Выбрать главу

Я думаў злавіць яго позірк, каб сказаць дзякуй за ежу, якой ён падзяліўся са мной, але тут Тамада падняўся. Галоўны Грыбок паправіў баян і зайграў таропкую мелодыю ў трэці раз. Я павярнуў галаву да дзвярэй і заўважыў, як у гэты самы момант нехта акуратненька прачыніў іх знутры. Жаніх прачнуўся і глядзеў на мяне без усялякага выразу на твары — ягоная свядомасць была выключаная, цела пагойдвалася ў такт пульсу. Я адчуў, што кожнае вока за гэтым сталом вытарышчылася на мяне. Мужчыны глядзелі ў пахмурным чаканні, жанчыны — хто гарэзліва пасміхаўся, хто заахвочвальна ківаў галавой у бок патаемных дзвярэй.

— Давай! Ідзі ўжо! Ну! — казалі мне суседзі рознай ступені п’янасці, і Андрон з Мыколам, у вачах якіх я думаў знайсці хаця б якое тлумачэнне, глядзелі хто куды, абы не на мяне.

Грыбкі ўжо цягнулі за рукавы — нямоцна штурхаючы, мяне паставілі на ногі і сталі далікатна скіроўваць да дзвярэй. П’яны дзядзечка ў цыраваным камуфляжы гасцінна расчыніў іх шырэй перад маім носам, і там, у прыцемках, я, халаднеючы, хутчэй разабраў, чым пабачыў — бялюткія ногі, заружавелыя клубы, скамечаная коўдра, адвернуты да столі абыякавы твар з некранутай пацалункамі памадай на вуснах.

— Што? Тут? Адбываецца? — пралепятаў я. — Давай! Ну! Яна чакае!

Тыя, хто не піхаў мяне ў спіну, уважліва глядзелі. Усмешак зрабілася болей. Мая рэакцыя іх весяліла.

— Што ты, як цэлка! Што, бабу ніколі не бачыў? Заходзь, яна чакае!

Я спыніўся, азірнуўся, паматляў галавой, як бы збіваючы насланнё, і пачаў павольна адступаць назад, спінай, не абарочваючыся, не ў змозе адвесці позірк ад дзявочых цыцак, ад падфарбаваных ружовым лакам пазногцяў, што прыціскалі да міжножжа вільготную прасціну, ад танюткай шыі, ад аголенага пляча, на якім прагная зяпа пакінула добра бачную барвовую пячатку засмока.

— Давай, не катуй ты дзеўку! Ёй жа сорамна! Ідзі і дзверы прычыні! — загадала жанчына, што напачатку вечара сядзела поруч з нявестай. Магчыма, яе маці. А рукі працягвалі падпіхваць мяне ў цемру, супрацьстаяць майму адыходу, не пускаць мяне за стол. — Не! Не! Не! Вы што?! — выкрыкнуў я, абтрасаючы з сябе ўчэпістыя рукі.

І тут пачуўся спакойны голас Тамады. Ён казаў не гучна, але тлум імгненна прыцішыўся, усе ўслухоўваліся ў словы галоўнага:

— Насамоны паўсталі там, дзе раней была гурковая ферма. Восем сямей. Дзядзькі і цёткі. Усе Грыбкі. Мы — родныя паміж сабой. То зараз мусім запрашаць гасцей. Генетыка. — Вы здурнелі? — з мяне зляцелі рэшткі хмелю, я стаяў пасярод пакою ды крычаў. — Вы крануліся тут усе? — Гэта рытуал, — голас Тамады набраў моц, галовы Грыбкоў згодна заківалі.

Я зноўку пачаў матляць галавой — мімаволі, адрынаючы тое, што бачыў і чуў, не даючы гэтаму веры.

— Ніхто яшчэ не адмаўляўся, — крычалі шчарбатыя раты. — Грэбуеш, падла? — Імпатэнт, можа? — з падазрэннем дапусціла бабулька. — Ды ў яго стаяк! Што, не бачыш? — залатазуба ўсміхнулася жанчына побач з ёй. — Ён яшчэ і табой, глядзі, зацікавіцца! Пасля нявесты! — Панясеш, Грыбчыха, на сёмым дзясятку! — Дык не ламайся! Давай за справу! — Можа, ён толькі з сабачкамі!

Галасы рэзка абарваліся, калі зноўку загаварыў Тамада:

— Нязгода з рытуалам — смяротная абраза, — ён зрабіў паўзу, даючы мне шанец нешта адказаць, але я прыгаломшана маўчаў. І Тамада працягнуў: — Таму, хто абражае нашы традыцыі і зневажае нашых жэншчын — не места ў Насамонах, — зараз голас Тамады гучаў нейтральна, як судовы вырак. — Дайце хаця б заночыць! — папрасіў я. — Я заплаціў за адно сненне. — Ганьба! — закрычалі госці. — Гэць падлюку! — Не захацеў у ложак з гарачай дзеўкай — хай ваўкі цябе ў тумане грэюць! — Хаця б прадайце харчу! — гэтага я мог бы і не пытаць, адказ быў прадказальным. — Лёд табе харч! А снег на дэсерт! — Каціся адсюль! — Хаця б пакажыце, у якім кірунку Горад Святла! — цікавей за ўсё было глядзець на рэакцыю Андрона ды Мыколы. Яны адвярнулі галовы да сценкі ды рабілі выгляд, што занадта п’яныя, каб спачуваць. — Мы даем пяць хвілін на збор рэчаў, — пасля чарговай паўзы вырачыў Тамада.