Мы развіталіся, і, ужо адышоўшы, я злавіў сябе на думцы, што варта было набыць у Кухара праснакоў у дарогу. Але потым прыгадаў, што грошай, якімі я мог бы разлічыцца за хлябы, у мяне папросту не засталося. А дазваляць хлебаробам дапамагаць мне задарма яшчэ раз, было ўжо не па-людску. І я проста валокся наперад.
Страта Герды прывяла мяне ў самнамбулічны стан: пасля знікнення істоты, якой я мусіў апекавацца, усе мае турботы падаваліся неістотнымі. Заплечнік не важыў анічога. Вада ў мяне была. Ішлося лёгка і пуста. Вяртацца да таго месца на сцяжыне, дзе я рассыпаў сваё багацце, падавалася немэтазгодным. Не толькі з разумення, што багацце ўжо даўно падабранае іншымі вандроўнікамі, але і праз нежаданне ісці назад.
Дбаць пра сябе цяпер падавалася нечым камічным: я не быў паранены, ішлося лёгка, а калі нешта і палохала па-сапраўднаму, дык хіба тое, што, калі батарэйкі ў налобніку згубяць свой зарад, я апынуся ў поўнай цемры. І нават па закінутых хатах мне давядзецца шныпарыць, давяраючы толькі ўласнаму зроку. Калі ў жываце заводзіліся востранькія кіпцюрыкі голаду, што драпалі вантробы, накручвалі іх ды балюча сціскалі, я рабіў некалькі глыткоў вады. Гэта дапамагала, каб ні пра што не думаць нейкі час. З інструменту развагі, дарога пераўтварылася ў дапаможнік захавання цішы ў галаве. Я ішоў, і гэтага дастаткова. Мёртвых не падняць.
Неўзабаве коўдра аблокаў адкацілася настолькі далёка, што зрабілася бачнай Вялікая Мядзведзіца. Палярная зорка ззаду, Арыён спераду — гэта ўсё, што мне патрэбна было ведаць пра напрамкі. За ўвесь час, як зверху агаліўся космас, Арыён не змяніў свайго змяшчэння, але я ўжо не памятаў, ці мусяць сузор’і рухацца цягам ночы, ці не. Нарэшце, прыгадваючы паводзіны Месяца, гэта было неістотна. Маладзік выглядаў так, быццам быў спраецыраваны на нябеснае скляпенне, ды яго проста забыліся правільна анімаваць.
Што я адышоў далёка, я зразумеў з таго, наколькі большай стала смарагдавая зорка наперадзе справа. Адсюль праглядалася яе адметнасць: чаргаванне сполахаў і прыцемак, звычайная светлавая азбука адбывалася тут з нечалавечай хуткасцю. Светлавы перадатчык мігцеў так, як, мігцяць пульсары ў нябёсах. Я не ведаю, чыя рука магла б запальваць і гасіць святло з такой кулямётнай спрытнасцю. Сузіранне трапяткога ззяння несла тое адчуванне неспакою, з якім глядзіш на штосьці, што не здольны растлумачыць.
Бліскавіцы зрабіліся бачнымі горш, быў момант, калі яны зніклі зусім. Прыкладна тады я зразумеў, што зорак наверсе няма. Я прыгледзеўся і заўважыў чорную аладку хмары, што прыляпілася да Месяца. Пад ёй была каламуць, быццам бы, прапоўзшы па Млечным Шляху, хмара сваім азадкам узняла глей з прыдоння. Яшчэ праз нейкі час, вынырнуўшы з бяздум’я, я зразумеў, што тое шамаценне, якім поўніцца лес навокал сцяжыны, – гэта дождж. Сцюдзёныя кроплі, якімі сыпле тут неба немаведама колькі часу, пераўтварылі зямлю ў добра замяшанае цеста. І з гэтай сцежкі лягчэй было зляпіць вялікі каравай, чым карыстацца ёй па прызначэнні. Кожны крок вымагаў падвойных высілкаў: трэба было з усёй моцы выцягваць засмактаныя брудам ступакі, якія выходзілі з гліны з прагным чвяканнем.
Ногі ў паношаных высокіх ботах змакрэлі. Вільгаць трапляла праз паламаныя доўгай дарогай падэшвы, прабілася праз дзве пары ваўняных шкарпэтак і ледзяніла ступні. Паліто прамокла і зрабілася настолькі цяжкім, быццам я зняў яго з помніка Леніну. Па твары цяклі рэкі, вада засціла вочы. Парасона ў мяне, зразумела, не было.
Месячы бруд нагамі, я выбраўся на асфальт. Ідучы па ім, пазбаўлены неабходнасці выдзіраць ногі з размяклай багны, я адчуў вяртанне забытага адчування холаду. Пакуль заплечнік быў нагружаны, а паветра сухое, дрыжыкі не бегалі па спіне. Цяпер жа калатун біў у ногі, рукі, плечы, пра вогнішча не даводзілася і думаць, бо замочаны ў лужынах павал прыдатны хіба для таго, каб выціскаць з яго ваду. Трэба было як мага хутчэй пераадолець завесу дажджу і выйсці на сухое. Там і шукаць, як сагрэцца і высушыць вопратку з абуткам. Але хмара, што выглядала такой маленькай на небе, усё не сыходзіла, і было адчуванне, што яна заварожаная, і магічным чынам змяняе форму ды выцягваецца ў той бок, куды я рушу.