Выбрать главу

«Дзіўна,— кажа ён сам да сябе і дзівіцца свайму голасу, да таго ён прыглушаны. Мо гэта таму, што перасохла ў горле? Ён адкашліваецца, і зноў паўтарае сказанае раней слова і усміхаецца свайму голасу. Гэтак можна і звар’яцець. Трэба проста адпачыць. Ён стаміўся, не выспаўся, гэта ўсё ад стомленасці. У камеры ложак быў злева ад дзвярэй. Ён па звычцы робіць тры крокі ўлева і натыкаецца рукамі на сцяну. Ложак пэўне не тут. Зусім жа не абавязкова, каб ён у кожнай камеры быў на адным і тым-жа месцы. Тут ён можа стаяць і ля сцяны супроць дзвярэй. Ідзе туды і нічога не знаходзіць. Памятае, што і ўправа ад дзьвярэй каля сцяны ложка няма, але не верыць сабе і павольна, каб не стукнуцца аб што каленямі,— ён яшчэ з дзяцінства ведае як гэта балюча,— ідзе ўздоўж сцяны ажна ў кут і хутка рукой натыкаецца на дзверы. А ложка няма. Здзіўлены спыняецца, каб памяркаваць, што-ж такое. I здагадваецца, што ложка няма зусім. Ну, вядома, навошта-ж бы яго кідалі ў гэту яму, калі-б хацелі, каб ён мог адпачываць на ложку?

Ён спыняецца каля дзвярэй і абмацвае іх. Гладкія, нават няма за што зачапіцца пальцамі. Пасля намацаў невялікую круглую дзірку, закрытую з калідора жалезнай засаўкай. Гэта вочка для перамаўленняў з наглядальнікам. У яе прасоўваецца два пальцы і ўсё. Пачаў стукаць у дзверы. Стукаў нагамі, раз за разам паўтараючы з перапынкамі пяць удараў. Урэшце пачуліся крокі. Хтось падыйшоў і адсунуў з вочка засаўку. У яму пучком уварвалася цмянае святло з калідора сутарэння.

— На чым спаць? — запытаў Круміньскі ў таго, хто быў за дзвярыма. Замест адказу бразнула жалезная засаўка, адрэзаўшы пучок святла і тое, што было ў камеры, апала і знікла.

Значыць развідняла, дзень,— падумаў ён і тады адразу прыпомніў таварышоў.— Іх, безумоўна, гэтак-жа дапытвалі і яны ў гэтых-жа ямах, можа кават побач, за сцяной. Сама рука пацягнулася да сцяны. Удары адскаквалі ад сцяны і глухлі. Каменны мяшок: камень знізу, з бакоў, зверху. Адчуваеш, як цісне на думкі гэта каменная гара і думкі пад ёю паварочваюцца паціху, баючыся быць раздушанымі. 3 думкаю пра таварышоў ажылі ўспаміны пра Лену. Нават не так: Лену ён памятаў праз увесь час, а цяпер усплылі ўспаміны пра першыя спатканні з ёю.

Каб не стаяць на месцы, Круміньскі пачаў хадзіць. Пяць крокаў у адзін бок і пяць назад. Цесна. Калі ісці з кута ў кут наўскасяк, будзе больш. 3 кута ў кут было шэсць крокаў.

...Першы раз яны спаткаліся на адным з паседжанняў, якое скончылася ноччу. Дадому іх накіравалі разам: гэта нагадвала гулянку афіцэра з паненкай і ніяк не наводзіла на думкі аб нелегальным паседжанні. Ён ішоў з ёю, падтрымліваючы яе за локаць рукі, баючыся. што знаёмства на гэтым спатканні і скончыцца. Але праз нейкі час яны зноў сустрэліся, а яшчэ пазней, ім даручылі надрукаваць на сцеклографе некалькі сот экземпляраў адозвы для вёскі, з поваду масавых арыштаў сялян. «Друкарня» змяшчалася ў оптычнай майстэрні. У майстэрні была адбіта вузенькая каморка без акна. Канапа і столік. Калі гаспадар зачыняў майстэрню, яны засталіся ў каморцы і ўсю ноч працавалі. Раніцою гаспадар выпусціў іх, а ўвечары зноў пакінуў у каморцы. Яны двое сутак былі без сна. Досвіткам абодвы настолькі стаміліся, што ледзь валодалі рукамі. Парашылі, каб адпачыць хоць крышку, працаваць па чарзе. Апошняй друкавала Лена. Накладваючы на сцеклограф і здымаючы з яго лісткі паперы, Лена ледзь трымалася і час ад часу схілялася галавой да самых рук, клала твар на рукі і колькі секунд адпачывала. Ад гэтага, калі Круміньскі зірнуў на яе, увесь яе твар быў запэцканы фарбай, як і рукі. Круміньскі зарагатаў.