Выбрать главу

Вярнуўшыся да вогнішча, збіў калуном са слупа смайлік са стрэлкай. Адчуваючы сябе высакародным Герастратам, зрабіў тое самае з пазнакай на ўваходзе. Арт не прайшоў куратарскую праверку.

Выйшаў за весніцы, расціраючы пякучыя мазалі на далонях. Вось і пад’еў, дундук. Хмара “Айца Дажджу” засталася далёка за спінай, наверсе дыхала чыстае зорнае неба з ілюмінатарам Месяца, схаваным чорнай засаўкай. Бег праз чорны аксаміт растапыраны пакемон Арыёна. Чорны гарызонт пад дыяментавымі нябёсамі выглядаў, як бераг, з якога можна было б скокнуць у зорнае возера.

Я цягнуўся і думаў пра той самы алгарытм, які чамусьці вызначыў для дзеда Васіля, бабы Галіны ды бабы Сняжаны менавіта такі скон. Чым, цікава, якімі ўласнымі выбарамі, яны гэта заслужылі? І як вось такое можа лічыцца справядлівым?

Смарагдавы агеньчык быў ужо зусім блізка — настолькі, што ягонае зырканне кідала зеленаватыя пляміны на сасновы ўзлесак. З цемры вымалявалася вежа — даўжэзны металёвы штыр, які ўзнёс светлавы маяк высока, ажно пад нябесны жывот. Дарога тут забірала лявей, да Аракула трэба было ісці праз гушчу. Я адзначыў, што са сцежкі няма ніводнага павароту ў той бок — глеба была не пратаптаная, людзі абміналі жытло прарока. Уключыў ліхтарык, каб, прадзіраючыся скрозь хмызняк, не высадзіць сабе вострай галінай вока. Уключыў – і адзначыў, што святло зрабілася слабейшым: цынк падсеў, хутка змярцвее.

Лес тут зрабіўся ніжэйшым, цямнейшым ды зусім нядобрым. Чым бліжэй да вежы, тым больш траплялася ссушаных дрэваў, якія згубілі кару і ўсе іголкі з галінаў, стаялі, як скамянелыя пітоны. Да патрэсканых шчупальцаў шчодра папрыклееныя маленькія хваёвыя шышкі. Ельнік агаляўся, рудыя колкія лапіны нагадвалі пустынныя калючкі. Калі гіганцкая вежа праглянула нарэшце ў прагалы, скурчаныя дрэвы навокал зрабіліся не нашмат вышэйшымі за чалавека. Ніводнай сасны з простай спінай, усе — папрысеўшыя, павыкручаныя, пазавязаныя ў вузлы. Пад нагамі ўздыбіліся змярцвелыя карані — іх таксама нечалавечая сіла вымусіла канвульсаваць, выпростваць свае пальцы, нібы мерцвякі з магілы. Ісці даводзілася з вялікай перасцярогай: карані чапляліся за чаравікі, жадаючы збіць з ног, кінуць у бок навостраных галінаў.

Я рухаўся праз мёртвы лес, і было мне неспакойна. Бо Самуэль не ўдакладніў, хто ён такі, той Аракул. Ці чалавек? Ці іншая істота? Калі паржавелая, размаляваная чырвоным і белым металічная вежа сваёй нязграбнасцю пастулявала, што яе зрабілі чалавечыя рукі, дык смарагд, што выпраменьваў зялёнае святло наверсе, дазваляў думаць, што яго сілкуе нетутэйшая энергія. І кіруе ім, магчыма, зусім не зямная пачвара.

З часоў, калі ў літаратуры ўпершыню з’явіўся канцэпт прыхадняў з космасу, праз багатую на фантастычныя сюжэты летуценную прозу дзевятнаццатага стагоддзя і да перадапакаліптычных фільмаў пра кантакт, нашае ўяўленне пра іншапланетнікаў вельмі змянілася. Некалі прышэльцы захапілі той самы лапік свядомасці, які французскія асветнікі вызвалілі ад Бога. Паколькі невытлумачальных рэчаў у свеце засталося багата, а казаць пра Стваральніка пасля кпінаў Вальтэра было ўжо не модна, прышэльцы — марсіяне, сатурніяне і г. д., спачатку рабілі з людзьмі цуды рознага кшталту, паралельна вучачы іх “правільна” жыць. Потым, у дваццатым стагоддзі, чужынцы пачалі палохаць, перамясціліся ў сутарэнні хорару — каб у стагоддзі нашым зрабіцца роўнымі партнёрамі па дыялогу пра гаджэты. Можна сказаць, што чалавецтва ўвайшло ў эпоху цемры, наогул нічога не баючыся.

Але зараз, прадзіраючыся праз перароджаны лес, я прыгадваў па чарзе ўсе жахалкі пра прышэльцаў і кантакт — ад “Белай сарокі” Яна Баршчэўскага да “Салярыса” Станіслава Лема. Калі нарэшце непралазны гушчар упёрся ў металічную сетку, я ўжо не быў упэўнены ў тым, што хачу праз яе пералазіць.

Жалезны штыр, з якога мігцеў смарагд, стаяў пасярод вялікага поля, аточанага з усіх бакоў скручаным нізкім ляском. Там-сям паляна была пакрытая ямінамі, ля якіх ляжалі нерухомыя цёмныя мяхі. Падпёртая тоўстымі тросамі вежа ўзносілася ў паветра вельмі высока і не мела наверсе аніякай платформы. Калі б туды, на верхатуру, і мог залезці чалавек, доўга ён бы там не пратрымаўся. Ад тэхналогіі, якая магла б у нашым свеце дазволіць кіраваць маяком на адлегласці, пачынала круціцца галава. Сервапрывад? Тросік, прыстасаваны да кнопачкі на моцным ліхтары? А чым гэты ліхтар сілкуецца? Батарэечкамі? І колькі разоў іх трэба памяняць, каб падтрымліваць настолькі прарэзлівае святло?

Плот уздоўж поля быў адметны. У нашым цёмным свеце, калі ёсць агароджа і ля яе няма кулямёта, гэтую агароджу абавязкова прадзяруць. Проста каб прадэманстраваць перамогу хаосу над парадкам, анархіі над абмежаваннем. У гэтым плоце не было павалена ніводнага слупа. Хісткая рабіца, што мацавалася з дапамогай звычайных зачэпаў, не была прабітая ці расплеценая. Хаця і слупы, і металёвая сетка каштуюць нятанна ў свеце, дзе вакол любога жывога паселішча трэба ўзводзіць ўмацаванне. Крыху збоку, прыхаваная хмызняком, на прутах вісела шыльдачка.