Выбрать главу

І такое было нормай у мінулым. Прыгадалася і слоўца: вецер. Гэта называлася: “вецер”. Нехалодны ветрык дзьмуў паўз дарогу, авяваючы нас з Гердай. Дзявулька ўзняла нос, прыплюшчыла вочкі, разявіла пашчу і дазволіла гэтаму прыроднаму фену гуляць у поўсці. Гэта было прыемнае адчуванне, дзіва, што ў тым, папярэднім, свеце, мы настолькі прызвычаіліся да яго, што і не звярталі ўвагу.

Я ішоў і млява раздумваў, што азначае вяртанне ветру. І ці прыйшоў вецер у Грушаўку таксама, ці толькі я знайшоў месца, дзе ён ёсць — гэтаксама, як раней я уваходзіў у вобласць туману, якая неўзабаве скончылася. І, калі вецер ёсць толькі тут, дык дзе ён пачынае ды дзе завяршае свой побег? Ці, можа, кружляе па усёй Зямлі і вяртаецца роўна да гэтага месца? А калі ён раптам пачаў дзьмуць па ўсім свеце — дык ці не азначае гэта, што Зямля ажывае, і неўзабаве трэба чакаць узыходу сонца? Кожны крок, зроблены мною, ставіў новае пытанне і прыводзіў да новых думак.

Я глядзеў проста перад сабой, і калі апусціў галаву долу, ледзь не падскочыў: ля маіх ног вілася нейкая чорная дрэнь. Памерам з Герду, яна рухалася, прыціснутая да асфальту, абсалютна бязгучна: ні сапення, ні крокаў. Чорная пляма паўзла з маёй хуткасцю. Я паспеў здзівіцца, што мая нервовая дзявулька не ўзняла лямант ад сутыкнення з нязведаным зверам, калі заўважыў, што падобная чорная трасца прыляпілася і да лапаў псюлі, толькі рухаецца інакш — рывочкамі, з падскокамі. Я не паверыў вачам, і, пачынаючы разумець, задраў галаву дагары. Тое, што я пабачыў у небе, растлумачыла незразумелых істот.

Над намі ззяў раскошны, ярчэзны, нібы толькі што абцёрты сняжком ды высушаны ручніком туману, маладзік. Першая квадра, на мяжы неасветленай часткі бачныя плямкі кратараў. Вось што падсвятляла спод грушаўскіх аблокаў, не даючы Рэйтану спакою. Месяц сядзеў роўна там, дзе быў заўсёды, выглядаў абсалютна ардынарна, і сваім будзённым выглядам адрынаў магчымасць свету, дзе бензінам гасілі вогнішчы, а батарэйкамі плацілі за ежу. Калі Месяц там, значыць недзе і сонца. Бо менавіта ягонае святло і толькі яно можа вымалёўваць гэты светлавы сярпок на абліччы суседняга нябеснага цела. А калі Сонца і Месяц нікуды не зніклі, значыць, Зямля мусіць быць круглай, а Сусвет бясконцым. Значыць, усяму будзе тлумачэнне. Нармальнае, лагічнае тлумачэнне, далёкае ад фантазіяў, апублікаваных у газетах.

Маладзік з’явіўся з-пад пледа нізкіх аблокаў, які надзейна ахутваў геаграфію неба за маёй спінай: Грушаўка, Гара, ферма не маглі пабачыць цуду, сведкам якога стаўся я. Але наперадзе над зямлёй быў аголены космас: там зіхацелі зыркія зорачкі, сярод якіх вылучалася адна, што месцілася куды бліжэй і давала куды ярчэйшыя смарагдава-фіялетавыя промні. З гэтай адлегласці падавалася, што незвычайная крыніца святла лунае проста ў нябёсах, што, можа, гэта падае сігналы зямлянам завіслы ў стратасферы касмічны карабель.

Я заўважыў, што Герда таксама ўтаропілася ў неба, як і я, радавалася маладзіку і глядзела ў далёкія россыпы зіхоткіх дыяментаў. Натхнёныя зорамі, авеяныя ветрыкам, з адбіткамі Месяца ў зрэнках, мы імкнуліся да небакраю, нібы персанажы якой-небудзь дрэннай нямецкай паэмы, калі з цемры ля ўзбочыны выпаўзла чорнае пудзіла на дзвюх распорках. Я запаліў налобнік: гэта быў патрэсканы ліст шыферу, пастаўлены замест зніклага дарожнага знака з каштоўнай нержавейкі. Белым балончыкам мастака, дэбют якога я ўжо назіраў на надмагільным помніку ля фермы, было выведзена:

“Горад Святла — налева Горад Парыж — направа Паўднёвыя пусткі — наўпрост У Парыжы не быў, пра Горад Святла чуў, у пустках ледзь не зарэзалі”

Выключыўшы ліхтар, я заўважыў над пагоркам добра бачны гіганцкі знак “Мерседэса”, пазбаўлены кола, у які ён упісаны ў арыгінале. Так працуе памяць: пабачыўшы тыя тры лопасці, я спачатку прыгадаў лагатып машыны старога свету, і толькі потым усвядоміў, што гэта штосьці пабачанае мной на шахцёравай мапе. Жадання даставаць паперчыну не было, ды і патрэбы таксама. Я і так памятаў, што трохкутнай зоркай быў адзначаны паварот на Горад Святла. Зрабіўшы некалькі крокаў, я заўважыў, што белая трохпромневая штуковіна рухаецца. Велічэзная канструкцыя круціцца вакол сваёй восі, вельмі павольна і важка, і праз гэты гіпнатычны характар яе руху адразу прыгадаліся ветракі. Тое, што я пабачыў унізе, было надзвычайна нават для такога багатага на цуды шпацыру, які здарыўся пасля нашага выхаду з Насамонаў.

Пад вежай ветрагенератара разлеглася бедна падсветленая сапраўдным электрычным святлом аўтазапраўка з вялікай крамай пры ёй. Энергіі ад ледзь рухомых лопасцяў хапіла, каб забяспечыць бляклым святлом неонавую шыльду са словамі “Белнафтах…м”. Набытк… ў дарогу”. Са зніклых літар “І” нехта сканструяваў неонавы крыж, які прыладзіў над уваходам. Крыж, што праўда, зіхацеў няроўна, адна папярэчына мільгала, другая ззяла толькі напалову.