Позна ўночы, крадучыся завулкамі, Лена ішла дадому. Непадалёк аптэка. Яна дойдзе да аптэкі, купіць там што, а тады пойдзе смялей, не баючыся напаткаць патруль. Некалі горад быў шумны. Пявучы. У такую пару сама што чуліся альбо заліхвацкія песні п’яных, альбо сумныя дзявочыя песні. А цяпер каб хто запеў, гэта напалохала-б усіх. Па гораду, па ўсіх яго вуліцах і завулках, крадучыся ходзіць напалоханая цішыня. Над горадам зорнае неба, але мігценне зор палахлівае і трывожнае, як і подыхі веснавога ветру, што нагадвае неспакойнае дыханне заснуўшых людзей.
Дома дзверы Лене адчыніла маці і паціху пацалавала яе. Гэта было выяўленнем радасці, што дачка вярнулася да яе. Маці сказала ёй пра вячэру, якую прыгатавала, а сама паціху пашла і хутка Лена пачула, як яна зашапталася ў спальні з бацькам. Слухаючы іхны шэпт, яна пашла ў свой пакой і стала на сваім заўсёдашнім месцы пры акне. Кожны крок дзяцей сваіх бацькі ахоўваюць сваёй трывогай. Яна таксама хутка будзе маткай. Гэта вялікая радасць даваць пачатак жыццю. Чалавек так лёгка мірыцца са сваім адыходам з жыцця таму, што бачыць працяг свайго жыцця ў дзецях. Яна носіць пачатак новага жыцця ў сабе. Маці. Ёй спрадвеку прызначана ў жыцці быць крыніцай любові і пяшчот. I яна не здрадзіць гэтаму прызначэнню. І як ніколі, як ніводная маці будзе багатая гэтымі пачуццямі. Але як не менш святое пачуццё, яна будзе насіць у сабе і пачуццё нянавісці. 3 малаком, з сваёю крывёю, яна прышчэпіць пачуццё нянавісці і яму. Чалавек, якому яна дасць жыццё, прынясе гэтую нянавісць непарушнай праз сваё жыццё, ідучы дарогай у новы свет, зусім іншы ад таго, у якім жыве яна.
За акном нерухома стаялі радам высокія тапалі. Над імі чарадой, табунамі махнатых і бяскрылых птушак плылі хмары. А яшчэ вышэй, за хмарамі, гасячы зоры святлела далёкая, дрыготная сінява.
* * *
Раніцою на трэці дзень па ўсяму гораду, на частаколах і брамах, на сценках камяніц і драўляных дамоў, на лесвіцах і нават на дзвярах контрразведкі аказаліся расклеяныя комуністычныя лісткі, падпісаныя павятовым камітэтам комуністычнай партыі большэвікоў. Лісток расказваў пра інквізітарскую дзейнасць дыфензывы, называючы доўгі спіс закатаваных у яе засценках. Расказваючы адначасова праўдзіва пра становішча фронта, пра перамогі Чырвонай арміі. лісток клікаў непакорных і смелых у партызанскія атрады, на барацьбу. Лісткі ўзнялі на ногі дыфензыву. Па вуліцах, завулках і на дварах пашлі жандармы, зрываючы лісткі, сашкрэбваючы іх нажамі. Гадзіне а дзесятай лісткоў ужо нельга было ўбачыць, але праз гадзіну яны адначасова з'явіліся і на станцыі сярод пасажыраў і на рынку ў сялянскіх вазах. Чыясьці нябачная рука падкладвала іх пад чамаданы і клункі пасажыраў, пад тарэлкі на сталах станцыйнага буфета і засоўвала ў сена на вазах на рынку. Толькі што заспакоіўшыся, дыфензыва зноў узняла свае сілы: на вуліцах з'явіліся коннікі, а па рынку зашмыгалі жандармы, перапранутыя і ў форме.
Коннікаў як ніколі яшчэ багата з’явілася на вуліцах увечары. Пазней уночы на гарадскія ўскраіны і на чыгуначны пасёлак пашлі ўзброеныя групы жандармаў і легіянераў, а на другі дзень па ўсяму гораду была расклеена абвестка прыгавору палявога суда, падпісаная палкоўнікам Шэметам. У абвестцы пісалася, што пастановаю палявога суда камандзіра акружнога этапа дня дваццаць сёмага красавіка тысяча дзевяцьсот дваццатага года, за здраду і змову супроць войска польскага, прыгавораны на кару смерцю цераз расстрэл чатырнаццаць чалавек салдат і цывільных. Сярод чатырнаццаці прыгавораных быў падпаручык арміі польскай Міхал Круміньскі, паляк, салдат Бароўскі Ромусь, паляк і цывільныя: Шаўрук Аляксей, Ключынскі Уладзімер і Багдановіч Язэп. У канцы абвесткі паведамлялася, што прыгавор цераз дваццаць чатыры гадзіны будзе выканан.
Каля абвестак першымі пачалі збірацца дзеці, пасля жанчыны і пазней, убачыўшы, што паліцыянты, якіх стала на вуліцах больш як заўсёды, не разганяюць людзей, пачалі збірацца мужчыны. Людзі нясмела загаварвалі паміж сабой, перачытаўшы абвестку, насцярожана азіраліся і толькі адыходзячы асмельваліся кінуць адно-два словы. Потым жандармы ўзялі некалькі чалавек за выказаныя імі каля абвесткі словы ў дыфензыву. Вестка пра гэта ў момант абляцела ўвесь горад. Людзі баяліся гаварыць. Падыходзілі, моўчкі чыталі прозвішчы і імёны прыгавароных да расстрэлу і адыходзілі гэтак-жа моўчкі, саступаючы месца другім. Так праходзяць жывыя каля мерцвякоў, баючыся парушыць словамі іхны спакой, прыходзячы развітацца з імі.