— У розныя часы сустракалася рознае тлумачэнне таго, чым ёсць “Бог”. Гняўлівы старац, помслівы цар нябесны, здольны спапяляць цэлыя гарады за непавагу да сваіх запаветаў, нарэшце — бацька маладога іўдзея — збаўцы, сумесі філосафа-стоіка і рэвалюцыянера. Усё гэта патрабавалася, каб кагнітыўныя структуры старажытных людзей маглі засвоіць гэтыя метафары і праз іх дайсці хаця б да якога сэнсу. Але нашае стагоддзе, “стагоддзе пасля Ніцшэ”, прывучыла нас да таго, што чалавек і ёсць Бог. Вы памятаеце, якая навіна папярэднічала Зацямненню? Што было апошнім паведамленнем сусветных медыяў?
Я пачасаў падбароддзе, нешта прыгадвалася, але вельмі цьмяна — занадта шмат часу прайшло. Ён пачакаў некалькі секунд і працягнуў:
— Не памятаеце — не важна. Хаця зноўку, вельмі шмат гаворыць пра агульнае ўспрыманне блэкаўту… Але ж я пра другое. Зараз, на сучаснай мове, можна было б сказаць, што Бог – гэта не рэвалюцыянер і не цар, якога рэвалюцыянер спрабуе скінуць. Ён не чалавек і не мае адмоўных уласцівасцяў чалавека, напрыклад, крыўдлівасці ці помслівасці. Бог — гэта не асоба. Бог — алгарытм, які вызначае паслядоўнасць развіцця падзеяў у залежнасці ад зробленых выбараў. Круцельства, жорсткасць, падман — адзін шлях, добразычлівасць, літасцівасць, спагада — іншы. Ніякай суб’ектнасці ў Богу няма. Калі толькі сукупнасць падзей не вымушае алгарытм увасобіцца.
Прамовы “Мішы” пачалі зноўку гучаць цьмяна нават для майго ўзроўню начытанасці. Што праўда, я заўсёды чытаў больш мастацкай літаратуры, чым кніжак па філасофіі ці вылічальных сістэмах. То я паспрабаваў падвесці яго да больш трывалай глебы:
— Мне тут адна апантаная гэтым вашым Богам асоба распавяла пра дзеі “няпомслівага алгарытму". У прыватнасці, пра лёс Ёва з зямлі Уц. Чулі пра такога?
Ад згадкі пра маці Таццяну ў маім сэрцы падняліся прагорклыя хвалі крыўды. Але Самуэль толькі клацнуў зубамі, працягваючы ўтрапёна калупацца ў іх палачкай. Тады я спытаў пра іншае:
— А чаму гэты алгарытм спыніў рэакцыі гарэння вуглевадародаў, ды пры гэтым пакінуў выбуховыя здольнасці пораху? — Ну, трэба ж было людзям як-небудзь адзін аднаго забіваць! — усміхнуўся Самуэль, і вочы ў яго зрабіліся ястрабінымі. Пасля гэтага дадаў, больш сур’ёзна: — але ёсць у гэтага і разумовае тлумачэнне. Якое мяне цікавіць меней за ўсё.
Я зноўку ўзяўся за прыборы — на маёй талерцы засталася горка разварушанай рыбы ды прарэджаны карагод духмянай бульбы. Есці ўжо не асабліва хацелася, аднак пачастунак быў занадта шыкоўны, каб дазваляць прыбраць у мяне амаль поўную талерку.
— Бурмістра са світай забілі без усялякага пораху, — адзначыў я. — Добра наточаны корд дазваляе разабраць чалавека без выкарыстання боепрыпасаў.
Мой суразмоўца маўчаў. Здаецца, я перастаў быць яму цікавым. Магчыма, ён сказаў мне ўжо ўсё, што хацеў падчас гэтай сустрэчы. Верагодна таксама, што ягонай мэтай было толькі раздзяліць вячэру з якім згаладнелым бадзягам. Таму я спытаў пра істотнае:
— Хлебаробы з Элеватараў сказалі, што падбаюць пра забітых за аўтазапраўкай. Але папрасілі паведаміць пра здарэнне Аракулу. Каб разнёс навіну, папярэдзіўшы іншых. Бо гэты адрэзак дарогі раней лічыўся бяспечным.
Чалавек у каўбойскім капелюшы як быццам выключыўся — ён глядзеў перад сабой, бяздумна жуючы зубачыстку.
— Вы не ведаеце, ці ёсць тут светлавая вежа? Альбо іншы спосаб інфармаваць Аракула? — Найбліжэйшая светлавая вежа — у Горадзе Святла, — на апошняе пытанне ён вырашыў адрэагаваць. — З гэтага боку дарогі — нешта кшталту мёртвай зоны, з-за ападкаў. — Дык як апавясціць Аракула? Можа, вы ведаеце іншыя спосабы? — А нашто яго апавяшчаць? — прымружыўся ён, працягваючы ўглядацца ў дождж. — Як нашто? Каб разнесці веды пра напад! Каб людзі былі падрыхтаваныя! — Я таксама некалі думаў, што веды нечаму дапамагаюць, — тут ён павярнуўся і зноўку пільна глянуў на мяне. — Заўважце: кожны раз перад зменай чарговай вехі, людзі атрымлівалі магчымасць карыстацца назапашанымі ведамі. Клінапіс у шумераў, абеліскі ў Егіпце, аліўкавы гаёчак у Афінах, дзе збіраў сваіх вісусаў Платон. Як жа называлася тая дуброва? Akademia! І было ўвесь час перакананне, што гэта пойдзе на карысць. За семдзесят гадоў да блэкаўту з’явіўся інтэрнэт. Усе веды папярэдніх цывілізацый, даступныя ў адзін дотык. Усе кнігі без неабходнасці ісці ў бібліятэку. Усе матэматычныя формулы. Усе вызначэнні ўсіх паняццяў. І што? Моцна гэта ўзбагаціла? Ці, можа, кагосьці зрабіла разумнейшым? Можа, стрымала ад нечага?
Я маўчаў, бо добра памятаў свае бяздумныя вечары з яблычнікам. Калі ў мяне быў добры настрой, я чытаў навіны. Калі дрэнны — глядзеў, як смешна каты падскокваюць, калі падчас кармлення нехта падкладае ззаду агурок. Я асабіста зрабіўся куды больш інтэлектуальнай асобай пасля Зацямнення, бо мая бібліятэка, якая, хай сабе і не ўтрымлівала ўсе-ўсе веды папярэдніх цывілізацый, стала зноўку мной праглядацца. Кнігі не маюць плёну, калі іх не чытаеш. Інтэрнэт жа вымушаў думаць, нібы спампаваны табой тэкст ужо засвоены.