Выбрать главу

Нарэшце я выйшаў да хутара — чатыры хаты, тры з закалочанымі вокнамі, адна, выглядае, была заселенай на момант Зацямнення. На плоце намалявана нешта белым балончыкам, я запаліў святло і пабачыў дзве кропкі і скіраваную ўніз куточкамі дужку. Сумны смайлік — здаецца, гэты значок некалі называлі так. На ўсялякі выпадак абмацаў кволую зжаўцелую траўку светлавым слупком — каб не трапіць у пастку ці на расцяжку. Зрэшты, штосьці ж мастак меў на ўвазе, выяўляючы пячатку суму менавіта тут. Дзверы былі замкнёныя, ламацца ў хату, маючы гатовы пакунак з цёплай ежай, не мела сэнсу, таму я накіраваўся да дрывотні. Вогнішча было накрытае лістамі шыферу, пад навесам было палена з уторкнутай сякерай. Я выцягнуў калун і, не здымаючы стрэльбы з плячэй, сеў на сухую плаху.

У скрутку выявілася калекцыя рысавых пельменяў, залітых сычуаньскай поліўкай. Мяса мела смак сапраўднай свініны, шчодра запраўленай перцам і травамі. У другім боксе знайшоў кісла-салодкую локшыну з кавалачкамі, што мелі фактуру кураціны. Да ўсяго дадаваліся эстэцкія палачкі з лакіраванага кіпарысу. Усмоктваючы кітайскую вермішэль, я пабачыў новую выяву сумнага смайліка на адным з дубовых слупоў агароджы вогнішча. Тут знак ішоў поруч са стрэлкай, што паказвала кудысьці за клады дроваў.

Цмокаючы локшынай, я запаліў налобнік і праціснуўся ў шчыліну паміж плотам і дрывотняй. Гэта была сцежка, што вяла за агароджу. Я ўжо збіраўся вяртацца назад, калі святло ўперлася ў прастакутны правал у зямлі. Я падышоў бліжэй і заўважыў дубальтоўку, што ляжала ў чэзлай траве ля яміны. Справа былі насыпаныя два капцы ў форме трунаў. Пясочак на іх месцамі абсыпаўся, але форму трымаў. Светлавы слупок намацаў крыжы — спачатку адзін, потым другі, габляваная сасна, чатыры цвікі, аркушы бяросты, па якіх вугельчыкам выведзеныя подпісы. На першым крыжы: “Галіна, жонка”. На другім — “Сняжана, сястра”. І гады жыцця, з аднолькавым годам смерці, — тым, калі сцямнела і час спыніўся. Галіне — 84, Сняжане — 92. Закінуўшы палачкі ў бокс з локшынай, я наблізіўся да яміны і заўважыў, што ля яе ўзгалоўя таксама ўсталяваны крыж, подпіс на перакладзіне паведамляў: “Дзед Васіль”, на момант смерці — 89. Ніжэй быў адрыў бяросты з маленькімі літаркамі, накрэмзанымі абы-як. Давялося абысці земляны адвал з уторкнутай рыдлёўкай ды стаць усутыч з крыжам, каб мець магчымасць разабраць:

Ня мам што есць Ня мам за што купіць Ня умем так жыць

Прачытаўшы — адступіў і абапёрся на рыдлёўку, яшчэ не да канца ўсвядоміўшы, што тут адбылося. Тут пабачыў яшчэ адзін жаласлівы смайлік, выведзены белым проста на траве. Дзве пустыя гільзы ад дубальтоўкі знаходзіліся ля ягоных “вачанятак”.

Нарэшце, я здагадаўся падсвяціць нутро ямы, ды выраніў локшыну на зямлю. У незакапанай магіле святло выхапіла боты і лінялае старэчае галіфэ нябожчыка, які мусіў быць тым самым “Дзедам Васілём”. Я паспеў заўважыць муміфікаваную руку — схуднелую, жоўта-чорную, бы ў разбінтаванага егіпецкага фараона. Адразу ж адвярнуў ліхтар убок, каб не турбаваць нябожчыка і не глядзець на гэта.

Падняў ружжо, пераламаў яго. У рулях — два патроны. Адзін стрэляны, другі цэлы.

Ня умем так жыць.

Слупок святла зноўку ўпёрся ў выведзены на траве смайлік. Масляністы росчырк белым пульверызатарам пераўтвараў сцэну патройнага суіцыду ў твор сучаснага мастацтва. Гэта быў не проста заклік звярнуць увагу на важную дэталь, што тлумачыць расклад. Гэта быў подпіс мастака. Пад творам у жанры appropriation, які ён стварыў з чужога гора. І ўсе астатнія, хто тут быў, прыходзілі, хісталі галавой ды ішлі далей, кранутыя “мастацтвам”. Яны паводзілі сябе як гледачы, наведнікі галерэі, а не як людзі. Такая трапная дэманстрацыя таго, у што пераўтварыўся арт перад тым, як культура знікла. Ні спачування, ні чалавечнасці. Толькі гульня на пачуццях. Толькі сумныя смайлікі. Ці вясёлыя — што адно й тое ж. Intsagram-этыка, selfie-спагада.

Першая рыдлёўка пяску пайшла на белы росчырк ля стрэляных гільзаў. Я дастаў цэлы патрон з рулі і паставіў зброю побач з крыжам дзеда Васіля. Упёрся ў адвал пяску ды зрушыў ягоную вяршыню ў яміну. Тое, што засталося — хутка перакідаў шуфлем уніз, закрываючы магілу. Сфармаваў капец. Задумаўся, ці правільна зрабіў, бо целы маглі адкапаць томбрайдэры ў пошуках скарбаў. Аднак зразумеў, што гаротны подпіс дзеда Васіля будзе бараніць нябожчыкаў ад марадзёраў: зразумела, што лавіць тут няма чаго. Хіба што знесці не даедзеную мной локшыну.