Выбрать главу

Каўбой кіўнуў, прытрымаўшы капялюш пальцамі правай рукі, ды ўпэўнена зрабіў крок пад вадаспад. Секунда — і ён зрабіўся нябачны ў чорных струменях, што абрыналіся з нябёсаў. Я паспеў адзначыць, што ў гэтага дзівака не было наогул аніякай зброі. Пакуль ён сядзеў побач, я думаў, што ягоны рычажны вінчэстар, напэўна, чакае яго ў пакоі, а калі ён рушыў прэч, не паспеў спытаць, як яму выжываецца без добрай стрэльбы.

Я запіхаў у сябе рэшту ласунку — калі знікла неабходнасць манернічаць, рыба з бульбай падалася яшчэ больш смачнай. Я вымыў рукі пад дажджом і асцярожна зазірнуў у пакойчык. Было адчуванне, што як толькі я прайду сюды, адразу ж з’явіцца выбівала ў белай кашулі, які моўчкі скарыстае маё цела для адпрацоўкі баявых прыдушэнняў, прабіванняў ды абдзіранняў. Але за дзвярыма я знайшоў цёплы і сухі пакой у стылістыцы вінтажнага хюге: драўляны ложак, мядзяная ванна з — о цуд! — гарачай вадой, ільняныя прасціны, масіўныя шафы, дзе замест вопраткі арганічна глядзеліся б карабельныя якары.

Ложак быў неразабраны, са стопкай бялюткіх махнатых ручнікоў. Зацягнуўшы ў пакой заплечнік, дубальтоўку і вогкае паліто, я адразу ж аддаўся занятку, у які непазбежна паглыбляецца прафесійны бадзяга, як толькі знаходзіць камфортнае, сухое і цёплае лежбішча з гарачай вадой. І вы — не вандроўнік і не ведаеце цяжару валацужнага жыцця, калі падумалі пра гарачую ванну з адданым ляжаннем у чысцюткім ложку з выпрастанымі нагамі і неабцяжаранай спінай.

Ды дзе там! Маркотны занятак, які чакаў мяне, называўся памытушкамі. Мне трэба было змыць дарожны бруд ды пот з цішотак, кашуляў, шкарпэтак, і усё было хораша і нават весела, пакуль я не зняў з сябе швэдар і не акунуў у балею яго. Пакуль не пабачыў, як успыхнулі ружова-рубінавым плямы, што засталіся на ім пасля гаротнай аперацыі. І тады, вось толькі тады, седзячы ў цяпле, пасля сытнай вячэры, з планамі на адпачынак, я горка заплакаў, і не мог спыніцца, гледзячы на кроў і прыгадваючы сабульку.

Адціснуўшы вопратку, я развесіў яе па драўляных крэслах ля гарачай грубкі. Калі справа была завершаная, я быў такі стомлены, што ледзь прымусіў сябе залезці ў ванну, каб нарэшце змыць і з сябе дарогу. А дакрануўшыся галавой да свежай навалачкі на падушцы, я адчуў водар пральнага парашку і далікатнай парфумы і адзначыў перад сном: “Айцец Дажджу” быў стойбішчам класа дэ люкс.

Я добра выспаўся, у сненнях працягваў размовы з Самуэлем, і не змог бы адразу вызначыць, пра што ён казаў сам, а што насніў я. Хаця так бывае, калі рэальнасць выяўляецца больш ветлівай, чым ты пра яе паспеў падумаць. Ці калі сустракаеш знаёмцаў, якія б больш пасавалі свету сненняў.

Падняўшыся з ложка, я адчуў змены ў гукавой карціне прыцемкаў за дзвярыма. Раскрыў створкі і кіўнуў так, як ківае параноік, які набыў кілаграм піханай пальцам кілбасы і кантрольна ўзважвае яе дома, запэўніваючыся, што прадукт важыць роўна столькі, за колькі і было заплачана, а яго не падманулі ні на грам. Дажджу на двары не было. За тэрасай стаяла звычайная начная ціша. Гэта быў яшчэ адзін момант, пасля якога вельмі дарэчна было б прачнуцца.

Раздзел другі

На верандзе чакаў папяровы скрутак з эмблемай “Айца дажджу”, адціснутай на сапраўдным чырвоным сургучы. Прамацаўшы паперу, я апазнаў два цеплаватыя ланч-боксы з мяккага пластыку. У такія раней рассыпалі кітайскую ежу нятанныя рэстарацыі з дастаўкай.

Адзначыў, наколькі гэта ўдалы спосаб ветліва сказаць госцю, што яму ўжо час змотваць вуды: з аднаго боку, цябе ніхто не гоніць у шыю, нават прапануюць ежу ў дарогу. З іншага, калі затрымаешся надоўга — ежа састыне, а сам факт запакаванасці красамоўна сведчыць пра спадзеў кухара і гаспадара, што частавацца ты будзеш ужо газануўшы.

Грубка высушыла вопратку, таму, хутка запакаваўшыся, я выступіў у цемру. Зараз, калі дождж скончыўся, была добра бачная зорка Аракула, хаця Месяц і частку сузор’яў усё яшчэ накрывала хмарына. Самуэль неяк здолеў прадказаць, што паліваць перастане, але, як і ўсё на нерухомых нябёсах, хмара не зрушыла анікуды. Увесь ветрык застаўся ў раёне запраўкі, у вільготным лесе панавала маўклівая задуменнасць.

Першая частка шляху прайшла ў баданні двух базавых жаданняў: прайсці як мага болей не стаміўшыся, альбо ўсё ж зазірнуць, што ж мне прыгатавалі такога цёплага, пакуль яно не састыла. “Не спяшайся, бздыр, бо як нажарэшся — ісці будзе цяжэй”, — шыпеў я ўнутранаму геданісту. “Вось папсуецца смакоцце — будзеш кару з соснаў грызці! Трэба хаця б зірнуць, што там!” — гарлаў геданіст схімніку. Геданіст, канечне ж, перамог — ён заўсёды перамагае ў дарозе, пакуль турботы доўгага шляху не зрэжуць з яго апошні тлушч і не зробяць роўным аскету. Самым складаным было знайсці сухое месца для прывалу, бо зацяжны дождж вымачыў тут кожны сантыметр, і ўжо выйшаўшы з-пад хмары, я праставаў уздоўж ручаёў, што расцякаліся ад “Айца Дажджу”.