, за што атрымаў іншай, цяжкай рудой вадкасці да самых краёў. “Хочаш і нашага крупніку пакаштаваць?” — усміхнуўся разлівач, быццам у маёй жэстуры быў нейкі выклік, а не спроба застацца ў жывых падчас гэтых “рытуалаў”. Смярдзела ад напою так, быццам дракон выжар тону сельскага самагону, а потым ікнуў табе ў твар.

Гэтым разам чокаліся з суседам злева, зноўку без тостаў, моўчкі. Пілі да донца. Хітрасць спрацавала супраць мяне. Дзве алкагольная плыні, слабейшая і мацнейшая, роўныя ў сваёй смярдзючасці, сустрэліся і ўскіпелі ў крыві. Брага прыйшла хутчэй, хлопнуўшы мяне па вушах ды вымусіўшы вусны знямець. Потым даклыпаў і крупнік, акуратненька ўскрыўшы мне чарапушку, дастаўшы мозг і засыпаўшы замест яго колкай трухі. Стол скрануўся і паплыў па акіянскіх хвалях, усе мае суседзі ператварыліся ў маракоў, яны трымалі локці ля талерак, каб іх не змыла. Твары ва ўсіх расчырванеліся, вочкі зрабіліся шчырымі, бы ў чарцей. Усе нешта казалі, ніхто нікога не слухаў. Казаў і я — пра тое, што ў мяне сабуля наверсе, ёй кепска, яна вымагае дапамогі, а не ведаю, як ёй дапамагчы. Тут я заўважыў, што нечая лапа зграбае са стала апошні праснак, бляшанкі з тушонкай даўно ўжо выскраблі. З ежы мне дасталася квадра салёнага агурка, якая пакінула ў роце настолькі цвілы прысмак, што брага і крупнік у параўнанні з ім выглядалі ялавічынай па-правансальску. Ежу змялі са сталоў з той хуткасцю, з якой можна зашнураваць бот. Андрон з Мыколам, выглядае, правялі ў гэтым месцы дастаткова часу, каб навучыцца выжываць пры тутэйшых “традыцыях”: у кожнай руцэ яны трымалі па мажным скрутку з запраўленага тушонкай лаваша. Гледзячы на мой роспачны твар, Андрон ткнуў Мыколу локцем, і яны перадалі па адным сувоі мне.

Я жэр іх, не кожны раз трапляючы скруткам у рот, бо гайданне нашага карабля зрабілася невыносным. Тут грымнуў баян, гэта была мелодыя без словаў, хутчэй сумная, чым танцавальная, яна цурчэла, як вадзіца ручая па разагрэтых летам камянях. Усе павярнулі галовы да нявесты, тая моўчкі сцягнула з галавы фату, паклала бялюткую тканіну перад сабой на заліты брагай і закіданы крошкамі стол. Пасля — паправіла валасы, паднялася і павольнымі крокамі рушыла да дальніх прачыненых дзвярэй ля драўлянай лесвіцы. Зайшоўшы ў пакой, цемра якога на секунду абазначылася бялявым ложкам, нявеста пакінула дзверы прачыненымі.

Баян працягваў наярваць, калі з-за стала падняўся Андрон, выцер рот рукавом і, крыху пагойдваючыся, патупаў у бок таго пакоя. Сэнс гэтай сцэны не даходзіў да мяне нават на моцна п’яную галаву. Пры дзвярах Андрон павярнуўся і зірнуў на мяне. Чамусьці менавіта на мяне. У ягоных вачах я адзначыў разгубленасць і роспач. Дзверы за ім зачыніліся, Тамада кінуў граць, усе разлілі па новай без усялякіх тостаў, і хутка ніхто ўжо не прыгадваў, што вяселле засталося без віноўніцы. Я выпіў яшчэ два разы, выпіў таму, што налівалі. Засцерагальныя сірэны ў галаве, якія звычайна бароняць ад відавочнага глупства, пад уздзеяннем крупніку перасталі працаваць.

Калі Тамада зайграў у другі раз, Андрон ужо сядзеў пры стале, чамусьці апрануты не ў сваю вопратку, а захінуты ў бялюткую прасціну. Я падумаў, што ён можа парыўся зноўку, а з таго пакоя, у які выходзіла нявеста, ёсць праход да лазні. Таму не стаў звяртаць ўвагі. Зараз пад цурчанне хуценькай мінорнай мелодыі ўзняўся Мыкола, зірнуў спадылба на жаніха, які ўпаў тварам на рукі і спаў. Потым Мыкола развярнуўся спінай да стала, згорбіўся і неяк паспешліва пабег да покойчыка, дзверкі ў які паспелі прачыніцца. Пасля быў правал, я выходзіў падыхаць на вуліцу і вярнуўся, заўважыўшы, што далоні мае ліпкія ад чагосьці, падобнага да ванітаў. То, мабыць, мяне знудзіла. Піць я адмаўляўся, у галаве стала паціху праясняцца, шторм змяніўся малаткамі, якія білі проста ў патыліцу. Мыкола зноў сядзеў на сваім месцы, таксама ў прасціне. Ён засяроджана піў, асцерагаючыся глядзець па баках.