HELLO MASTER HERON
Літары не праступалі на вадзе, яны былі зробленыя з вады — зеленаватая тоўшча вакол іх адступала, агаляючы тэкст. Вока міжволі адзначыла напластаванні смарагдавага акварыумнага грыбка, які Сямён Чапля не парупіўся змыць з “манітора”.
— Вось, кшталту. Знаёмцеся. Гэта і ёсць Аракул. — Гэта? — выдыхнуў я. — Не, ну Аракул гэта, кшталту, я. Я — Аракул. А гэта — мой голас. Я ім гавару з цемрай. І дзікімі.
Ён прыняў велічную паставу, зрабіўшыся падобным да зухаватай чаплі на бандыцкім троне. Я нават паправіў стрэльбу, бо заўважыў, што чужая зброя дапамагае яму змагацца з уяўленнямі пра ўласную веліч. І сапраўды, ён амаль адразу перайшоў у рэжым гіда, які вядзе экскурсію па Рэйхстагу:
— Наверсе, побач з панарамным светлавым перадатчыкам — кругавы сканер. Яго таксама Пастух усталяваў. Я не ведаю, як. Пры мне Пастух наверх не лазіў, ды і не залезці туды чалавеку. Там секцыя лесвіцы на двухстах метрах уніз абрынулася — хіба толькі проста па метале караскацца. Сканер аўтаматычна счытвае паказчыкі сямнаццаці светлавых вежаў з населеных пунктаў, якія праглядаюцца адсюль. Тыя збіраюць па ланцугах навіны з іншага свету. Усё сабранае сістэма рэтранслюе без майго ўдзелу, фільтруючы паведамленні, якія ідуць па другім коле. Часцяком мне скідаюцца прыватныя паведамленні. Гэта — самае смешнае. Чукчы пішуць: кшталту, як нам жыць? Скажы, о вялікі! О усёведны! Я тут не надта стрымліваюся. Ну, пішу: ціскайце коз, сукі! Ці там: піце сікуны! Ці: кахайцеся з раллёю! І яны рапартуюць: пакланяемся, Аракуле! П’ем! Кахаемся! Ці будзе дабрабыт? І я адказваю: будзе, шалберчыкі! Чакайце, кшталту! І яны чакаюць! Дзікія! — Чаму “дзікія”? — не стрымаў раздражнення я. — Дык а хто яшчэ ў такія бздуры паверыць?
Я хацеў адказаць, што паглядзеў бы на яго самога пасля таго, як ён пажыў бы ў заселенай драпежнікамі і бандзюкамі цемры. Сярод вёсак, дзе людзі забіваюць сябе, бо ім няма што есці. Сярод туманаў, дзе палююць здзічэлыя сабакі памерам з дызельны генератар. Калі адзіная крыніца ведаў пра свет — караваншчыкі, якія валакуць вугаль ці слодыч пад нежывымі нябёсамі.
— Яны ж там рэальна крануліся ўсе! — працягваў Аракул. — Вы навіны чытаеце? — ягоныя выпуклыя зубы не запаўзалі пад вусны. Яны тарашчыліся, як вочы ў павука. Мне хацелася ляснуць па іх прыкладам. Каб кукурузіны лопнулі і выкрышыліся. Але я слухаў, дыхаючы праз нос. Ён працягваў трашчаць: — Вось, глядзіце, давайце пачытаем. Тэкс. Контрал Эм!
Вадзічка за шклом прыняла форму рухомых радкоў. Літаркі цягнуліся па вызваленай ад вільгаці пляцовачцы, уздымаліся з вады і хаваліся ў ваду.
“На запыт братоў насельнікаў Братэрства Аўтаз тэрыторыя з мэтай навядзення парадку ўзятая пад кантроль Народнай Дыктатурай Кальварыя. Рада Аўтарытэтаў распушчаная, кіраўніцтва здзяйсняе Упаўнаважаны Намеснік Народнай Дыктатуры Кальварыя”.
— Вось і даджэнтрыфікаваліся! — пракаментаваў Аракул. — “Хто быў братком — хай стане братам”, — перадражніў ён аўтазаўскіх пацыфістаў. Толькі фізічная сіла! Толькі кроў! Дзікім трэба моцную руку на шыю! У каго болей зброі, той і будзе ўладарыць над імі! Забівай, заціскай, запалохвай — не прайграеш!
Як і ў выпадку з затапленнем, мне падалося, што Чапля не асуджае, а хутчэй ухваляе жорсткасць. Цікава, ці быў ён такі да таго, як лёс прывёў яго за пульт кіравання рэальнасцю.
— Здаецца, задача чалавека – пашыраць межы дабра. А не рабіць свет дурнейшым, — змрочна выціснуў я. — Вы б маглі перадаць, што Аракул асуджае лютаванне Кальварыі. І людзі прынамсі пачалі б біцца з дыктатурай.
Ён гучна заржаў ды пляснуў у ладкі. Рэха ад гука панеслася па бетонных калідорах. Потым бліснуў на мяне вясёлым вокам. Зразумеў, што я не жартую. Зрабіўся сур’ёзным. Пакасіўся на вінтоўку і ветліва спытаў:
— Я вось забыўся ўдакладніць. Вы чаго б хацелі ад мяне? Якое ў вас жаданне? Бо ў тых, іншых, былі жаданні. Я звычайна пытаюся пасля таго, як усё пакажу і ўжо гатовы весці наверх.
Маё жаданне цяпер палягала ў тым, каб нямоцна яго пабіць. Так, каб на дупе засталіся сінякі, але без крыві, без крыві. Але Ананас быў бяззбройны і ў бойку не лез. Таму я, дыхаючы праз нос, абышоў працоўны стол і наблізіўся да лежака. Спытаў, без асаблівай цікаўнасці:
— І пра што яны прасілі? Мае папярэднікі? Якіх дасылаў Пастух? — Другі папрасіў даць яму клавіятуру. Хацеў напісаць што-небудзь ад сябе. Перадаў нейкую дурасць. Пра экспедыцыю брытанскіх вучоных, якія выйшлі да краю зямнога драніка. Я так зразумеў, ён сам раней журналістам быў, а потым яго тэкставым робатам замянілі. Хацеў запусціць сваю апошнюю сенсацыю. Нешта даказваў сабе. — А першы? — я прысеў за столік, шчоўкнуў выключальнікам лямпы. Тая набіралася святлом вельмі павольна, падсвечваючы цёмна-зялёную вокладку кнігі. — А першы папрасіў уславіць ягонае імя. Яго звалі “Двуххвосты Барсук”. Я напісаў, што ён здолеў казлакапытага забіць. Ён вельмі шчаслівы выходзіў. Казлакапытага! Забіць! Іх жа ўсе дзікія баяцца! Праз нейкі час з Метэарытных Кар’ераў святлом перадалі, што Барсука знайшлі з ускрытым горлам. Але я прыбраў гэта з ратацыі, далей за маю вежу не пайшло. Каб памяць трывала. Дык а што вам было б трэба? — Я прыйшоў сюды, бо хацеў паведаміць, што дарога на горад святла ад Запраўкі да Элеватараў перастала быць бяспечнай, — стомлена сказаў я. — Свінагаловыя забілі там трох знаёмых мне людзей. — Свінагаловыя? — яму і гэта, здаецца, падалося смешным.