Выбрать главу

Маці Таццяна сустрэла ўзнятыя рулі яшчэ адной блаславёнай усмешкай. Адчувалася, што калі да гэтага моманту яна і рабіла высілкі, каб трымацца ў рэчышчы сваёй дзівацкай карціны свету, цяпер яе выбар падмацаваўся жэстам агрэсіі, на які добры чалавек ніколі бы не наважыўся.

Гаспадыня выйшла з-за прылаўка, падышла ўсутыч да мяне, узяла рыла дубальтоўкі ў кулак ды ўціснула сабе ў грудзіну, ссунуўшы залаты крыж.

— Давай, Нячысты! Страляй! Я даўно не была на споведзі, бо на зямлі не засталося ніводнага святара, які б яе мог прыняць. Але пакутніцкая смерць даруе ўсе грахі! Страляй, ну! А потым паспрабуй сам знайсці на нашых складах тэтрацыклін і цэфураксім! Тут табе пекла ў дапамогу!

Адступіў на крок і апусціў рулю. Я прайграў гэты бой. Безнадзейным усё зрабілася пасля таго, як я схапіўся за дубальтоўку. Пра што я думаў? Спрабаваў напалохаць? Тую, хто верыць у пекла? І, што самае крыўднае, мае намеры былі незласлівымі. Я шчыраваў не для сябе. Але, як я раптам зразумеў, зло ніколі не дапамагае зрабіць добрую справу. Ніколі.

Чаму, сыходзячы з запраўкі, я не захапіў пару пляшак тушонкі ці хаця б якую салаку ў тамаце? Таму, што прадаць мне прыпасы яна адмовілася. Адбіраць жа сілком было несправядліва — ці акурат не тое ж слова я скарыстаў, каб растлумачыць Цару Гары, чаму не аддам Герду? Калі заклікаць да справядлівасці ў час, як крыўдзяць цябе, і рабіць несправядлівасць, калі нешта патрэбна табе, вартасць гэтага панятку растане ў тваёй галаве настолькі, што наступным разам ты пасаромеешся да яго апеляваць. І хто ведае, што ў цябе адбяруць тады?

Адышоўшы ад ветрака на адлегласць, якая цалкам выключала ідэю туды вярнуцца, я запаліў налобнік і дастаў мапу. Паперчына падказвала, што дарога на Горад Святла справа ад знака “Мерседэса”. Я ж, паверыўшы ўказальніку, пайшоў налева. Мой бацька арыентаваўся ў картах добра, яму дастаткова было кінуць хуткі позірк на атлас аўтамабільных дарог з пальчатніцы нашай машыны, каб зразумець, у які бок выкручваць з Налібок на Стоўбцы. Наша генерацыя спасцігала прастору ўжо метадам дотыку да экранаў GPS-навігатараў. Давялося напружыцца, каб зразумець, што, калі па папяровай мапе ідзеш уніз, твае напрамкі пераварочваюцца.

Калі дзявулька першы раз прысела, я падумаў, што яна проста хоча адпачыць. Я расшпіліў заплечнік, дастаў ейны харч, але яна млява адвярнула пысу. Гердачка хутка дыхала, яе вочы блішчэлі. Я пагладзіў яе па ўзвушшы і прамовіў з педагагічнай інтанацыяй:

— Даражэнькая, калі не будзеш лопаць каціны корм, больш застанецца коцікам. Яны будуць жэрці яго, іхняя поўсць будзе рабіцца болей і болей бліскучай, і аднойчы яны прыйдуць, белыя пухнатыя камячкі пяшчоты, і замуркочуць нас з табой да смерці.

Але сэрца Герды, звычайна чуллівае да ўсяго, што тычыцца знявагі котападобных, не адклікнулася на спробу распальвання міжвідавой варажнечы. Яна глядзела гэтымі сваімі вільготнымі вачыма і як быццам казала: і хай сабе. Я дарую ім усё! Я зноўку пагладзіў яе, і Герда зняможана прылягла жыватом на асфальт. Так, я ўвесь гэты час бачыў, што ёй пагана. Я бачыў, але заплюшчваў вочы на гэта.

Пагладзіўшы яе, даў ёй напіцца цёплай вадзічкі з тэрмасу. Пасядзеў побач, адпачываючы сам. Калі я падхапіўся і паспрабаваў падняць за ашыйнік Герду, яна заскуголіла. Я адмаўляўся верыць, што далей нам не прасунуцца. Мы сядзелі пад зорамі пасярод поля. Ні хаціны, ні адрыны, ні агеньчыка навокал. Для начлегу неабходнае было цёплае месца з ложкам, складзенага не з галінаў і прэлага лісця. Месца, дзе я мог бы перавязаць Гердзіну лапу і прыдумаць, што рабіць далей.

— Гердачка, нам трэба ісці. Да найбліжэйшага жытла, якім бядацкім яно б ні было. Мы не можам сёння ночыць у лесе, — звярнуўся я да яе.

Сабулька гераічна ўзнялася, зрабіла колькі крокаў, спачатку падскокваючы, потым — падвалакаючы лангету. Ды зноўку звалілася, хутка дыхаючы і ўмольна гледзячы на мяне. Я прысеў побач, адной рукой стаў гладзіць яе па баку, другую запусціў пад сваю шапку, накруціў валасы на пальцы, сціснуў пасму ў кулак ды ірвануў так, што на вачах выступіла вільгаць. Далейшы рух быў паралізаваны. Раскручваць павязку тут, сярод бруднага снегу ды талай вады, было б дурасцю. Месца, дзе можна было б гэта зрабіць у адносна спрыяльных умовах у дасягальнасць зроку не трапляла. І ў момант, калі я збіраўся завыць ад роспачы, ззаду пачуўся грукат капыт.