Выбрать главу

Бурмістр замест таго каб тлумачыць сваё разуменне свабоды, проста адхіліўся ў бок. І я пабачыў твар жанчыны, і то была зусім не сакратарка Магдалена.

— Гэта вы? — выкрыкнуў я, але Касандра не пажадала зірнуць у мой бок. — Вельмі нам дапамагла, — пахваліў яе Бурмістр. — Па ўласным жаданні зрабілася нявольніцай Намесніка, скрала ключы ад турмы. А ты кажаш: “свабода”.

Я міжволі зыркнуў на цынк у багажніку.

— Трэба ехаць. За намі пагоня, — падганяў грамаду Манька. — Мы як ад фермы выехалі — увесь час нервуе, — рагатнуў Бурмістр. Усё яму нейкія коннікі мрояцца. — Маю да вас заклік. У мяне паранены сабака. Ён не можа крочыць далей. Калі ласка, падкіньце да бліжэйшай вёскі! — я малітоўна склаў далоні ля грудзей.

Яны пераглянуліся. Першым адмоўна пахістаў галавой Манька. Ён нават не стаў нічога тлумачыць. А Бурмістр узняў рукі і маляўніча развёў іх па баках. Інакш гэты жэст не атрымаўся б эфектным — ягоныя локці былі заціснутыя іншымі пасажырамі.

— Ну, ты сам бачыш! — сказаў ён. — Мы ўтрох тут сядзім. Ледзь уціснуліся. Я нават удыхнуць як след не магу. Еду падціснуўшы жывот. Няма месца, хлопча. Проста ну аніяк! — Сабака памрэ! — не стрымаўшыся, крыкнуў я. — Гердзе вельмі блага! Можа, мы хаця б на каня спераду неяк ускараскаемся! — Ды ты што! Без сядла! — завойкаў Бурмістр. — Немагчыма! — Імчым хутка. Каб рыссю яшчэ. А ў нас галоп. Праз тры крокі заб’яцеся, — Манька ўжо прыняў рашэнне і не збіраўся яго пераглядаць. Ён павярнуўся да мяне, і я адзначыў, як змянілася ягонае аблічча. Праз перанесенае выгнанне, ён як быццам падурнеў: бровы ўвесь час былі наверсе, і пабоі толькі падкрэслівалі гэты прасцецкі выраз. — За намі выйшлі. Я чую. Хутка нагоняць. Ты з дарогі збочвай лепш. Ідзі па сцежках. А то і цябе раздзяруць, і сабаку разбяруць.

Касандра нічога не адказала на мой запыт, працягваючы ўзірацца ў цемру. Расшпіленая шубейка, футраны кафтан. Белыя валасы, чорныя бровы. Бедная, бедная Касандра.

— Болей чакаць не можам! Да пабачэння! — ён шчоўкнуў хлыстом у паветры, і коні ірванулі з месца ў алюр.

Я пастаяў пад зіхоткім небам, звыкаючыся з думкай, што дапамогі чакаць больш няма адкуль. Што нават deus ex machina, узняты на сцэну рукой нябачнага рэжысёра, толькі што знік наперадзе, вырашыўшы не дапамагаць мне. Таксама я адзначыў, што калі Манька выпраўляў мяне, бяззбройнага, у пусткі на смерць, ён вырашыў не казаць мне “да пабачэння”. Зараз жа, упэўнены, што на смерць ляціць ужо ён сам, вырашыў кінуць гэтае ветлівае развітанне. Як быццам яно магло прывязаць яго да свету жывых. Як быццам бы яно ад чагосьці наогул аберагала. Я пастаяў ля Герды — яна сапла, лежачы на баку. Калі я крануў яе — адкрыла вока і жаласліва віскнула, паказваючы, што нікуды ісці не здатная. Тады я накінуў заплечнік на спіну, асцярожна падняў сабулю і паклаў яе на плечы, нібы ягня. Потым паспрабаваў узняцца, абапіраючыся на дубальтоўку. Выйшла не адразу.

Герда не была вялікім сабакам. Але важыла роўна тыя дваццаць кілаграм, што, накладзеныя на ўжо нагружаную спіну, рабілі рух наперад фізічна немагчымым. Я збочыў з дарогі і ледзь перастаўляў ногі, цягнучыся па ледзь бачнай у месяцовым святле сцежцы. Але я ўсведамляў, што далёка так не прасунуся. Вага ўціскала мяне ў зямлю, падымаць ногі было складана, нават абапіраючыся на прыклад вінтоўкі. Страшэнна балела спіна і чамусьці калены, якія не вытрымлівалі нагрузкі. Я прысеў на паваленае дрэва адпачыць, адолеўшы менш за кіламетр. Надраў яловых лапін, паклаў сабулю на зялёную падушку. Вады ў тэрмасе заставалася на два глыткі, і я ўліў іх у гарачую Гердзіну пашчу.

Відаць, у чалавека ўсё ж ёсць нейкія не згадныя ў падручніках анатоміі органы пачуццяў, бо, калі я зноў пачуў цокат капытоў па асфальце, штосьці ўтрымала мяне ад таго, каб ажывіць налобнік ды выйсці на дарогу. Замест гэтага я выхапіў стрэльбу ды, хаваючыся паміж хвояў, наблізіўся да прагалаў, адкуль быў бачны асфальт. Асцярожна клацнуў рычажком, пераламаў рулю, пераканаўся, што ў кожны ствол забіта па патроне. Пасля схаваў бялявыя плямы далоняў глыбей у рукавы ды прыхінуў цёмны каўнер да твару. Суцішыўся і пераўтварыўся ў слых: рухалася не павозка, а асобныя коннікі. І іх было шмат — такі цокат магло ствараць цэлае войска.

Першая двойка пранеслася паўз мяне хутчэй, чым я мог паспець разглядзець іх постаці. Яны імчалі наперад, бы чорныя вялізныя птахі, — значна спрытней за гружаную цынкам ды трыма пасажырамі арбу. За імі разыходзілася хваля патрывожанага ляснога паветра, і я ўнюхаў моташлівы смурод. Гэты водар не зблытаеш ані з чым: так смярдзіць толькі мярцвячына. Я ўпершыню адчуў гэты пах, калі прыйшоў на пахаванне тапельца, які за тыдзень да таго быў маім аднакласнікам. Яго знайшлі позна, таму клас не вытрымаў доўга каля труны. Пасля ягоная маці старанна клікала нас на жалобную вячэру і, здурнелая ад гора, абяцала нейкія “калдуны з мясам”, але я яшчэ тры дні мог піць толькі ваду. Зараз гэты пах быў побач, і прынеслі яго гэтыя чарнявыя птахі, што несліся наперад.