Круміньскі не заўважыў, як адчыніліся дзверы камеры. Калі ён павярнуўся тварам да дзвярэй, яго на момант асляпіла святло электрычнага ліхтарыка і не паспела яшчэ сыйсці з вуснаў усмешка, абуджаная ўспамінамі пра свісток, як абудзілася пачуццё страху. Па сходках, сагнуўшыся, ад чаго плечы яго здаваліся на адным узроўні з вушамі, сышоў Кірыльчык. Ён трымаў у левай руцэ ліхтарык, шукаючы святлом Круміньскага, яго твару. За ім сыйшлі, гэтак жа сагнуўшыся, як бы рыхтуючыся біць яго галовамі, жандармы. Адзін з іх прычыніў за сабою дзверы. Момант адзін Круміньскі нічога не разумеў. Было падобна, што ў стройны лад мыслей уварвалася нешта зусім незнаёмае і лішняе. Потым зразумеў, што прышлі біць яго і ўсё цела, ужо угадваючы боль, напружылася, нервы наструніліся да звону ў вушах і ён застыў на месцы. Некалькі ўсяго секунд стаяў ён так, адчуваючы як да апошняга сціскаецца ў тугі камяк усё цела, як туга нацягваюцца нервы. Да болі ў вачах. Стоячы ён чуў, не адгадваў, а чуў як стукае сэрца і чуў як сапе, набліжаючыся да яго, Кірыльчык. А Круміньскі нават стрымліваў дыханне. Святло ліхтарыка спаўзло з твару на грудзі і ён, павёўшы за святлом погляд, убачыў каля грудзей сціснутыя ў кулакі рукі. У твар дыхнула пахам гарэлкі. І за гэтым, ускрыкнуўшы, Кірыльчык ударыў кулаком у грудзі каля левага пляча. Удар быў не вельмі моцным, але за ім Круміньскі адчуў, што цела вызваляецца ад несцерпнага напружання. Ён здолеў скрануцца з месца і адступіўся да сцяны. Ужо калі адчуў локцямі рук холад сцяны, ударылі ў твар і адначасова ботам у калена і зноў кулаком у грудзі. Кірыльчык узвізгнуў і адскочыў, але адразу накінуліся жандармы. Удары сталі больш частымі. Хаваючы ад удараў твар, згінаўся, аддаляючыся ад сцяны галавою, але тым з большай сілай удараўся аб яе. Калі ўпаў на падлогу, памятаў яшчэ, што трэба як небудзь схаваць твар і лёг на падлогу грудзямі. Тады адчуў тварам прыемны холад падлогі, які расплыўся па целу і знік у густой і цяжкай цішыні. Калі ён пасля паспрабаваў расплюснуць вочы, цішыня, густая і чорная размашыста пагойдвалася. Ён як бы плаваў ў ёй сваім згубленым, стаўшым чужым, целам. Пасля цішыня разарвалася, напоўнілася незмаўкаючым звонам, а цела апала на холад каменнай падлогі і адчулася больш як сваё. Цела заныла тупым і нясцерпным болем. Балелі і сківіцы, так моцна былі сціснуты зубы. Паспрабаваў прыўзняць галаву. Звон пасіліўся і перад вачыма замітусіліся няўлоўныя, рознакаляровыя іскры. Падцёг па падлозе руку і тварам лёг на яе. Твар саграваў уласным сваім дыханнем. Паспрабаваў разняць вусны, але яны толькі шавяліліся, пачуўся ціхі, прыглушаны стогн. За гэтым раптам мільганула страшная думка пра страту здольнасці гаварыць; ён ведаў пра выпадкі, калі чалавек нямее пасля збіванняў. Правяраючы сябе, з сілай разняў вусны і пачуў уласны голас, як назваў імя Лены. І тады захацелася адчуць на ілбе прыемную прахладу яе рукі.
* * *
Калі Лена прышла да Дубраўца, у яго сядзеў незнаёмы ёй мужчына.
— Мы ўсё яшчэ не ведаем, што з Багдановічам,— сказаў Дубравец,— але за гэтыя дні яны ўзялі яшчэ некалькі нашых. Давайце мяркаваць на самае горшае. Яны можа быць ведаюць гэту нашу кватэру, я так уяўляю і, калі ведаюць, пастараюцца ўзяць нас у апошні дзень, мяркуючы, што нас збярэцца больш. Ім нават выгадна крыху пачакаць, каб мы супакоіліся і сталі менш асцярожнымі. Так, Лена?