Выбрать главу

Я прыглядзеўся да суразмоўцы. Чамусьці пры гэтым маё пачуццё паўторанасці таго, што я перажываю, толькі ўзмацнілася. Я быццам пазнаваў гэтага чалавека, хаця дакладна ніколі не бачыў дагэтуль. Ягоная вопратка стварала ўражанне, што ён іншаземец. Бо ён і апрануты быў занадта лёгка для гэтых мясцін. І, магчыма, таму, што сама вопратка была занадта адметная. Самай экзатычнай дэталлю гардэроба была скураны капялюш стэтсан: высокі верх, шырокія палі, узнятыя дагары. У галівудскіх фільмах белы стэтсан насілі добрыя хлопцы, чорны — кепскія. Гэты быў шэры, колеру моцна зацяганай скуры.

Торс незнаёмца сцягвала камізэлька з рудаватага замшу, паверх яе быў накінуты шырокі вохрысты лапсардак, пашыты са штроксу з буйнымі барознамі. У сукупнасці з напышлівымі чаравікамі, ці то стылізаванымі пад змяю, ці то сапраўды вырабленымі са змяінай скуры, стыль суразмоўцы рабіў яго падобным да прадстаўніка субкультуры, якая загінула разам з магістральнай культурай чалавецтва. Напружыўшы памяць, я прыгадаў, што ў Мінску так некалі апраналіся харлеістыя — байкеры, якія аддавалі перавагу матацыклам “Харлей Дэвідсан”. Але дэталі вопраткі — шматлікія касцяныя амулеты, прыкручаныя да камізэлькі і каўняроў лапсардака, пярсцёнкі, якія больш пасавалі б суфію, чым аматару матораў, старасвецкая торба-кофр ля ног — усё гэта адсылала да візуальных кодаў, што былі старэйшыя за культуру “Харлей Дэвідсан”. Яго аблічча распавядала нешта пра пустыню, бязмежнасць і свабоду. Такіх людзей дакладна не сустрэнеш у нашых мясцінах.

Твар гаспадара тэрасы быў мядзяны, нібыта аднойчы яго настолькі моцна апякло сонца, што гэты загар застаўся з ім назаўсёды. Доўгія сівыя валасы, кудлатыя бровы ды пільны позірк з-пад іх. Позірк ці то індзейца, ці то старога каўбоя.

Што да кніжак, дык чытаў ён ці то вельмі мала, прычым на мовах, якія я не ведаю, ці то — настолькі многа, што чытанне як фактар утварэння асобы перастала мець значэнне. Таму зразумець яго літаратурай мне не ўдалося.

Я хацеў спытаць яго імя, думаючы, што, можа, ён адкажа ў новай модзе, пазначаючы не столькі родавае найменне, колькі прафесію, і гэта дапаможа зразумець, чым жа займаецца гэты каўбой. Але, як толькі я адарваўся ад разглядвання знешнасці і павярнуў галаву да стала, пабачыў, што перада мной стаіць такая ж глыбокая талерка са стронгай, абкладзенай печанай бульбай з плямамі прысмажынак. Больш за тое, побач з талеркай ляжаць рыбны нож і трохзубы відэлец. Ад маёй талеркі ўсё яшчэ густа валіў пар— прыгатавалі яе пазней за ягоную.

Мой рот міжволі адкрыўся, бо фокусаў я не бачыў з дзяцінства.

— Смачна есці! — шырока ўсміхнуўся ён мне, адным рухам зрэзаў скурку са сваёй рыбіны, адкінуў яе і ўзяў поўны відэлец трапяткога стронгавага філею. У мой нос настойліва пралез пах рукалы, базіліка, лімона ды іншых цудаў, якія абсалютна, зусім, ніяк не магчымыя ў гэтым свеце. Але можа быць незнаёмец ведае і як прарошчваць цытрусавыя ў поўнай цемры — хто ж яго ведае. — Нешта вы не ясце, — сказаў ён з турботай у голасе. — Няўжо рыбец нясвежы? Чаму грэбуеце пачастункам?

Я паматаў галавой, скідваючы насланнё. Але вось жа яна, рыба, якую перада мной ніхто не ставіў. Парыць, абдае духмяным водарам. Баючыся падацца вар’ятам, я асцярожна зазначыў:

— Маю дзіўнаватае адчуванне. Быццам усё гэта было раней. У мяне дэжавю. Пачалося, як толькі вы мяне аклікнулі. — Дэжавю — вынік таго, што з мільёна імаверных сцяжынак, якія сцякаюцца ў дадзены момант, вы выбралі менавіта тую, што была падрыхтаваная для вас.

Паколькі я нічога не зразумеў, я вырашыў заняцца рыбай. Зрабіў асцярожны надрэз, але філей падняўся разам са скуркай, вылезлі косткі. Тады я вырашыў пачаць з галавы і, пакуль адпілоўваў яе, расцерушыў усю пярэднюю частку рыбы. Ледзь не плачучы, закінуў у рот дзве бульбіны. З вачэй пырснулі слёзы — настолькі горача зрабілася языку. Я забыў, што печаная бульба доўга зберагае цяпло.

— Паколькі мінулага і будучыні не існуе, мы жывем у адным часе, — працягнуў аматар стронгі. — Мы вымушаныя зноў і зноў паўтараць маршрут, які праходзім за жыццё. Часам робім памылкі, якія вядуць нас далёка ў бок. Часам выходзім на прадвызначаную каляіну. І тады адбываецца дэжавю. З чалавекам не можа здарыцца нічога лепшага за дэжавю.

Ён пачаў гучаць, як сектант, і я вырашыў павялічыць хуткасць ужывання ежы — на выпадак, калі камунікацыя збочыць у пралесак, у якім зробіцца няўтульна. Я адкінуў нож і пачаў заграбаць філе відэльцам. Працэс пайшоў спрытней, асабліва калі я зразумеў, што косткі можна выцягваць з рота рукой. Мабыць, глядзеўся я не дужа манерна, але што зробіш з чалавекам, які выйшаў з гэткай сцяны дажджу?