Выбрать главу

— Я сам не ўмею. Але калі сабуля выкараскаецца, яна вас навучыць. — Ну, тады добра, — Старшыня кіўнула. Мне падалося, яна пачала паважаць мяне болей пасля той бздуры, якую я ёй сказаў. — Нож у цябе, думаю, ёсць, не зусім жа ты дурны. Нажніцамі прыбярэш лахманы мяса з касцей. Перад пачаткам зацягні вены жгутом. Костку пілаваць — ці ёсць патрэба?

Ад аднаго пытання мне зрабілася млосна, я пахістаў галавой. Будзем лічыць, што патрэбы пілаваць костку няма. І ніколі не ўзнікне.

— Пасля аперацыі пачнеш калоць цэфазалін. Тая ж доза, што з навакаінам. Ін’екцыі ўнутрымышачна, кожныя шэсць гадзін. Хопіць на поўны курс. — Слухайце, — я глядзеў на шпрыц, нажніцы ды пляшачкі лекаў. — Я разумею, вы вельмі занятая. Але ці не маглі б вы дапамагчы мне? Бо вы, я гляджу, дасведчаны медык. — Гэта я дасведчаны медык? — Старшыня вагалася літаральна секунду. — Проста я мушу тут кіраваць усім. У аднаго з нашых зуб забалеў, трэба было вырваць. Не вельмі атрымалася. Яміна загнаілася, дык да цэфазаліну інструкцыю давялося чытаць. — Ну вось! Вы хаця б абязбольванне зрабілі б! — Ты не зразумеў, бадзяга! — яна сціснула зубы, і яе скулы напяліся. — Я стварэнням са звышздольнасцямі аперацый не раблю. Бо можа быць балюча. Той, з зубам, дык дагэтуль мяне баіцца. Не хачу, каб мяне твой сябар у сабачы кал пераўтварыў.

Мае хітрыкі абярнуліся супраць мяне. Чакана.

— Добра. Колькі гэта будзе каштаваць? — Паўтары тысячы зарадаў, — яна адказала так, быццам папярэдне зверылася з друкаваным меню. — Задатак не менш за тысячу, астатняе можаш данесці пазней. — Колькі? — выдыхнуў я агаломшана. — Паўтары тысячы. Гэта сабекошт, калі набываць на запраўцы. А што такое? — яна пакрыўджана выпрасталася. — Ты думаеш, я нагрэцца хачу? На леках?

Я скінуў пляцак, такі лёгкі цяпер, і стаў вытрасаць запасы цынку, што засталіся ў ім. Старшыня збірала іх у кубы па сто “зарадаў” (так яна называла батарэйкі) і ссоўвала да краю стала. Падлік не заняў шмат часу, бо этап, на якім я быў невымерна багаты, даўно мінуў. Тысяча трыста дваццаць дзве адзінкі. Старшыня глядзела на мяне з жалем.

— І далёка ты з такім запасам ісці надумаў?

Мае планы ўжо даўно сталі выглядаць настолькі па-дзівацку, што паведамляць пра іх людзям, якія надзейна стаяць на зямлі, не выпадала. Я сумна пачасаў падбароддзе:

— Добра. Давайце я вазьму толькі навакаін і палову антыбіётыкаў. — І як ты без грошай пацягнешся? — Не маю патрэбы ў цынку. У Горадзе Святла жыве чалавек, які вінны мне капітал, — я зноўку збрахаў, бо баяўся, што яна забярэ навакаін. — Бяры ўсе лекі, бадзяга. Бяда антыбіётыкаў у тым, што яны не дзейнічаюць, калі не ўвесь курс спажывеш, — яе вочы свяціліся амаль злосцю, калі яна агучвала гэтае добрае рашэнне. — Калі-небудзь вернешся да нас у элеватар і навучыш мяне перакідацца. Як навучышся сам. Лячы свайго сабачку!

Я спускаўся разгублены. Дабро ў людзях заўжды ўражвае больш, чым зло. Яго неяк меней чакаеш.

Тое, што было далей, нагадвала дурны сон — так бывае з непрыемнымі рэчамі, якія лёс вымушае цябе зрабіць толькі адзін раз. Герда спала з напаўадкрытымі вачамі — будзем называць гэта сном, хаця, магчыма, словы “непрытомнасць” ці “ліхаманка” пасавалі б лепей да бельмаў закочаных зрэнак. Я памыў рукі. Памыў нож і нажніцы, змазаў іх рэшткамі “Тычэрсу”. Заслаў ложак цэлафанавым пакетам, у якім насіў запасныя майкі. Дастаў шпрыц. Зрабіў дзве ін’екцыі ў тканіны вакол меркаванага адрэзу. Затуманены розум задаўся пытаннем, ці варта калоць навакаін у ссохлы ды зжаўцелы ступак, ад якога смярдзела гніллю, але я своечасова ачомаўся, зразумеўшы, што нерваў там ужо не засталося.

Пасля надрэзаў скуру па коле — гэта нагадвала аддзяленне кавалкаў пухнатага кіліма. І вось за гэтае неадушаўлёнае ўспрыманне і варта трымацца. Дык вось, пад кілімам агаліліся сухажыллі, яны нагадвалі танюткія рознакаляровыя стужачкі, адны — ружавейшыя, іншыя — бялейшыя, далей, за імі, была электраправодка — сіняватая ізаляцыя, зробленая хутчэй за ўсё з пластыку, ці з чаго там раней выраблялі ізаляцыю да правадоў. Як толькі я ўскрыў адзін з правадкоў, адтуль лінула — не, не мядзянымі правадамі, а гарачай, пульсуючай, чорнай згушчонкай, і запахла, як на рынку, — там, дзе гандлююць тушамі, і адбылося гэта праз тое, што я забыўся пра жгут. Слізкімі ад крыві рукамі я намацаў гумку ды з трэцяга разу здолеў абвязаць ёй лапу, але зацягнуць было складана, пальцы коўзаліся па ліпкім ад крыві жгуце, а крыві рабілася ўсё болей, добра, што заслаў чужы ложак цэлафанам, і вось пульсацыя з проваду спынілася, я разануў далей, там было фарфоравае донца, пабітая ступка з белай керамікі, я счысціў аскепкі ды, паддзеўшы нажом, вышчаўкнуў сапсаваную рэшту — і Герда раптам гучна заскуголіла, не прыходзячы ў прытомнасць, і вось менавіта ў гэты момант, калі ссохлы, мёртвы ступак, павіс на маім нажы, мне нарэшце зрабілася блага.