— Але я ўсё ж думаю, будзе карысным, калі Аракул раскажа пра забойствы іншым полісам. Караваншчыкі зробяцца больш асцярожнымі. — Карысным? — паўтарыў Самуэль за мной ды зноўку задумаўся. Пасля вырачыў: — Каб жа гэта было магчымым: укладаць веды людзям у галовы, прычым, рабіць гэта так, каб яны не ленаваліся слухаць ды разумець. Бо шмат зла навокал выцякае менавіта з цемрашальства. Чалавек атрымлівае апёк і не разумее, што апякаць — у прыродзе агню. І ён злуецца на тое, чаго мусіў папросту пазбягаць. Але навізна заўсёды турбуе. Бо канфліктуе з існай карцінай. І людзі наўмысна пазбягаюць ведаў. Гэта — у іх прыродзе. Усё, што ім патрэбна, — забаўкі ды субстрат ведаў, які яны назвалі “інфармацыяй”.
Я заўважыў, што “Мішу” ўвесь час заносіць некуды ў абстрактныя абагульненні, хоць я цяпер спрабаваў вырашыць канкрэтнае пытанне.
— Дык у чым праблема з інфармацыяй? — спытаў я нецярпліва, узмахнуўшы перапэцканай рыбай далонню. — Наша задача — данесці канкрэтныя дадзеныя да як мага большай колькасці вачэй ды вушэй. — Праблема з інфармацыяй — у тым, што людзі, якія самі нічога не бачылі, расказваюць пра гэта людзям, якія нічога не хочуць ведаць. Адсюль і ідзе — інфармацыі без маніпуляцый не бывае. — Слухайце! — я згубіў цярпенне. — Гэта ўсё вельмі цікава, і вы — вельмі дасціпны крытык заганаў грамадства і медыяў, але трэба зрабіць так, каб, ступаючы на сцежку ля Элеватараў, людзі здымалі зброю са зберагальнікаў. — Пры гэтым вы ж самі сказалі, што свінарылых куля не бярэ, — уставіў ён іранічную фразачку. — Але ж! Я так зразумеў, што іншых магчымасцяў паведаміць пра ўсё, апроч вежы ў Горадзе Святла, вы не ведаеце.
Мой суразмоўца крануў пальцамі касцяны амулет, прымацаваны скураной стужкай да кішэннага клапана лапсардака. Амулет нагадваў несіметрычную зорку, зробленую з шасці зубоў акулы, змацаваных разам.
— Вось што, — нарэшце адсек ён, — калі хочаце, раскажаце Аракулу пра гэтае здарэнне асабіста. — Што вы маеце на ўвазе? — здзівіўся я. — Маеце пераносны светлавы перадатчык? — Вы проста прыйдзеце і паразмаўляеце з ім, — Самуэль гучаў так, быццам сам гаварыў з Аракулам шмат разоў. — Чакайце. Мне шмат разоў гаварылі, што Аракул — не чалавек. Што ён — светлавы слуп. — “Гаварылі”, — лаканічна паддражніў ён мяне. — Светлавы слуп, які ўсё ведае, бо мусіць ведаць усё. Пры гэтым жыве ён на высокай вежы, якая сягае на некалькі кіламетраў уверх. — Сярод цёмных людзей, — ён зрабіў націск на прыметніку “цёмных”, — сапраўды пашыраныя забабоны, згодна з якімі “Аракул” — нешта кшталту балбатлівага агеньчыка са звышздольнасцямі. Насамрэч Аракул — гэта даволі прымітыўны светлавы прыбор, усталяваны на былой тэлекамунікацыйнай вежы A400. Якая, канечне, мае шмат соцень метраў у вышыню, але “многія кіламетры” — моцнае перабольшванне. І кіруе тым светлавым прыборам… А хаця, што я вам псую асалоду?!
Ён пакруціў галавой, быццам шукаючы рэч, патрэбную для працягу размовы, потым заўважыў торбу ля ягоных ног, паклаў яе на калені ды працягнуў:
— Ля смарагдавай зоркі, якую вы ўжо, напэўна, заўважылі на даляглядзе, ёсць агароджанае сеткай поле. Там застрашальныя знакі, але не звяртайце ўвагі на іх. Вежу падпірае дванаццаць тросаў, на кожным ліхтар свайго колеру. У бетонным фундаменце рубінавага тросу ёсць спуск, пры ім — кораб з кодавым замком. Там трэба набраць: “тры, чатыры, дзевяць, пяць, восем, шэсць, дзевяць” — гэта адкрые праходку ў сутарэнні, дзе і жыве Аракул.
Я заварушыў вуснамі, запамінаючы лічбавую камбінацыю. Запісаць яе не было на чым, калі не прымаць да ўвагі скарб, які я насіў ля сэрца ў візітоўніцы. Ён дакладна не прызначаўся для занатовак. Самуэль падхапіўся, трымаючы скураны кофр ля грудзей — ён зрабіў гэта так нечакана, быццам па яго прыехаў “Харлей”.
— Але час мне ўжо ісці.
Я здзіўлена развёў рукамі. Калі ніхто болей не носіць гадзіннікі, немагчыма кудысьці спазніцца. Да таго ж, ён абяцаў, што дождж неўзабаве скончыцца, таму незразумела, куды ён імкнуўся, пакуль ліло ў дзве ноздры.
— Пачакайце, вырушым разам! — прапанаваў я “Мішу”. — О не! Табе трэба адпачыць. Там, — ён кіўнуў на вокны пакоя, што месціўся за тэрасай, — знойдзеш ложак. Ён аплачаны на адно поўнае сненне, але я не скарыстаўся ім. Адпачні, як след. Заўтра цябе чакае доўгі пераход. Да таго ж — знаёмства з Аракулам. Лепей быць паспаўшы. Ну, а я — развітваюся!