— Тут за часамі РЛС быў кіроўчы пункт паўночна-заходняга камандавання супрацьпаветранай абароны, — прамовіў Сямён Чапля. — Цэлы падземны горад. І надзейна, і дзікія не сунуцца. Усе ўваходы яшчэ за савецкім часам бетонам залілі. Пасля таго, як вежу на тэлевізійную перакваліфікавалі.
Мы спусціліся на тры паверхі ўніз, далей стаяла чорная вадзіца.
— Там яшчэ два ўзроўні, — Чапля паправіў камяні пад пахай. — Але яны затопленыя. Цікава, з людзьмі іх затапілі, ці без? — з яго позірку я зразумеў, што яму было б даспадобы, калі б тапілі з людзьмі.
Убок вялі прычыненыя металічныя дзверы, пафарбаваныя ў настолькі нудны ружовы колер, што адразу рабілася зразумелым: іх ставілі за часамі Імперыі Зла. Па сценках у чатыры шэрагі цягнуліся таўшчэзныя драты ў чорнай гумавай ізаляцыі. Месцамі яны былі выдраныя разам з капітальнымі сталёвымі пласцінамі, што мацавалі іх да бетону. Я праставаў за Чаплем, павесіўшы дубальтоўку на плячо гарызантальна — нібыта, і трымаць не трэба, і пальнуць можна, калі што. Калі гэты чалавек вырашыць даць лататы, я ў жыцці не адшукаю яго ў гэтым напаўзатопленым лабірынце. І не знайдуся сам. І буду бадзяцца тут, паступова ператвараючыся ў Мінатаўра.
Мы абмінулі адамкнуты пакой са стэлажамі, пра які ён сказаў, што гэта — гарнізонны склад тушонкі, амаль такі ж невычэрпны, як і батарэйка ў маім новым налобніку — і апынуліся ў холе, завешаным касцюмамі хімічнай абароны. Падобныя да велізарных кажаноў плашчы былі непрыемнымі на дотык — я намагаўся не кранаць іх нават зброяй і заплечнікам. Пры выхадзе са сховішча адкрыўся невялікі пакой, ад якога па падлозе разыходзілася шмат чорных правадоў. Тут смярдзела дызелем, але не так, як пахне толькі што запраўлены “Фольксваген”, а так, як патыхала б ад заржавелага трактарнага рухавіка, кінутага дагніваць на полі. Рухавіка, які ніхто даўно не запраўляў і не заводзіў.
Амаль усю прастору пакоя займаў перасоўны дызельны генератар ваеннага тыпу. Складана было зразумець, як менавіта ён трапіў пад зямлю — важыў ён з тону, а ўсе дзверы бетоннай скрыні, дзе ён месціўся, былі ў два разы вузейшымі за яго найменшы бок. Адно з шыпатых шасі было спушчанае, гума на астатніх патрэскалася. Мабыць, служыла гэтая крыніца электрычнасці яшчэ ў пяцідзясятыя гады дваццатага стагоддзя. Прылада была пакрытая чорнымі разводамі паліўна-алейнай сумесі.
— Пасвяціце, кшталту, сюды, калі ласка, — папрасіў Сямён Чапля. Я стаў за ім, скіраваўшы ліхтарык за ягоную спіну.
Ён адкінуў накрыўку з маторнага аддзела, агаліўшы счарнелае праз змазку і застарэлае паліва патрубкі. Я паспеў пабачыць нешта дзіўнае — празрысты, нібы складзены з пушынак дзьмухаўца, абрыс гарбатага каменя. Сямён моцна дзьмухнуў — і прывід пераўтварыўся ў попел, асыпаўся, скрышыўся ўніз. На ягонае месца ён паклаў адну з камлыг, якую прывалок з сабой. Пасля замкнуў маторны аддзел, шчоўкнуў фіксатарам, прымацоўваючы накрыўку, кінуў другі камень пад колы і рвануў прамаслены шнур стартара. Нічога. Рвануў яшчэ. І тут прылада ўздрыгнула і завібравала. Нешта прывяло ў рух нябачныя воку поршні. Шум быў не такі гучны, як падчас працы дызельнага ці бензінавага матора, але генератар гучаў. Мне ў бок ударыў пругкі струмень цёплага паветра. Яно пахла катлом з лазні. Праз секунду на столі міргнуў і ажыў жоўты ліхтар, закратаваны ў армаванае шкло. Лямпачка паступова набрыняла электрычнасцю і спынілася прыкладна на чвэрці сваёй колішняй моцы. Гэтага было дастаткова, каб пабачыць габарыты ўстаноўкі, што займала пакой, але чытаць пры ззянні такой інтэнсіўнасці было б немагчыма. Прывіднае, бледнае святло запалілася і ў наступным холе — там, куды ад генератара вялі драты.
— Як гэта працуе? — ускрыкнуў я. — Энергія з камянёў? — Штукарства Пастуха, — паўтарыў Чапля, бліснуўшы кукурузінамі.
Я выключыў налобнік і наблізіўся да ўстаноўкі. Паклаў руку на метал накрыўкі — ён зрабіўся цёплым.
— Ці гэта магчыма? Тэхналогіі будучыні? — спытаўся я, усё яшчэ не даючы веры сваім вачам. — Э не! — Чапля дыдактычна падняў палец. — Пастуху б гэтая здагадка не спадабалася! Ён шматкроць падкрэсліваў: электрычнасць — мінулае. Тэхналогіі будучыні будуць абмінаць электрычнасць. Тэхналогіі будучыні будуць скіраваныя на супрацу з прыродай, а не на яе спажыванне. Не важна, што ты спажываеш: нафту, вадарод, зямлю ці граніт. Важна, што сам гэты падыход сябе вычарпаў. — Але ж камяні! — я не мог не здзіўляцца. — Пастух сказаў, што крышачку аптымізаваў ужо існую прыладу. І што гэта быў адзіны шлях, — Сямён Чапля зрабіў паўзу і сказаў-такі праўду: — Бо я, кшталту, сам — чалавек веку электрычнасці. І, кшталту, ні з чым болей тонкім не паладзіў бы. Так ён сказаў.