— Рукі можна апусціць, — дазволіў я. Рулю пры гэтым я трымаў у прыўзнятым стане. Як бы ён ужо і не на мушцы, але пры гэтым яшчэ і не займеў поўнага даверу. — А я, галоўнае, неяк адразу зразумеў, што вы — не дзікі, — балбатаў ён. — Думаю, не, не дзікі. Дзікі нават калі праз поле з пудзіламі пройдзе — дык скрынку не ўскрые. Будзе нажом калупацца. Але дзікія баяцца тут усяго. Лес іх палохае. Лес тут пакруціла. Тут раней РЛС была і поле спадарожнікавых перадатчыкаў. РЛС. Радыёлакацыйная станцыя. Вайсковая. Электрамагнітным полем тут лес пабіла. Дзікім страшна. Яны ніколі сюды не падыходзяць. Пастаяць ля сеткі, паглядзяць. І, галоўнае, ідуць да сябе. Кшталту, газеты чытаць.
Я адзначыў, што стрэс зрабіў яго гаманлівым — гэтаксама, як мяне няёмкасць вымушала рабіцца куртуазным. Добра, што ягоная шматслоўнасць уключылася раней за маю барочную напышлівасць. Можна адпускаць кароткія рэплікі і захоўваць за сабой вобраз небяспечнага мача.
— Ну што, паедзем уніз, ці што? — прапанаваў ён, заціснуўшы камяні пад пахай, ды свабоднай рукой набраў код. Усе мае варыянты не былі нават блізкімі да правільнага. То, калі б ён не падышоў, кукаваў бы я тут ажно да світанку. — А я, галоўнае, выйшаў кілаватаў набраць. Энергія ў сістэме скончылася, — ён незразумела паляпаў па камянях. — Набраў, галоўнае, вяртаюся. Гляджу — сядзіць. Думаю: няўжо дзікі? А потым гляджу — на клавішы націскае. Інтэлігентны чалавек! Са стрэльбай да таго ж. І чаму я падумаў, што дзікі?
Пакуль ён усё гэта гаварыў, у мяне закруцілася галава так, што я нават прысеў. Я чакаў, што пасля ўводу шыфру ў зямлі адкрыецца прыхаваная ніша, якая дасць доступ пад бетонную пліту. Але ўсё адбылося гэтак жа, як з рыбай у “Айцы Дажджу”: незразумела, але вельмі пераканаўча. Кшталту цуду, які нават цудам не назавеш, бо карцінка рэальнасці нават без усялякіх спецэфектаў падмяняецца нечым іншым. Настолькі ж пераканаўчае для органаў пачуццяў, як тое, што было раней.
Я міргнуў, і раптам замест лістападаўскай ночы ў полі апынуўся ў цеснаце вузкага праходу, з усіх бакоў абкладзенага бетонам. Тут пахла мышамі. Так смярдзіць вогкая коўдра на лецішчы, дзе не быў тры сезоны. Рамантычная цемра зорнай ночы змянілася на задушную цемру сутарэння.
— Млоснасць пройдзе, — супакоіў балбатун. — У мяне таксама першыя разы так было. А вам Пастух не тлумачыў, навошта вас дасылае? Не? Вы проста ўжо трэці. Трэці ўжо тут. Можа, ён перадаць мне што хоча? А чаму сам не прыйдзе?
Я акуратна ўстаў на ногі — галава і плечы ўвапнуліся ў змакрэлую халодную столю.
— Я — Сямён Чапля! Той самы! — мой суразмоўца выняў з кішэні ліхтарык на чорным шнурку і ўключыў яго, падсвяціўшы бетонныя прыступкі, што вялі ўніз. — Вы ж чулі пра мяне, канечне?
Я прамаўчаў, бо не пазнаваў імя і прозвішча.
— Раней, кшталту, зусім іншай творчасцю займаўся, — растлумачыў ён. — Але галоўнае, таксама творчасцю! — ён паказаў кукурузіны зубоў. Ва ўсмешцы было шмат гонару. З чаго я зразумеў, што быць Сямёнам Чаплям — пачэсна.
У параўнанні з ягоным ліхтарыкам мой свяціў, як Месяц побач з сонцам. Той даваў незвычайнае святло: форма ў плямкі была такая ж, але фактура праменя была больш насычаная і ўпэўненая. Ён рабіў цемру навокал цямнейшай, а светлавую плынь значна святлейшай. Ярчэзнае ззянне амаль не рассейвалася, выглядала, як шырокая рака з рэзкімі краямі. Ніколі не бачыў такіх.
— Цікавы налобнік, — пракаментаваў я. — Падарунак Пастуха, — растлумачыў Сямён Чапля маёй стрэльбе. — Ягонае штукарства. Тут — вечная батарэйка. — Вечная батарэйка? — перапытаў я, не паверыўшы. — Як гэта? — Дык во, трымайце! Мне ён, кшталту, не патрэбны, — праважаты працягнуў мне крыніцу святла. — Я яго ўсё роўна толькі для вас запальваў. Каб вы не спатыкнуліся, — ён баязліва паглядзеў на стрэльбу. — Я ж і так тут кшталту кожны выгін, кожную прыступку ведаю.
Я прыняў налобнік, скіраваў на падарунак свой амаль непрытомны святлач, ускрыў батарэйнае аддзяленне: там быў толькі адзін цынк, замест другога нехта ўціснуў каліва чорнай рассыпчатай глебы.
— Што гэта? Торф? — Не рэкамендую чапаць! — ён выскаліў зубы ва ўсмешцы. — Штукарства Пастуха! Калі ўлезці — перастане працаваць! А можа яшчэ і токам ляснуць!
Я закрыў налобнік і працягнуў яму свой. Той спачатку зрабіў знак, што не возьме, але пры канцы руху рукі ўсё ж падхапіў яго.