Выбрать главу

Непрыметна для сябе пачаў хадзіць, каб запамятаць на голад. Цікава, што цяпер: дзень ці ноч? Прыпомніў як з дзвернага вочка пучком ударыла ў вочы святло, калі адхінуўся ад яго жандарм. Але ён не паспеў зразумець: дзённае святло ў калідоры сутарэння, ці электрычнасць? Ён страціў адчуванне часу. Каб даходзілі звонку хоць якія гукі, тады лягчэй было-б арыентавацца ў часе. А так нават не будзе ведаць, колькі часу прабудзе ў гэтай яме.

З’явілася думка клікнуць жандарма і запытаць аб часе ў яго. але махнуў рукой і не пашоў да дзвярэй. Доўга хадзіў па камеры з кута ў кут. Часам лавіў сябе на тым, што ідзе спяшаючыся. Калі з-за дзвярэй даходзіў грукат ног жандармаў, спыняўся і напружана чакаў, што ідуць біць. Пасля зноў хадзіў. Калі ногі стамліяліся, садзіўся на сваё месца каля сцяны і засынаў. Гэтак некалькі разоў. У галавс раіліся цяжкія і незразумелыя сны, дужа падобныя на сапраўднасць. Некалькі разоў у сне ён, усхапіўшыся, прыўзнімаўся і чакаў. Хацелася, каб хутчэй прышлі катаваць. Але за дзвярыма было ціха і ён зноў садзіўся да сцяны і драмаў. А пасля, прахапіўшыся гэтак, убачыў прыадчыненыя дзверы. Гэта спалохала. Як-жа гэта ён не пачуў іх з калідора, каб хоць крыху падрыхтавацца. Але ў камеру ніхто не ўваходзіў, а працягнулася толькі рука жандарма і пачуўся хрыпаты голас:

— Пану харчы.

Гэта не адразу дайшло да свядомасці. Чаму харчы, калі павінны былі прыйсці біць.

— Пану харчы,— пераказаў жандарм.— Гэта я ад сябе прынёс, шкада...

Круміньскі падыйшоў да сходак і ўзяў у руку селядца і кавалак хлеба.

— Дзякую.

Дзверы зачыніліся. Круміньскі адыйшоў ад сходак і паднёс хлеб да губ. Адчуў яго пах і не ўкусіў. Хлебны пах ап’яняў. Голад не цётка,—прыпомніў ён прымаўку. Колькі-ж часу я не еў?

Пасля, як з’еў селядца і хлеб, зноў сеў да сцяны і задрамаў. У сне ўбачыў шырокае круглае возера, абкружанае гарамі так, што да яго ніяк нельга падыйсці. Ён доўга спрабаваў зрабіць гэта і не здолеў. Страшэнна стаміўся. Ад стомленасці і праснуўся. Хацелася піць, смага сціскала горла. Зліпліся перасохшыя губы. Падняўся і пашоў на сходкі да дзвярэй, каб паклікаць жандарма. Жандарм прышоў хутка і адкрыў вочка.

— Вады, піць! — сказаў Круміньскі.

Вочка закрылася і за дзвярыма пачуўся прыглушаны рогат.

— Сволачы!

Яго абманілі. Сяліядца далі наўмысна.

А цераз некалькі гадзін прышлі жандармы. На гэты раз ён не спалохаўся. Яму было ўсёроўна. Ён толькі ўзняўся і стаў пры самай сцяне, расставіўшы ногі. Але жандармы ў камеру не пашлі, адчынілі толькі дзверы і самі, зірнуўшы ў камеру, адступіліся ад дзвярэй. Можа іх напалохаў бляск вачэй ягоных? Яны стаялі моўчкі, трымаючы ў руках рэвольверы.

Зноў на допыт — здагадаўся Круміньскі.

— Выходзь! — крыкнуў жандарм і яшчэ далей адступіўся ад дзвярэй.

Гэта быў той-жа габінэт і зноў палкоўнік Шэмет. Значыць гульня, якую надумаўся весці палкоўнік, яшчэ не скончана.

Палкоўнік узяў са стала графін з вадою і пачаў павольна наліваць ваду ў шклянку. Вада пузырылася ў шклянцы, паблісквала ў сонечных праменнях, звінела булькаючы і Круміньскі адчуў яе смак. Ён варухнуў перасохлымі губамі. Палкоўнік заўважыў гэта і ўзяў у руку шклянку, ускінуўшы на Круміньскага вочы. Круміньскі прыкусіў губу.

Палкоўнік піў адкінуўшыся на спінку крэсла, выставіўшы з каўняра гімнасцёркі валяк. Стрымліваючы сябе Круміньскі назіраў, ях змяншаецца ў шклянцы вада. Ён быў зусім спакойны і нічым бы не выказаў сваёй смагі, калі-б не ўзнялася да губ здрадніцкі рука: захацелася сцерці з губ накарэўшую плёнку смагі.

— Пан падпаручык хоча піць?

Круміньскі прыпомніў выпадак на фронце, каля Немана. У палон было ўзята чалавек дваццаць чырвонаармейцаў. Іх дапытвалі, каб дазнацца, хто сярод іх комуністы. Дапытваў таксама палкоўнік. Калі чырвонаармейцы не выказалі комуністаў, палкоўнік загадаў тапіць іх. Чырвонаармейцаў раздзявалі да ніжняй бялізны, звязвалі рукі і ногі і спіхвалі з берага ў раку. Хто выплыве, таму дарую жыццё —сказаў палкоўнік. Спіхнутыя ў раку не спрабавалі плыць, знікаючы ў вадзе. іхныя таварышы стаялі на беразе, моўчкі пазіраючы адзін аднаму ў вочы. Гэта было прысягай. Яны чакалі сваёй чаргі, каб быць спіхнутымі ў раку. Калі аднаму з чырвонаармейцаў неяк удалося ў вадзе ўжо вызваліць рукі і ён пачаў плыць да супроцьлеглага берага ракі, палкоўнік загадаў расстраляць яго. І калі расстраляны тапелец на адзін момант нерухома лёг на вадзе, распрастаўшы рукі, чырвонаармейцм запелі інтэрнацыянал. Яны пелі стоячы тварам да ракі, а за плячыма ў іх стаялі здзіўленыя легіянеры і збянтэжанае афіцэрства. Палкоўнік разгубіўся, кінуўся з крыкам да чырвонаармейцаў, загадваючы маўчаць і некалькі чалавек расстраляў сам. За палкоўнікам на чырвонаармейцаў кінулася некалькі афіцэраў і пачалі растрэльваць іх. Песня слабела, яе заглушалі стрэлы, і ўрэшце змоўкла. Над рэчкай, на самым беразе яе, на ўтаптанай, акрываўленай, тлустай траве ляжалі трупы застрэленых чырвонаармейцаў. А ўнізе праплывала спакойная у сваёй шырыні цёмная сінява ракі.