— Ваша прозвішча і імя? —ставіў пытанні следчы, утаропіўшы ў яго вочы.
Лена сачыла за жаўранкамі высока закінуўшы галаву і шырока раскрыўшы вочы, ні разу не міргнуўшы імі. Тады вочы ў яе зусім як спелыя вішні, такія цёмныя.
— Нацыянальнасць?
Шапачка ўпала на пясок, так высока яна закінула галаву.
— Кажаце паляк? — Следчы яшчэ больш ўтаропіў вочы.— Дзе бацькі і хто яны?
А калі ў яе на галаве прасценькая хустка, яна яшчэ цікавей, яшчэ бліжэй тады. Такая як прынесла клунак.
— 3 кім бачыліся ўдзень, ад самага ранку?
У Дубраўца смешна падстрыжаныя вусы. Бараўскі нават сказаў, што яго па вусах пазнаеш, што комуніст.
— Я цэлы дзень быў дома, адзін.
— Добра. А тых, з кім рабілі сваю справу, таксама не бачылі?
Шаўрук пераскочыў цераз вартавога. Ён бег усміхаючыся, гэта ад таго, што паспелі. А як беглі Бараўскі і Ключынскі, не бачыў. Ключынскі кінуўся бегчы, як толькі паспеў выстраліць у вартавога..
— Хто яны?
— Я не разумею, пра каго вы гаворыце.
— Дарэмна прыкідваецеся. 3 кім вы ўчора былі, мы ведаем і хочам толькі, каб вы сумленна ўсе расказалі, як афіцэр польскай арміі.
Той, што туляўся па завуголлю ідучы за намі, вядома шпіён. Ён пачаў сачыць, калі збіраліся да мяне таварышы. Конны раз’езд паехаў пасля яго паведамлення. Яны не ведалі, куды мы ідзем. проста хацелі схапіць нас, западозрыўшы нешта няладнае. Інакш папярэдзілі-б варту па тэлефону.
— Калі ведаеце, навошта-ж пытаць?
— А хто ў вас у горадзе ёсць з самых блізкіх знаёмых?... жанчына... Хто яна?
Няўжо шпіён прасачыў і за Ленай? Што-ж тады? Яна дзесяць мінут чакала, а шпіён вярнуўся туды. Але-ж ён перш за ўсё павінен быў паведаміць пра нас, а тады ўжо... А на гэта трэба больш дзесяці мінут...
Круміньскі аж заплюшчыў вочы, каб святло не перашкаджала думаць. Трэба было ў момант прадумаць усё.
— У мяне няма ў горадзе блізкай жанчыны.
— Вы дарэмна хаваецеся. Пра вашых таварышоў,— следчы іранічна вымавіў апошняе слова,— мы ўсё ведаем. Яны ўжо далі свае паказанні і расказалі, з кім і дзе вы былі ўчора, перад тым, як пайсці... Так... і пра жанчыну. Вам няма чаго таіцца. Нас не дужа і цікавіць, скажаце вы пра іх, ці не, мы самі ведаем, што вы былі разам і ведаеце іх, а яны вас. Калі не хочаце адказваць, я не буду пытаць аб гэтым. Вам горш будзе, а не мне. Я меркаваў, паколькі я пачынаю толькі справу, зрабіць як лепш для вас... Так... і для вашых таварышоў...
«Яны ўсе жывыя». Гэтая думка прышла ўслед за словамі следчага.
— Вамі цікавіцца сам пан палкоўнік, так... Ён разумее, што вы не па сваёй ахвоце пашлі на здраду, а ў парадку іхнай дысцыпліны. Мы хочам ведаць. хто паслаў вас. Вы разумееце, вядома, што пагражае вам, калі будзеце маўчаць. Падумайце аб маіх словах. Пан палкоўнік зычыць вам дабра і прасіў, але, але, прасіў пачаць справу так, каб даць вам магчымасць апраўдацца. Справа ідзе аб вашым жыцці, а пан палкоўнік гатовы падаць вам руку ратунку...
Следчы пакручваў у пальцах левай рукі аловак, а правай усё расціраў сваю шыю.
Шпіён больш нічога не ведаў, вядома так, ён толькі натрапіў на наш след, як збіраліся і парашыў прасачыць. А за горад пабаяўся пайсці і паведаміў. Таму і коннікі. А больш нікога не ўзялі, вядома не.
— Падумайце,— сказаў следчы.
Круміньскі змоўчаў. Целам усё з большай сілай авалодвала стомленасць. Следчы крыкнуў. У пакой увайшлі жандармы. Круміньскі ўзняўся і пашоў да дзвярэй, у цмяна асветлены калідор турмы.
— Падумайце, пан падпаручык, над сваім лёсам і маімі словамі,— сказаў наўздагон яму следчы. Круміньскі нічога не адказаў і на гэты раз.
У расчыненыя дзверы камеры з калідора ўварвалася святло і Круміньскі здзівіўся свайму ценю. Але святло адпаўзло да дзвярэй і з гэтым цень знік, а каб звыкнуцца з цемрай камеры, Круміньскі заплюснуў вочы. Стаяў не зыходзячы з месца, пакуль перасталі бразгаць, запіраючы за ім дзверы. Як расплюснуў вочы, змеціў перад сабою ўгары вузкую паску неба. Акно з кратамі да ўсяго было яшчэ з двара закрыта спецыяльным шчытом з дошчак. Паміж шчытом і сцяной у гары быў пакінуты невялічкі прасвет, каб зняволены бачыў толькі вузкую паску неба і не мог бачыць вуліцы. Пастаяў пры акне і пашоў да дзвярэй. Не разумеючы, навошта, упёрся плячыма ў дзверы і націснуў іх. І самому стала смешна, што зрабіў гэта. Уцякаць не збіраўся, ведаў, што ўсякія спробы зрабіць гэта — бескарысны. Пастаяў і пашоў да ложка, лёг адпачыць.
Ён не памятаў, ці даўно лёг. Здаровыя ўчэпістыя рукі сціснулі плечы і ўзнялі з ложку.