Выбрать главу

Тросы чапляліся за бетонныя падмуркі вагою не менш за палову танка. Мабыць, падчас добрай вятрыны вежу гайдала, як Гацака пасля двух дозаў Цугундаравай брагі. Я ўскараскаўся на пляцоўку ды абшнарыў паверхню ў пошуку лічбавага замка. Але наверсе нічога не было. Тады я злез і стаў правяраць зямлю ля рубінавага пастамента. Зрабіў амаль поўнае кола, покуль не зачапіўся нагой за нешта, падобнае да музычнай калонкі. Скрыня была гладкая, з вузкай шчылінай уздоўж накрыўкі. Кіруючыся логікай цёмных часоў, я дастаў нож, уставіў лязо і стаў разгойдваць шчыліну, і невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б выпадкова пальцам не націснуў паглыбленую ў метал кнопку. Накрыўка ссунулася ўбок з пнеўматычным шыпеннем.

Пад ёй выявіліся асветленыя смарагдам лічбавыя цыліндрыкі з рэгулятарамі ўверсе і ўнізе. Я крануў ніжні і, пакруціўшыся, там з’явілася лічба “дзевяць”. Пасля дотыку да верхняга вярнуўся нуль. Зараз засталося прыгадаць камбінацыю. Відовішча светлавых індыкатараў было настолькі незвычайнае, што галавешка мая зрабілася пустой, як бітон перад дойкай. “Тры, чатыры, восем, дзевяць, пяць, шэсць, дзевяць” — халера, не прайшло. Я корпаўся, зноўку і зноўку прапануючы светлавому табло версіі, якія падказвала памяць. Адзінае, у чым быў пэўны, — у першых “тры, чатыры”. Далей — правал, і думалася пра візітоўніцу, паперчына ў якой магла дапамагчы з сямізначнай камбінацыяй. “Тры, чатыры, шэсць, пяць, дзевяць, восем, пяць”. Апошняя ў шэрагу кнопка, падсвечаная фіялетавым, зноўку адмоўна блюмкнула ды вярнула лічбы на нулі. Цікава, колькі разоў яшчэ можна будзе паспрабаваць, перад тым, як гэтыя дзверцы выклікаюць тэрмаядзерны ўдар на галаву?

Я ціснуў і ціснуў на пімпачкі, і сэрца маё запаўнялася крыўдай, якая не мела адрасата, а таму была самай горкай. І тут ззаду пачуўся галасок:

— А ты, кшталту, што тут робіш?

Я рэзка павярнуўся і пабачыў цыбатую постаць з камянямі ў руках. Камяні яна трымала акурат над маёй галавой, заставалася толькі трэснуць як след, а пасля абяззброіць і растрыбушыць мой заплечнік. Але постаць была ці то надта збянтэжаная маёй прысутнасцю, ці то не гатовая да фізічнага гвалту. Яна здолела толькі яшчэ раз паўтарыць:

— Цябе ж тут, кшталту, не павінна быць! Ты ж дзікі? А дзікія сюды, кшталту, не даходзяць. Дык што ты тут робіш?

Я ўзняўся, здымаючы з пляча вінтоўку. Тыцнуў рулямі фігуры ў грудзіну.

— Не такі ўжо я і дзікі! — растлумачыў сітуацыю я, паралельна скіроўваючы бляклую пляму ліхтара на чалавека. Гэта быў немалады хударлявы віхор, якога, нягледзячы на сівізну ў шчацінні, хацелася ўсё роўна назваць “хлапчынай”. Ёсць такія тыпы на зямлі. У ягоным абліччы адлюстроўваліся дужа спецыфічныя літаратурныя бэкграўнды. Хакслі, Бераўз, Керуак, Хантэр Томпсан, крышачку Кастанеды, крышачку вершаў Снуп Дога. — Цябе Пастух паслаў? — запытаў ён, бездапаможна ўздымаючы камяні над галавой. — Я не ведаю ніякага пастуха, — адрэзаў я. — Ну, “Пастух” гэта я так, кшталту. Ад сябе прыдумаў, — ён усміхнуўся. Зубы ў яго былі выпуклыя, нібы вялікія жоўтыя кукурузіны. — Дзядзька ў капелюшы, — ён паспрабаваў намаляваць над сваімі вушамі каўбойскі капялюш. З камянямі ў руках абрыс атрымаўся занадта авангардысцкі.

— Аднаго дзядзьку ў капелюшы ведаю, — пагадзіўся я. — Ён паведаміў мне код ад гэтай катрынкі. А я неяк не парупіўся ўтрымаць яго ў памяці. Заняты быў. А што за “дзікія”? — Ну, гэтыя, — ён грэбліва махнуў галавой, — якія за брамай жывуць. У цемры. Ну, як сказаць? Каторыя, кшталту, газеты чытаюць.

Пад цэтлікам “дзікія”, падобна, праходзілі ўсе, за выключэннем яго самога. Ды, магчыма, Самуэля. Я разглядаў сустрэтага. У цыбатага былі выпнутыя скулы і фрызура ананасікам: валасы, збітыя ў дрэды і заплеценыя на макушцы ў шышачку, з якой у розныя бакі тырчаць лісты валасяной пальмы. За яе хочацца ўхапіцца памацней і выдраць ананасіну галавы з градкі плячэй. Не ведаю, навошта людзі робяць такія фрызуры. Хіба праз спрэчку з кімсьці. Альбо каб пазлаваць іншых. Але гэты жыў удалечыні ад цырульняў, магчыма, для яго гэта быў адзіны варыянт, каб грыва не лезла ў вочы. Я б дык лепш нажом пагаліўся.