Выбрать главу

Я падняў накрыўку. За тую секунду, што генератар яшчэ працягваў вібраваць, я паспеў пераканацца, што камень быў пакладзены проста на плоскае ложа пасярод маторнага аддзела: ніякіх прылад, якія б дапамагалі яго спажываць, воку бачна не было. Рухавік закашляўся ды змоўк, а праз секунду згасла і лямпачка на столі.

— Трэба зачыненым трымаць. Інакш не працуе, — вінаватым тонам пракаментаваў у цемры голас чалавека электрычнага веку. Чапля ў прыладзе разумеў не больш за мяне. Задаваць пытанні пра тэхнікі распаду кварцытаў не выпадала.

Ажывіўшы крыніцу святла, мы выйшлі ў хол, які суседнічаў з генератарным. Гэта быў вялікі пакой са скругленай на манер касцельнай апсіды задняй сценкай. Праз драўляную падлогу тут было не так волка. У нішы месціўся майстравіта выкананы мазаічны партрэт Леніна. Правадыр сусветнага пралетарыяту, які на нямецкія грошы зладзіў рэвалюцыю, што з кантрыбуцыяй выняла Расію з вайны з Нямеччынай, дзе яна перамагала, касіўся ястрабіным вокам. Такі позірк быў у Самуэля, калі ён тлумачыў, што рэакцыі пораху трэба было пакінуць, каб людзі маглі забіваць адно аднаго. Колер на каменьчыках смальты чырвонага сцяга за Леніным быў такі яркі, нібы іх толькі што падфарбавалі лакам для пазногцяў.

Ля нішы месцілася скураная сафа, закіданая неахайнымі і даўно не мытымі вярблюджымі коўдрамі. Блізу яе быў столік з выявай шахматнай дошкі на стальніцы. На ім, побач з выключанай настольнай лямпай, ляжала нейкая адзінокая кніжка. Побытавыя звычкі ўладара падзямелля чытаць было проста, бы кнігу слядоў лесу. Я не ведаю, чаму ад самага пачатку чалавек з ананасам на галаве выклікаў у мяне агіду.

Бліжэй да ўваходу пры сцяне быў масіўны стол, багата закіданы ежай, недаедкамі, ускрытымі скрыначкамі, бляшанкамі, разадранымі скруткамі. Я пабачыў чатыры пакункі антыкварнай савецкай грузінскай гарбаты (“чай чёрный байховый”). Пры іх пашыхтаваўся ўзвод нямытых гранёных шклянак, у якіх, паверх горкі водарасцяў, стала на два пальцы вадкасці колеру мачавіны здаровага чалавека: светлы бурштын. Харчовыя прыпасы не вынеслі з бункера перад запячатваннем праз тое, што яны, падобна, ужо тады былі па-за тэрмінам прыдатнасці. Але тое, што лічылася няўежным за светлымі часамі, будзе яшчэ доўга пад’ядацца ў часы цёмныя. Гэткімі жырафамі, як ананасагаловы, якім пашчасціла без намаганняў спрычыніцца да гастранамічных скарбаў страчаных імперый.

— Тут быў, кшталту, пакой для адпачынку афіцэраў гарнізона, — Сямён трос пальмачкай на сваёй галаве. — Калі Пастух спытаў, дзе мне будзе зручней уладарыць, я абраў гэтую залу. Бо тут паветра больш.

Над сталом на сценцы было графіці — чубатая белая чапля на троне, пафасу якой пазайздросціў бы аўтар бандыцкіх татуіровак у апошнюю дэкаду мінулага стагоддзя. У гэтай мэблі былі і львіныя морды, і тыгрыныя кіпцюры, і калоны, і пілястры, і нават невялічкі порцік на спінцы.

— Вось адсюль, усё, значыцца, і кіруецца, — ён паказаў пальцамі на дзіўную інсталяцыю, што была пад графіці. Праз нацюрморт вынікаў жыццядзейнасці Сымона Чаплі на стале я спачатку і не звярнуў на яе ўвагу.

Гэта былі дзве брудныя таўшчэзныя пласціны шкла, счэпленыя між сабой і склееныя па тарцы. Паміж слізгала рухомая лінза вады. На кожны мой крок стол уздрыгваў, і вадкасць калыхалася ў такт.

— Тут, галоўнае, пусты акварыум быў. На дзвесце літраў, — тлумачыў ананасагаловы. — Каб афіцэры скалярыяў вырошчвалі ў вольны ад падрыхтоўкі да Трэцяй сусветнай час. І, калі Пастух мне сваю задуму растлумачыў, я гадаў: як ён такую складаную штуку вымайстрыць? А ён шкло з акварыума дастаў — яно там на пластылін мацавалася, клаву прычапіў, дрот падвёў — і ўсё! Штукар сапраўдны, кажу ж!

Да стала вёў тоўсты чорны шнур. Пад шкляным “маніторам” ляжала зжаўцелая музейная клавіятура — з тых, дзе кожная клавіша была асобным домікам, з паглыбленнем пад палец наверсе. Мне заўсёды было цікава, ці моцна спружынілі яны, ці лёгка паддаваліся націсканню? Ці трэба было біць па іх, як па літарках друкарскай машынкі.

— Галоўнае, я не ведаю, кшталту, чаму Пастух менавіта мяне абраў. Я вандроўным быў. Ішоў ад Зялёнага Лугу пасля таго, як там жонкі за мужыкоў узяліся. У іх да мяне неяк адразу шмат пытанняў узнікла. Не ўсе разумеюць творчасць. Яна, бывае, павінна і крыўдзіць. Кшталту. Пра балючае трэба казаць. Давялося бегчы. Бадзяўся па пустках. Падрабоўваў паціху — а хто не рабаваў? Я думаю, што Пастух, кшталту, пазнаў ува мне вялікага творцу. Не шахцёру ж такое давяраць!

Мы сталі шчыльна да стала. Ён тэцнуў па зжаўцелай клавішы Esc. Тая паддалася лёгка, са смачным пластыкавым гукам. Я пазайздросціў пісьменнікам старых часоў, якім пашчасціла ствараць вось за такімі прыладамі, больш падобнымі да фартэпіяна. Тым часам па вадзіцы ў шкле пайшла рабізна, якая склалася ў асобныя літары — скругленыя куточкі, раманскі стыль: