Выбрать главу

— Што такое?

Замест адказу ён падаў люстэрак, які ўзяў у майстэрні оптыка. Лена доўга пазірала ў люстэрак, жмурачы вочы, паціскала здзіўлена плячыма, а потым павярнулася да Круміньскага і працягнула рукі, каб запэцкаць твар і яму. Ён пераняў яе рукі, затрымаў іх, а яе неяк нечакана прыхінуў да сябе і пацалаваў. Рук не пушчаў і яна не вырывала. Пацалунку крыху здзівілася, але нічога не сказала. а падалася бліжэй да яго і жартуючы пачала туліцца шчакой да яго твару. Хутка прышоў оптык. Яны рагочучы выціралі насоўкамі шчокі, а ён упрошваў хутчэй пакінуць майстэрню, баючыся каб не засціглі ў майстэрні старонніх наведвальнікі.

3 майстэрні оптыка яны выйшлі а восьмай гадзіне раніцы. Каб не звяртаць на сябе ўвагі і каб адвесці ў бок след, калі-б за імі надумаліся сачыць, яны пашлі не дадому, а за горад на рэчку. Далёка за рэчкай, у лугах, дзе стаялі цяжкія, вільготныя туманы, над самымі туманамі плыло сонца. Насустрач сонцу над берагамі рэчкі падымалася пара. Стоячы над берагам яны мыліся, пасля Круміньскі сядзеў на траве, а Лена паласкала насоўкі, запэцканыя фарбай. Стомленасці як і не было і яны ўмовіліся, што спаткаюцца ўвечары.

Пад вечар лістоўкі былі адасланы ў вёску, а часткова былі раздадзены для расклейкі па гораду. Атрымалі такое заданне і Лена з Круміньскім. Пасля дзевяці вечара па гораду хадзіць было забаронена, а лістоўкі расклейваць сама што пасля дзевяці, калі на вуліцах нікога няма. Каб было смялей, узялі яшчэ аднаго таварыша, які служыў у мясцовай жандармерыі. Той узяў вінтоўку і пачаў вадзіць Лену і Круміньскага, апранутага ў штацкае, па гораду, як арыштаваных. На іх не звярталі ўвагі і яны абыйшлі так некалькі кварталаў самага цэнтру горада. Заставаліся апошнія лісткі і было вырашана расклеіць іх на рынку. Але як пачалі клеіць тэкст, запалілі сернічку. У гэты час іх аклікнуў з вуліцы паліцыянт. Яны кінуліся ўздоўж сцяны і зніклі хутка ў адным з вузенькіх рыначных завулкаў. Паліцыянт некалькі раз выстраліў паўздагон ім. Яны таксама адказалі стрэлам, каб паліцыянт не так смела гнаўся за імі. У гэтыя хвіліны Круміньскі адчуў незвычайную трывогу за жыццё Лены. Пазней яны блукалі па гародах, пераходзілі гразкую канаву, пакуль дайшлі да кватэры аднаго з таварышоў. Дайшлі спакойна, але настолькі былі запэцканы ў гразь, што амаль цэлую ноч абмывалі і сушылі адзёжу, каб назаўтра не выклікаць ніякіх падазрэнняў. Гэта было пачаткам іхных самых блізкіх адносін.

Успаміны прыходзілі чарадой, адганяючы стомленасць. І ўсё-ж стомленасць усё мацней і мацней авалодвала целам. Ногі ўсё гэтак жа рабілі шэсць крокаў з кута ў кут, цераз камеру. Хто ведае. колькі яны пратрымаюць яго ў гэтай яме? Трэба захоўваць сілы. 3 гэтым прыпомніў, што даўно не еў. Падыйшоў і пачаў стукаць у дзверы. Вочка хутка адчынілася, але ніхто не азываўся.

— Харчы! — сказаў Круміньскі. Тады з-за дзвярэй хрыпаты голас адказаў:

— Няма загаду на харчы.

— Як гэта?

Вочка моўчкі закрылася. Жандарм-наглядальнік пашоў ад дзвярэй, нясучы за сабой бразгат шпор. Трэба было берагчы сілы, заснуць, каб не быць зусім кволым, калі прыдуць біць. Усё яшчэ не жадаючы верыць, што няма ложка, Круміньскі абыйшоў камеру ўздоўж сцен, памеркаваў, спыніўшыся, а пасля падаўся да сцяны, што супроць дзвярэй і сеў на падлогу, прытуліўшыся да сцяны плячыма. І адразу цела праняў холад: ён быў і ад халоднага камення сцяны і ад падлогі і яшчэ ад таго, што плячыма і нагамі ўгадваў цвіль на сцяне і бруд на падлозе. Ён сядзеў пазіраючы ў бок дзвярэй. Адтуль непрыметнымі хвалямі наплываў сон. Вочы зліпаліся на момант, расплюскаліся, пакуль не наплывала наступная хваля сну і з кожным разам усё больш і больш цяжэлі павекі. Круміньскі падцягнуў ногі да сябе, паклаў на калені рукі і заснуў, схіліўшы на рукі галаву.

Ён не мог уявіць, ці доўга спаў. Першым, пасля сну, было адчуванне голаду. Круміньскі ўзняўся і пашоў да дзвярэй. Доўга і са злосцю стукаў у дзверы, пакуль прышоў жандарм. Калі адкрылася вочка, ён падаўся тварам бліжэй да яго.

— Скажы, каб далі харчы.

Гаварыў са злосцю, з якой стукаў у дзверы.

— Не загадана даваць харчы.— Зноў той-жа хрыпаты голас. Потым пучком святло ўдарыла ў твар і знікла вочка, засланіла жалезная засаўка. Было смешна і крыўдна на самога сябе. На чорта было клікаць жандарма. Мог бы здагадацца, што харчы не даюць зусім свядома, маючы на мэце змарыць, а пасля гэтага вырваць патрэбныя ім паказанні. Але колькі-ж часу гэта працягнецца? За сябе ён зусім спакойны. Ён спакойны і чакаючы катаванняў. Біць будуць, ён гэта ведае, але калі? Як зусім змарнее з голаду? Гэта нават лепш — хутчэй страціць прытомнасць, каб не было адчування болю.