Выбрать главу

— Бог вам у сэрца. Я — маці Таццяна, — запоўніла яна шматкроп’е. — Маці каго? — найменне было незразумелае, і таму я крыху па-ідыёцку зрэагаваў. Гердачка тым часам клацала кіпцюрыкамі ў аддзеле вопраткі, зацікаўлена абнюхваючы рыбацкія курткі і гумовыя боты. Мая суразмоўніца чула скокі, але сабачку не бачыла. — Маці Таццяна, — мякка паправіла мяне гаспадыня, пільна ўглядаючыся ў шэрагі куртак і вежы мехавых шапак. — Вельмі прыемна! Я — Кнігар! Іду з Грушаўкі на поўдзень.

За Маці Таццянай была бачная галерэя фаўст-патронаў з цёмнага шкла. Яны былі закаркаваныя саматужна: выплаўленай на агні пластмасай. На найбліжэйшых да мяне бутэльках можна было пабачыць амаль аднолькавыя намаляваныя ад рукі этыкеткі. “Чарнілы “Валерыя Восені” 5 цнк за 0,75”, — паведамляла таблічка з цэннікам. Крама пры запраўцы была месцам настолькі цывілізаваным, што тут нават навучыліся брэндаваць брагу.

— Пашчасціла вам з электрычнасцю, — шчыра сказаў я, азіраючыся вакол. — Бог даў нам вятрак, — яна знайшла сваю версію слова “пашчасціла”. — І вецер, які рухае вятрак. І буйны аптовы склад, на маразільнікі якога хапіла энергіі. Паўсюды пануе ціша, а наш генератар не спыняецца. Гэта Божы цуд! — яе вочы зрабіліся яшчэ дабрэйшымі. — Добра, што вас не разрабавалі, — я даволі даўно ўжо не бачыў рэлігійных людзей і таму не ведаў, як паводзіцца, у які дакладна момант пачынаць жагнацца. — Гэта сіла нашай веры, — запэўніла маці Таццяна. — І зусім крышачку аўтарытэт братэрства “Аўтаз”. Яны сочаць, каб Божаму цуду не заміналі. Усе рабаўнікі ў пусташах ведаюць, што браты з намі, то стараюцца нам дапамагаць у імя славы Гасподняй.

Тут з-за адзежы дзелавіта паказалася Гердачка. Вочы гаспадыні запраўкі зрабіліся яшчэ цяплейшымі.

— Як завуць вашага сябра? — запыталася яна. — Гэта — Герда. Мая сабуля. — Нехта здолеў яго параніць? — крышачку незразумела паставіла пытанне маці Таццяна. — Герда трапіла ў пастку. Нейкі гад выставіў у хаце пастку. А мы зайшлі пераночыць. Вось Гердачка і траўмавалася. — Вельмі прыкра, — жанчына пахістала галавой. Яе вочы выпраменьвалі любоў. — І што, у параненым стане ён не можа перакінуцца? — У сэнсе? — яна размаўляла нейкімі загадкамі. — Пакуль на ягонай лапе рана, ён не можа зрабіцца чалавекам. Такім, як вы? Гэты ваш сябар, — яна сцвярджала, а не пыталася. Я быў пачаў сумнявацца, ці Герду мае на ўвазе гаспадыня. — Гэта — мая псюля. З якой я жыў і да Зацямнення. Яе завуць Герда. Самы звычайны сабачка, стараваты, праўда.

Я спалохаўся, што сівая жонка абразіцца ўзгадкай узросту. Складана іх зразумець, гэтых рэлігійных. Але яна выглядала зачараванаю нашай кампаніяй. Не змяняючы выразу на твары, маці Таццяна рассунула мехавыя адвароты свайго кабату, агаляючы вялікі залаты крыж. Зрабіўшы гэта, яна пільна паглядзела на мяне. Мне нават падалося, што яна чакала, што я завойкаю ды задымлюся.

—А што вы вось зараз мелі на ўвазе? — запытаў я, праганяючы павіслую ў паветры нязручнасць. Тая ўзняла бровы, ці то не разумеючы, ці то робячы выгляд, што не разумее. — Мне проста падалося, што вы на мяне гэты крыж агалялі.

Маці Таццяна фыркнула са складаным выразам на твары, які можна было зразумець і як расчараванне маёй праніклівасцю, праяву незадаволенасці тым, што крыж не спрацаваў, так і знак таго, што яна — нармальная верніца, таму глупствамі ў стылістыцы нуар-фільмаў пра вампіраў ніколі не займалася.

— Проста што я хацеў бы сказаць, маці Таццяна, — засакатаў я, бо нязручнасць зрабілася невыноснай. — Я — звычайны чалавек. Іду з Грушаўкі. Тыпу бежанец. А гэта — мая сабулька. І яна не перакідваецца нікуды. Яна не робат-трансформер. То бок, можа быць і перакідваецца, пакуль я сплю, але, прачнуўшыся, я ніколі не бачыў яе ў выглядзе, адрозным ад яго існага. Хаця, можа, і парадаваўся б, каб яна была прыгожай дзяўчынай. Не ў тым сэнсе, што я гатовы кахацца з чатырохногімі, але прыгожая дзяўчына — прыемны суразмоўца, а прыгажосць, гэта… Гэта… — я спрабаваў жартаваць, але твар маці Таццяны быццам застыў, не ўсміхаючыся. — Я зразумела, што вы хочаце сказаць, Чараўнік, — паведаміла яна, абдаўшы цеплынёй са сваіх зрэнак. — Чаму Чараўнік? — канчаткова ўстаў я ў тупік. — Вы ж самі сказалі, што вы — Кніжнік. Кніжніцтва, знахарства — я пра ўсё гэта ведаю. Мне пра гэта ўсё сказаў Бог у Святым Пісанні. — Я не Кніжнік. Я — кнігар. Накшталт бібліятэкара быў у Грушаўцы. — І потым вас людзі прагналі, — дапамагла яна, ветліва падаўшыся наперад. — Не людзі прагналі. Сам пайшоў. А зараз там ужо і рабаўладанне. Карацей, вельмі складана ўсё каротка растлумачыць.

Размова перарвалася. Гаспадыня проста глядзела на мяне з мацярынскай любоўю, а я не мог падабраць словы, каб растлумачыць ёй, што мы — людзі. Адчаяўшыся знайсці аптымальны разварот нашай гутаркі, я перайшоў да справы.