Дарожны знак ля вёскі быў традыцыйна скрадзены, затое пад указальнікам быў масіўны камень. Клапатлівая рука старадаўняга мастака намалявала на ім хваіну (рудая палка з зялёнай шчоткай наверсе), бярозку (белы ствол з чорнымі рысачкамі), вожыка (яго апісаць складана, але гэта дакладна быў вожык) ды бусла, пазнаць якога можна было па чырвонай дзюбе, якая атрымалася настолькі даўгой, што выходзіла за плячо каменя. Пад усім гэтым хараством быў слоган:
“Не дапускайце ў лесе пажар: тушыць агонь – дзяржаве цяжар”.
Ужо знаёмы нам з Гердай аматар радыкальнага экспанавання і дасціпных тэгаў дамаляваў буслу белы чубок, адным росчыркам балончыка ператварыўшы яго ў чаплю. Не ведаю, якая ў гэтым была задума. Паверх пейзажу ён вывеў назву паселішча, якая гучала па-індуісцку:
“Элеватары”
Вёска была мёртвая. Спарахнелыя драўляныя хаціны, крывыя стрэхі. Адзіная прыкмета заможнасці — на дамах дбайных гаспадароў замшэлы шыфер пафарбаваны чырвоным, “пад дахоўку”. Паедзенае шашалем бярвенне, з якога складаліся і хлявы, і жылыя дамы. Крывыя лавы, паваленыя драўляныя платы. Драты электрычнасці правіслі паміж слупамі, як аснастка на закінутым галеоне, што блукае па бязмежным акіяне, а заселены толькі прывідамі. Разруха сюды, на ўсход, прыйшла задоўга да Зацямнення. Да ліхтарнай мачты на рагу быў прыкручаны ліст пластыку. Я запаліў ліхтар, каб прачытаць:
“Аўталаўка 13:00-13:15 кожны. другі аўторак месяца”
Значыць, уласнай крамы ў вёсцы не было, і час ад часу сюды заязджаў грузавік, прывозячы самае неабходнае. Цікава, ці заўважылі жыхары Элеватараў прыход апакаліпсісу? Альбо для іх усё засталося гэтак жа, як і было? Раней у іх не ставала грошай, потым — цынку. Раней харч не было на што набыць у вандроўнай аўталаўцы, пасля — у караваншчыкаў.
Тут было вільготна: паўсюдныя лужыны, узбочыны ўздоўж дарогі складаліся з набрынялай вадой гліны, у каляінах — ручаі, быццам снег толькі растаў і не паспеў усмактацца. Я не хацеў нават спрабаваць лезці ў якое-небудзь жытло счарнелай вёскі, каб не спазнаць на ўласнай скуры, як выбудоўвалі абарону сваіх халуп людзі, здольныя жыць у такіх умовах. Да таго ж, частка хацінак дагэтуль магла быць заселенай: павінныя ж дзесьці ночыць людзі, якія гуртаваліся ля агнёў, што зіхацелі за весніцамі. Адтуль даносілася гітарнае брыньканне. Тры акорды паўтараліся зноў і зноў. Яны, падавалася, настолькі добра пасавалі гэтай рэчаіснасці, што ўзнікала падазрэнне, ці не стварае іх сама тканіна сусвету шыферных дахаў і занядбаных слупоў. Смагарадавая зорка пульсавала ў нябёсах, як страбаскоп на дыскатэцы, часам трапляючы ў такт акордаў, часам не.
Тры акорды — гэта адначасова і мелодыя, і рытм, і стрыманая весялосць, і мужчынская невымоўная туга. Пад гэткі акампанемент я прашпацыраваў па вулачцы, прамінуў колькі цагляных дамкоў аграгарадка, разрабаванага сялянамі яшчэ тады, калі рабаваць не было трэндам, і наблізіўся да бетоннай агароджы, што хавала за сабой і музыку, і агні.
Я думаў пабачыць узмоцненую браму з узброенымі ахоўнікамі, але плот можна было пералезці ў любым месцы. Уваходу як такога не было, як і вартавых. Там-сям з боку вуліцы бетонныя блокі былі паваленыя, і ў прагалы свабодна мог заехаць запрэжаны коннай парай воз. Ля кожнага з прагалаў быў подпіс вугалем: “Млын”, “Сілас”, “Лесапілка”, “Пякарня”, “Вагавая”, “Сушылка”. За агароджай — шырокі двор, пасярод якога палала вогнішча. Па цэнтры была высачэзная пабудова, якая болей нагадвала драўляны палац, падпёрты шарэнгай срэбных купалаў вышынёй з пяціпавярховы дом. На палацы і гаспадарчых прыбудовах мітусіліся налобныя дыёднікі працоўных, акно над уваходам было асветленае зіхоткімі пробліскамі свечак. Структура нагадвала калгасны мехдвор, што ператварыўся ў феадальнае паселішча.
Я зрабіў колькі крокаў усярэдзіну, чакаючы, што мяне аклікнуць, патрабуючы заплаціць за ўваход ці назваць мэту візіту. Але ніхто не звярнуў на мяне ўвагі. Ля вогнішча сядзела некалькі мурзатых хлапцоў і дзяўчат у хустках. Чорт с запэцканым сажай тварам граў на гітары. Мажны дзядзька запякаў на бляшаным падносе свежыя праснакі. Яны пахлі так, што мой жывот адразу пачаў падпяваць тым тром акордам. І спяваў ён “Авэ Марыя”, не інакш. Калі я быў за некалькі метраў ад грамады, гітарыст адкашляўся і пачаў раўці хрыплым голасам, які, падавалася, быў гэтак жа разладжаны, як і гітара: