— Чалавек баіцца таго, што не здольны зразумець, — сказаў я, глытаючы бульбу. Яна была настолькі смачная, быццам яе толькі выкапалі з градаў. — Чалавек не баіцца, а здзіўляецца таму, што не здольны зразумець. Калі ж прыходзіць страх, ніякага чалавека ўжо не застаецца, — флегматычна паціснуў плячыма Самуэль. — Але ж вы не будзеце адмаўляць, што свет без світанкаў палохае. — Не бачу ў ім нічога жудлівага, — зноўку не пагадзіўся ён. — Вы яшчэ скажыце, што адбылося нешта добрае, і вам падабаецца гэтая цемрадзь, — націснуў я. — Адбылося нешта непазбежнае, — канстатаваў “Міша” ўпэўнена. — Нездарма ж у старажытных кнігах паведамлялася пра “канец свету“. Людзі чакалі “канца свету”, але думалі, што яго зладзяць самі. Вы ж памятаеце ўсе жахалкі пачатку стагоддзя? Climate change, Незаўважаная вайна, штучны інтэлект і паўстанне машын. Чалавецтва настолькі пераканалася ў сваёй велічы, што і скон свой звязвала з сабой. Калі ў дваццатыя гады нехта з палітыкаў выкарыстоўваў слова “Армагедон”, усе думалі пра ядзерную вайну, быццам homo sapiens — галоўная сіла на планеце. — А што, хіба ёсць мацнейшыя? — я адклаў відэлец і прыслухаўся.
Было цікавым не тое, што кажа Самуэль, а тое, як ён гэта гаворыць. Нават у прамовах Рэйтана падчас нашых псеўданавуковых дыскусій на Грушаўцы праглядалася няўпэўненасць. Бо добрая адукацыя не дазваляла яму вытлумачаць усё тое, што мы бачылі ў нябёсах. І Рэйтан увесь час удакладняў: “можа быць”, “не выключаю”, “я думаю, што”. “Міша” ж не здагадваўся. На інтанацыйным узроўні ён менавіта канстатаваў. І быў першым, хто гаварыў пра цёмную драму такім тонам. Але на пытанне пра сілы зноў не адказаў, і мне давялося перафармуляваць у больш правакацыйным ключы:
— Вы думаеце, што гэта расплата? — я паўтарыў версію Рэйтана. — За нашу бяздзейнасць, за іншыя заганы?
А ён адрэагаваў так, як быццам бы ведаў пра нашу апошнюю размову з Рэйтанам.
— Слова “расплата” дазваляе падумаць, нібы сядзіць недзе помслівы зласлівец, які хоча пакараць некага за заганы. У нашым жа выпадку ўсё тлумачыцца механікай законаў космасу. Цывілізацыя, заснаваная на электрычнасці, вычарпала сябе. На які тэрмін хапала сусветных запасаў газу і нафты ў момант, калі прыйшоў блэкаўт? На 70 гадоў. Пасля гэтага заставалася вывучыцца эфектыўна расшчапляць ваду, каб заліць у свае красоверы і седаны ўсе рэкі і азёры планеты, у дадатак да паветра, якое ўжо запампоўвалі ў вадародныя рухавікі. Панабудаваць яшчэ болей АЭС, каб кампенсаваць знікненне вуглевадародаў. І, праз сто гадоў — то бок праз адно імгненне — гарантавана сканаць у радыеактыўнай пустыні без вады і прыдатнага для дыхання паветра. Вось куды рушыла логіка цывілізацыі электрычнасці. — І нехта выключыў святло? — І нешта зрабіла так, што святло перастала ўтварацца так, як яно ўтваралася раней, — Самуэль пільна паглядзеў мне ў вочы, і працягнуў такім чынам, што адчуванне ягонай прысутнасці за нашай з Рэйтанам размовай, а таксама ў іншых элементах майго досведу зрабілася невыносным. — Такое ўжо здаралася шмат разоў. Вы ж напэўна былі ў закінутым горадзе Анурадхапура на Цэйлоне. Вы ж бачылі вычасаныя ў скале скульптуры Буды ў старажытнай сталіцы Паланарува, што патанае ў джунглях. Вы ж бачылі тыя дзве тысячы храмаў у Багане ў М’янме. Ці дасканалыя, нібы лазерам выразаныя з каменя, барэльефы ў Даліне Цароў у Егіпце. Ці Гехард у Арменіі. Ці пабудовы майя. А ці памятаеце вы вымайстраваную з нефрыту статую жраца шумерскай дзяржавы, якой 8 тысяч гадоў? Усё гэта зрабілі культуры нічым не горшыя за электрычнае чалавецтва. І ўсе яны мусілі змяніцца ці знікнуць, бо іх логіка і ўяўленні пра сусвет вычэрпвалі сябе. — І хто вызначае гэта “мусілі”? — я ўсё думаў, ці задаць яму пытанне, як ён даведаўся пра фігурку жраца, ля якой я заліпаў з гадзіну ў Стамбульскім музеі. — Хіба вызначае Бог? — Бог? — ён дастаў з кішэні скураны партманет, раскрыў яго — там былі роўныя шэрагі завостраных драўляных зубачыстак. — Бог, — паўтарыў ён, задуменна ківаючы галавой ды калупаючыся зубачысткай ў роце. — Баюся, што гэтае слова згубіла не толькі сваю веліч, але і ўсе былыя значэнні. Пасля таго, як Ніцшэ сказаў, што Бог памёр, і з Ніцшэ за гэта нічога не зрабілася, Бога перасталі паважаць. — Ну, як нічога не зрабілася? — паспрабаваў я аспрэчыць развагі “Мішы”. — Бядак у вар’ятні жыццё скончыў!
Але суразмоўца не звяртаў увагі на мае словы. Ён разважаў, пільна слухаючы свой унутраны голас, а не мяне.