— Так.— Яна пазірала ў твар яму, яшчэ не разумеючы, да чаго ідзе гутарка.
— Гэта ў горшым выпадку. А можа і не быць таго, тады добра, але трэба сёння думаць пра магчымасць горшага. Мы зменім нашу кватэру. Спатканні ўсе будуць у яго,— кіўнуў галавою на незнаёмага. Час ад часу я буду заходзіць да цябе. Ты, Леначка, усіх ведаеш і адрасы і адразу звяжашся з усімі, гэта калі здарыцца што тут у мяне. Але ты не палохайся,— засмяяўся ён, змеціўшы і здзіўленне і трывогу ў поглядзе Лены.
— Не, я ўсё разумею, але-ж ты так гаворыш...
— Гэта адно,— сказаў Дубравец,— да гэтага давядзецца табе, Леначка, з гэтым таварышом лісток адзін надрукаваць. Таварыш друкар.
— Саламонам мяне завуць, давайце паздароўкаемся,— сказаў незнаёмы.
Лена паціснула яго руку.
— А мяне Ленай.
— Добра,— сказаў друкар.— Я ведаю, дзе вы жывеце і ўвечары зайду. А цяпер бывайце.
Лена сачыла поглядам за друкаром аж пакуль ён знік за дзвярыма.
— Гэта беспартыйны чалавек. У яго сын там, чырвонаармеец. А тут у яго «амерыканка». Ніхто не ведаў, а ён прышоў да аднаго з нашых і сказаў пра «амерыканку».
— Гэта вельмі добра,—абрадавалася Лена,— бо я думала, што лісток на сцеклографе давядзецца ціскаць. Я, здаецца, расказала, мы аднойчы з Міхалём на сцеклографе друкавалі, запэцкаліся ў фарбу, ледзь адмыліся... Ну што чуваць? Што там? — Яна ўзнялася з зэдліка, на які была прысела і падалася бліжэй да Дубраўца.
— Іх білі? Так?..
— Сядзь, я раскажу. Нам давялося дазнацца толькі, што іх па некалькі разоў дапытвалі, што справу цяпер вядзе сам Кірыльчык.
— Іх білі...— паўтарыла Лена.
— Ты не хвалюйся. Мы-ж ведалі, што будуць біць і напэўна білі, вядома...
— Няўжо-ж хутка канец?.. Так хутка... Што-ж рабіць, таварыш Дубравец?
— Мы зробім ўсё, што здолеем, каб іх выратаваць. Калі будзе такая магчымасць, то толькі ў самы апошні дзень, па дарозе...
— Я баюся... таварыш Дубравец.
— Мы зробім ўсё, што здолеем.— Ён стаяў над ёю, схіліўшыся да яе галавы і пальцамі перабіраў рог яе хусткі. — Ты-ж не маленькая і комуністка, павінна разумець, што хвалявацца табе ў тваім стане не можна, хоць я і мала разумею ў такіх справах.— Выпусціў з пальцаў хустку і лёганька паклаў руку на галаву ёй, пачаў гладзіць.—Табе трэба быць як мага больш спакойнай, не маленькая-ж.
Ён злаваў на сябе, што не знаходзіць слоў, якія хацеў бы сказаць у гэты момант Лене, а Лена схапіла рукамі яго за пінжак і хуценька прытулілася галавой да яго. Ёй не хацелася, каб Дубравец убачыў на яе вачах слёзы.
— Я баюся,— сказала яна яшчэ раз. Гэта вельмі цяжка.
Калі Лена сабралася ісці дадому, Дубравец перадаў ёй густа спісаны алоўкам лісток паперы. Лена асцярожна склала яго, каб не скамячыць і схавала ў валасах пад хусткай. Дубравец усміхнуўся. Тады яна сказала:
— Адсюль ніколі не згубіцца і не дужа знойдуць, калі-б шукалі.
Надвячоркам дадому да Лены прышоў друкар, з якім пазнаёміў яе Дубравец. Ён прывітаўся з хатнімі, паглядзеў на Лену, на леніну маці, у вачах якой блукалі цені спалоху, зноў на Лену, пытаючы поглядам, ці можна што гаварыць і калі Лена, смяючыся, заківала галавою, сказаў:
— У мяне ўжо ўсё падрыхтавана, варта хутчэй пайсці.
Леніна маці здзівілася:
— Дык гэта з вамі і старыя ёсць?
Тады друкар па смешнаму неяк варухнуў плячыма.
— А што ты зробіш, калі трэба.
Яны пашлі. Дома друкар адразу завёў Лену ў хлявушок, у якім стаяла яго карова і паказаў на вузкія дзверы адгародкі.
— Там,— сказаў ён, а сам пашоў у хату і вярнуўся з лямпай. У цесным закутку хлева, каля дроў стаяла друкарская машына, якую Дубравец назваў «амерыканкай». Дровы былі пакладзены так, што калі-б у закутак зайсці з двара, а там таксама былі варотцы, можна было-б убачыць толькі дровы, пакладзеныя аж пад самую страху.— У два рады дровы,—вытлумачыў гаспадар,— а тут сена ляжыць і ніхто нічога не можа падумаць, калі, канечне, не пашукаць добра.
Машына стаяла каля самых дроў, а ля яе ляжала скрынка са шрыфтамі і папера. Гаспадар павесіў на сценку лямпу, прымасціўся на плашцы дроў, а Лену запрасіў сесці на зэдлік і пачаў корпацца ў шрыфтах. Ён сядзеў сагнуўшыся над шрыфтамі і Лена не заўважыла, як у яго ў руцэ апынулася верстатка. Ён пачаў набіраць. Набіраў моўчкі і толькі як убачыў уважлівы погляд Лены, вытлумачыў, вядучы пальцам па радку набора:
— Пролетарыі ўсіх краін, злучайцеся... Гэта я ведаю, хоць яшчэ ніколі не набіраў для вас. А цяпер давайце разам, вы гаварыце мне.
Лена слова за словам пераказвала змест лістка і за кожным словам гаспадар схіляўся над скрынкаю, пацямнеўшай ад свінца і друкарскай фарбы, дастаючы пальцамі літары. Цень ягоны гойдаўся па сцяне збоку ў Лены. Лена за сваім голасам чулая як пастукваюць літары, становячыся адна за адной, бачыла пацямнеўшыя коньчыкі пальцаў наборшчыка. Калі ў пальцах была літара, над імі кожны раз схілялася пасівелая галава наборшчыка. Схіліўшыся, ён паціху паўтараў словы, сказаныя Ленай.