Выбрать главу

Так, гэта было неабачліва, але я запаліў налобнік і выйшаў на сярэдзіну гасцінца, маючы намер спыніць вершнікаў любой цаной. У галаве заварушылася ваганне, ці не зняць з пляча дубальтоўку і ці не сустрэць коней са зброяй у руках, бо гэта паскорыць камунікацыю. Але пасля здарэння на запраўцы штосьці ўкалола перасцярогай. Не варта кранаць стрэльбу, калі не гатовы з яе страляць. Прылада забойства не дапамагае размаўляць. Гэты ручаёк думак захаваў мне жыццё. Бо, калі б я цэліў у абоз, мяне б завалілі, не збаўляючы хуткасці.

Неўзабаве па гуках я разабраў, што коні ідуць галопам, што іх чатыры, а пабачыўшы ў месяцовым святле чорную пляму, што імкліва неслася мне насустрач, зразумеў, што чэшуць не вершнікі, а дзіўнаваты тарантас.

— Стойце! Спыніцеся! — залямантаваў я. — Прэч! Страляцьмем! — крыкнулі мне ў адказ. Я пабачыў рулю “Калашнікава”, скіраваную мне ў лоб. Другі голас крыкнуў: — Зважай, ён бяспечны! Стрэльба за спінай!

Павозка пранеслася міма, рэзка ўзяла ўправа і спынілася. Скінуўшы са спіны заплечнік і дубальтоўку, я з узнятымі дагары рукамі рушыў да карэты. Тарантас быў зроблены задняй часткай антыкварнага “Гольфа”. Капот з рухавіком, пярэдняя вось з трансмісіяй, сядзенні былі акуратна знятыя з кузава. Ад машыны застаўся толькі кумпяк з задняй воссю, крэсламі ды багажнікам. Калісьці гэты “Гольф” быў двухдзверным, што дазволіла прыварыць да металу пад пасажырскімі вокнамі раму, на якую чапляліся аглоблі. Канструкцыя выглядала зухавата, але надзейна. Хай сабе пад вагой сядзельцаў, яна прасела на амартызатарах амаль да зямлі.

Наперадзе адфырквалася чацвярня коней. Пуга фурмана тырчала побач з пасажырамі на канапе над задняй воссю.

— Вырубі святло! — загадалі з салона і, як толькі я падпарадкаваўся, заляпілі мне ў твар адразу двума светлавымі струменямі. — Гэта ж Кніжнік! — кракнуў з салону хрыплаваты галасок, які падаўся мне дужа знаёмым. — Падобны, — з сумневам адказаў яму другі, маладзейшы і суровейшы. — Што, Кніжнік, мусіў-такі ў скіфы падацца? — з незласлівым здзекам запытаў першы.

У арбе запаліўся дыёдны ліхтар. Ён раскінуў плямы мёртвага бялюткага ззяння па тварах ды адзенні самай дзіўнай кампаніі, якую толькі можна было сустрэць пасярод поля на мяжы паўднёвых пустак, на шляху да Горада Святла. Пасярэдзіне, заціснуты ды скурчаны, сядзеў Бурмістр. Ягоны твар змяніўся з той пары, калі мы бачыліся. Тады ён нагадваў выяву неапазнанага князька з медзяка дзяржавы Ганзейскага саюза. Цяпер аблічча больш нагадвала старызніка, які прыгандлёўвае медзякамі эпохі Ганзейскага саюза на флюмаркеце вестфальскай вёсачкі. Ці нават да аптавіка, які пастаўляе старызніку адціснутыя на найбліжэйшым шроце ды штучна акісленыя мядзяныя манеты для падману турыстаў. Веліч, якой і не было зашмат на гэтым твары, канчаткова развіталася з Бурмістрам. Цяпер я глядзеў у твар камічнага акцёра, які спрабуе сябе ў драматычным амплуа. За Бурмістрам сядзела жанчына, а бліжэй да мяне, з пугай фурмана і “Калашнікавым” — Манька. На ягоным твары было некалькі свежых кровападцёкаў.

— Якія людзі! — я шырока ўсміхнуўся і апусціў рукі, пабачыўшы, што Манька схаваў аўтамат за спіну. — А я прачытаў, што вы ў турме!

Зрабіўшы крок да машыны, я заўважыў, што крышка багажніка ўзнятая, падпертая бліскучымі цыліндрыкамі, якіх было напхана ў кумпяк “Гальфа” вельмі шмат. Выглядала, карэта прасела не толькі праз пасажыраў, але і праз важкі груз. Плямка ліхтара лягла таксама на клятчастую торбу, якая мне падалася вельмі знаёмай.

— Пераварот у нас здарыўся, — прыніжана ўсміхнуўся Бурмістр. — Я думаў, што ўсе людзі за мяне. А яны, аказваецца, увесь гэты час хацелі не дэмакратыі, а моцнай рукі.

Ён кінуў хуткі позірк сабе за спіну, туды, дзе над багажнікам блішчэў нагружаны цынк.

— У людзей ніхто не пытаў. Была дэмакратыя — хацелі дэмакратыю. Настала дыктатура — хочуць дыктатуру, — растлумачыў сваё бачанне падзеяў Манька. — У каго зброя, той жаданні народа і вызначае. — Але свабода! Я думаў, яны будуць біцца за свабоду! — бурмістр няўлоўным жэстам падціснуў крышку, але тая ўсё роўна працягвала сядзець коса, дазваляючы пабачыць груз. — Мусім ехаць, — каротка распарадзіўся Манька. — За свабоду б’юцца толькі тыя, хто яе ўсвядоміў, — сказаў я. — Прыгадайце Касандру. Мабыць, замала свабоды было пры вас, пан Бурмістр. Ці гэта толькі называлася так – “свабода”.

Я паглядзеў на вартага жалю старога за шклом, ды пашкадаваў пра свае жорсткія словы. Як асоба ён склаўся яшчэ ў тым свеце. Пасярод хабараў, дзяржплана ды “пяцігодак”. Ён спрабаваў быць лепшым за папярэднікаў. І зрабіў усё, што мог, сваім наменклатурным мозгам. А свабода – гэта не валасы. Яна хутка не вырастае.