За першай двойкай пайшла другая, і тады ў маладзіковых водблісках я выразна разглядзеў іх абрысы. Галовы — у два разы большыя за чалавечыя, вянчаліся вострымі трохкутнымі вушкамі, як у свіней. Абледзянеўшы ад жуды, я ўглядаўся ў наступныя пары вершнікаў, і вока выхоплівала ўсё болей падрабязнасцяў: разяўленыя лычы з частаколам няроўных зубоў, крывыя зморшчаныя пятакі, з некаторых пашчаў высунуліся языкі, што рухаліся ў такт падскокам.
Смярдзючая працэсія ўсё цягнулася: нежывыя ішлі парамі, і было іх некалькі тузінаў. Яны не перамаўляліся і не азіраліся. Не соўгаліся ў сёдлах. На спінах некаторых блішчэлі перакладзіны двухручных мячоў ды рукаяці вялікіх секачоў для разбірання туш. Некалькі галоваў былі звернутыя ўбок і ўніз, як быццам іх часткова адсеклі ад целаў. Гэта выглядала надзвычай непрыемна. Мяркуючы з памераў галоваў, кноразы былі здаравенныя: форма целаў скрадвалася плашчамі, шырокімі накідкамі ды цемрай. Падалося, у некаторых было нешта кшталту чалавечых ног. Бо коні былі азначаныя страмёнамі, у якіх штосьці было прасунутае. Але капыты я не разглядзеў, як ні ўзіраўся.
Можна было б сказаць, што я не ўзняў рулю, не пацэліў ды не стрэліў наўздагон аднаму з свінюкоў праз тое, што ў мяне было толькі два набоі з карцеччу. Толькі тое, што ў патронніках. Апошні прыпас ляжаў у заплечніку. І, нават калі б я пацэліў у аднаго ці двух вершнікаў, за час, які спатрэбіўся б мне, каб дабегчы да плецака, расшпіліць яго, дастаць патроны, зарадзіць ды працягнуць бой, мяне б пакрышылі на шопскую салату. А адразу за мной — яшчэ і ні ў чым не вінаватую Герду. І я б не толькі не дапамог тым, каго пераследавала моташлівая пагоня, але і спрычыніўся б яшчэ да дзвюх смерцяў. Гэта прыгожае, але вельмі ліслівае для мяне тлумачэнне.
Я не пачаў страляць проста таму, што быў страшэнна, да здзервянення, перапалоханы. Мне было млосна — і ад паху, і ад відовішча. Я зніякавеў настолькі, што, нават захацеўшы, не здолеў бы ўзняць стрэльбу ды трымаць яе роўна. Да таго ж, акрамя разважання пра адсутнасць прыпасаў, тут было яшчэ інтуітыўнае пачуццё марнасці страляніны па нежывым. Тое, што памерла, немагчыма забіць — гэта ўжо не логіка, гэта інстынкт. Яны зніклі, і тупат сціх, а я стаяў, прытуліўшыся да хваіны і дыхаў праз раз, ціха-ціха, толькі каб яны не пачулі. Потым адхіліўся ад дрэва, з якім ужо быў зросся, ды, намагаючыся не шумець ламаччам пад нагамі, вярнуўся да Герды. Яна сустрэла мяне трывожна ўзнятай галавой. Сабуля ўзіралася ў цемру вільготнымі ад ліхаманкі вачыма, я пагладзіў яе і супакоіў: “Не бойся, гэта аптавікі павезлі на Горад Святла сапсаваныя каціныя кансервы, якія ты не ясі! Вось і смурод”. Пасядзеўшы крыху і ўпэўніўшыся, што цокату болей не чутно, я зноўку асцярожна ўсклаў сабулю на плечы паверх плецака і пакрочыў, абапіраючыся на ружжо.
Я паспеў заўважыць, што праз даўгія пераходы пад цяжарам на маім паліто пачалі распускацца швы. Падпахамі — там, дзе былі лямкі заплечніка, — з’явіліся дзюрачкі. Я думаў, што трэба знайсці голку з ніткай, ці нават не так: што, дацягнуўшыся да паселішча, варта на гэтую драбязу не забыцца.
І тут наперадзе пачуліся раскаты аўтаматных чэргаў. Над лесам узляталі светлавыя адрэзкі трасераў, асядалі плаўнымі дугамі, паспяваючы згаснуць у паветры да сутыкнення з зямлёй. Гэта нагадвала святочны феерверк у гонар дня народзінаў. Але праз паўхвіліны далятала буханне аўтаматных стрэлаў ды змяінае сакатанне, якое ўтварала куля, разрываючы паветра. І рабілася ясна, што там, наперадзе, не петарды ў неба запускаюць, што там адбываецца нешта адваротнае святу дня нараджэння. Бой цягнуўся з хвіліну. Чэргам “Калашнікава” адказвала моўча. Пасля запанавала мёртвая цішыня.
Я сцішыўся, намагаючыся рабіць лягчэйшыя крокі, у чаканні, што зараз хеўра казлакапытых вернецца, каб пранесціся паўз нас у кірунку да ўваходу ў пекла, з якога з’явілася. Але свінагаловыя зніклі. І тут было хіба тры варыянты: ці то Манька перастраляў іх, ці то яны вярталіся праз іншы гасцінец, ці то засталіся пры целах забітых, каб банкетаваць чалавечай свежанінай. У любым выпадку трэба дбаць пра асцярожнасць і не набліжацца да дарогі. Я зрабіў тры прыпынкі, штораз не адольваючы і кіламетра, калі адчуў, што мой завод скончыўся. Што ўсё, болей я не здольны зрабіць ні кроку. Спатыкаючыся, надраў сухой папараці, накідаў яе горкай на сфагнум і прылёг побач з сабуляю, адразу праваліўшыся ў хуткі сон зняможанага жаўнера.