Вокладка ў прыцемках падалася мне знаёмай. Фармат А6. Цісненне па франтоне. Невялічкая постаць. Муза, калона. Не верачы, я адкрыў кніжачку і ледзь не выгукнуў уголас: што ў яго робіць мой Герадот? Але Герадот быў не мой. Тое ж выданне. Помнікі гістарычнай думкі Акадэміі навук СССР. Але — квадратная пячатка гарнізоннай бібліятэкі паўночна-заходняй акругі войскаў ПВА. І інвентарны нумар. Ды прыклееная кішэнька для карткі чытача. Апошні карыстальнік — падпалкоўнік Кукуй М. П., люты-красавік 1982.
— Герадот? — я зноўку сцягнуў стрэльбу з пляча. — Герадот?! — А што такое? — спытаў ён з інтанацыяй, з якой людзі звычайна паўтараюць жарт пасля таго, як з яго ніхто не пасмяяўся.
Старанна абмінуўшы вектар стрэлу, ён наблізіўся да століка, узяў томік у рукі. На вуснах лунала павукастая ўсмешачка.
— Герадот, — пацвердзіў Ананас. — Я карыстаўся ім, каб натхняцца. Вы ж уявіце сабе, якая гэта, кшталту, задача: прыдумаць цэлы свет наноў! Галоўнае, калі толькі пачаў перадачы — у мяне ж не было ніякага фідбэку. Дзве вежы найбліжэйшыя працавалі. Са свечкамі, якія сістэма бачыла праз раз. І пісалі, хто ў іх з галадухі акалеў. Хіба цікавы такі свет? Тады я пачаў дадаваць. Пра амазонак. Пра казлакапытых. Мне прыходзіць: ваўкі задралі бедака, які свіней праз лес пераганяў. Я пускаю ў ратацыю: неўры, сука, разарвалі ўзвод салдат! Вось гэта творчасць! Гэта размах! Герадот бы ўхваліў! Ці пішуць: мазурыкі разабралі груз зарадаў. Ахову парэзалі. Я замяняю: казлакапытыя! Казлакапытыя кадыкі людзям павыгразалі! Кроў ручаямі, ажно, сука, булькае! — Дык усё гэта прыдумка? Скіфы, андрафагі, будзіны? Але як тады…? — А то ж! А хіба незразумела чалавеку з галавой?
Я мацней сціснуў стрэльбу. Ананасагаловы разважае пра людзей з галавой.
— Яно-та, канечне, неяк дзіўна зрабілася. Зараз з месцаў пішуць адразу так: “казлакапытыя зарэзалі”. І далей: “Сляды капытоў у крыві”. І я вось думаю. Гэта ж дзікія проста перасцалі, праўда? Бо якія “капыты”? Адкуль? — у ягоных вочах мільгнуў цень страху.
У мяне тым часам наспела рашэнне. Я не разумеў, як мог пабачыць у цемры вастравухія свіныя галовы, калі ўсю гэтую лухту прыдумаў дурнаваты зух, пасаджаны магутным дзіваком у вайсковы бункер. Але з ўсім раскладам дакладна трэба было нешта рабіць. І гэтае “нешта” адназначна мусіла адрознівацца ад пушчанага ў ратацыю паведамлення пра героя-Кніжніка, якога не могуць задраць неўры да затаптаць казлакапытыя.
Я ўскінуў вінтоўку, нацэліўшы яе ў ананасную галаву. Павольна падняўся, з асалодай адзначаючы, што страх вымусіў Чаплю сагнуць ногі ў каленах. Паказаў яму руляй рухацца да працоўнага стала. Калі ён павярнуўся спінай, я з цяжкасцю стрымаў жаданне выпісаць яму нагой па азадку. Дыхаў носам. Эмоцыі кантраляваць прасцей, калі дыхаеш носам.
— Сядай за клавіятуру, — загадаў я. Узяў за плячо ды ўціснуў яго рукой у крэсла, калі ён паспрабаваў завіснуць над сталом стоячы. — Пішы. Пішы наступнае: “Добрай ночы, цёмны свет! Мяне завуць Сямён Чапля”. Напісаў? Яно перадалося? — Трэба на “ўвод” націснуць, — растлумачыў ён тонам экскурсавода. — Вось, я націскаю, бачыце, яно перапаўзае наверх шкла. Перадатчык на вежы пачынае светлавую пульсацыю. Словы зніклі ў вадзе верхняга поля — фраза адасланая. — Добра. Пішы далей: “Я чалавек, як і вы. Па непаразуменні я атрымаў доступ да гэтага перадатчыка”. Напісаў? — Так, перадаецца. Але ж святлу ніхто не паверыць пасля гэтага. Уся светлавая культура загіне. То будзе хаос! Навошта? — істота, якая пасяліла ў гарады-дзяржавы страх перад няіснымі монстрамі, кінула на мяне пытальны позірк з-за пляча. О, як жа я хацеў адкінуць стрэльбу ды настукаць “Хард дэйз найт” на ягоным бубне! Хаця б за эпізод на запраўцы. Але замест гэтага раўнуў на яго басам: — Пішы моўчкі! Далей: “Неўраў не існуе, будзінаў не існуе, андрафагаў не існуе. Казлакапытых прыдумаў я, Сямён Чапля”. Адправіў? Далей: “Верце толькі таму, што бачыце сваімі вачыма”. Цісні ўвод. Апошняе. Выдай капслокам: “НІЧОГА НЕ БОЙЦЕСЯ”.