— Мне сказалі, што ў вас ёсць медыкаменты. Што могуць адшукацца нават антыбіётыкі. — Вас не падманулі, — яна з гонарам усміхнулася. — У нас найлепшая аптэка сярод пустак. Дзякуючы электрычнасці, мы захавалі ўсё тое, што мусіла даўно сапсавацца. У нас ёсць усе групы антыбіётыкаў, якія могуць спатрэбіцца, адно што цэны, на жаль, нізкімі не назавеш. — І вось, вяртаючыся да маёй сабулі, ёй, як вы бачыце, патрэбна тэрміновая дапамога. То не маглі б вы прадаць нам якіх эфектыўных лекаў? У яе запаленне, я баюся, каб не перайшло ў сепсіс. Ну, і я б яшчэ ежы ўзяў. І, — тут я бездапаможна ўсміхнуўся, — жэтон для эспрэса. — Канечне! — Маці Таццяна горача заківала галавой. — Канечне, дапамагаць людзям і хатнім жывёлам, пазбаўляць іх ад пакутаў, лекаваць іх хваробы ды зажыўляць іх раны — наш абавязак! Але! — яна паглядзела мне ў вочы, і я проста жыватом адчуў, што перада мной — выключна добры чалавек, які знаходзіцца на баку святла. — Але нічога на маёй запраўцы і ніколі — прынамсі пакуль я жывая — не будзе прададзена Чараўніку ды параненаму неўру. — Дзе вы пабачылі неўра? — нервова ўскрыкнуў я. — Ваш сябар — неўр, — канстатавала яна. — І вы — таксама. Неўр Знахар. Гэты — перакідаецца ў чорнага ваўка. Нейкі дабрадзей з Божай дапамогай здолеў параніць яго, хаця звычайна неўры ў ваўчыным выглядзе непаражальныя. І хутка ён здохне, ён ужо ледзь ходзіць. — Вы. Вы… — у мяне нават сеў голас ад крыўды. — Вы нават не ўяўляеце, як вы памыляецеся! Гэта — сабака. Не неўр. І не чорны воўк. Мы жылі ў кватэры на Грушаўцы, дзе я зарабляў здачай кніг у арэнду. У мяне ёсць адмацавальная грамата за подпісам Бурмістра, з пячаткай! — раптам прыгадаў я. Канечне, з майго боку назваць гэты зневажальны дакумент так, было відавочным перабольшаннем. Але патанаючы, ухопішся і за паперу з “дурнем”. — Якая мне карысць ад граматаў, якія вырабляе нячысты? Ад пячатак ягоных і круцельскіх словаў ягоных? — маці Таццяна паціснула плячыма, як бы здзіўляючыся, за якую дуру я — Сатана — яе прымаю.
Трэба сказаць, добра, што Гердачка з нашых словаў не разумела нічога. Паколькі гаспадыня казала спакойна, знешне гэта выглядала як ветлівая размова двух прыязных людзей. Пакуль я падбіраў іншыя аргументы, маці Таццяна, крыху падвысіўшы голас, выракла:
— Набліжаецца час малітвы. І таму я хацела б прасіць вас пакінуць тэрыторыю гэтай крамы.
На спробы залагодзіць гэтую цёцю ў мяне засталіся нават не хвіліны — секунды.
— Чакайце! Чакайце! — я ўскінуў руку і зноўку адчуў на сабе погляд гэтых добрых шэрых вачэй, якія патаналі ў ветлівых зморшчынках. — Чакайце! Вы — цудоўны чалавек, я гэта бачу! Але вы ў сваім разуменні рэальнасці крышачку памыліліся! І давайце згадаем пра Бога! Хіба ён не вучыць вас дабрыні? І літасці? — Канечне! — узрадавана падтрымала жанчына. — Любові да ўсіх стварэнняў Ягоных!
З той паўзы, якая пайшла за гэтым, я зразумеў, што канечне — неўры і знахары да Боскіх дзяцей не адносяцца. Прастора для манеўраў скарачалася.
— Але ж ён добры! Ваш Бог! А вы зараз робіце зло! — Ён — добры і ўславіцца тым назаўсёды! — калі яна пачала разважаць пра Бога, прамяні любові з яе аблічча перайшлі з бліжняга святла на дальняе. — Але Бог бывае не толькі добрым, але і жорсткім, і разбуральным Бог бывае. Ён не толькі лашчыць, не толькі літасцівы, але і выпрабоўвае, і карае, і помсціць. — Бог, які помсціць? — зразумеўшы, што з чалавекам на дальнім святле немагчыма весці гутарку, я аўтаматычна перапытаў, каб лепей разумець, вера ў што дакладна прывяла да нашага выгнання. — І помсціць, і карае, і выпрабоўвае. — Навошта Богу выпрабоўваць? — з сумневам працадзіў я. — Ён што, інструктар па выжыванні? — У Ёвы з зямлі Уц было сем сыноў і тры дачкі, і быў ён самы заможны з усіх сыноў Усходу. І сказаў Сатана Богу, што Ёва праведны толькі праз шчасце зямное. І забралі тады ў Ёвы ўсе грошы, і загінулі ўсе ягоныя дзеці, але Ёва працягваў услаўляць Бога. І захварэў Ёва страшнай праказай, і быў прагнаны з горада, і сядзеў там у попеле ды гноі, саскрабаючы струпы са свайго цела чарапком, і ўсё роўна ўсхваляў Бога. І звярнулася да Ёвы жонка, і заклікала яна аблаяць Бога, і сказаў ёй Ёва: няўжо добрае мы будзем прымаць ад Бога, а дрэннага не будзем прымаць? І выйшаў тады Гасподзь з буры да яго, і ўзнагародзіў за цярплівасць і адданасць, і нарадзілася ў яго зноў сем сыноў і тры дачкі. І разбагацеў ён удвая ў параўнанні з былым, а Нячысцік пацярпеў паразу.
Я хацеў зазначыць, што Бог, які ў заклад з Сатаной дазваляе забіць дзесяць чалавек, — не той Гасподзь, якому я б маліўся. Але я вырашыў праглынуць рэпліку — гэта яшчэ болей умацавала б яе ў перакананні, што мы — д’яблавы стварэнні. Я моўчкі скінуў з пляча вінтоўку, узвёў куркі ды прыўзняў рулю. Зброя цэліла не ў жанчыну, я наставіў яе на тэракотавую армію пляшак з чарнілам. Тыкаць стрэльбай у бяззбройнага чалавека я не ўмеў і вучыцца гэтаму не збіраўся. Страляць не жадаў нават для дэманстрацыі сур’ёзнасці сваіх намераў. Але нам з Гердай дужа патрэбныя былі антыбіётыкі.