Дайшоўшы да месца, дзе вуліца крута павяртае ўлева на загараддзе, да кальвінісцкіх могілак, Круміньскі прыпыніўся. Яго здзівіла, што па ўсёй вуліцы ў такую пару не напаткаў патруля. Прыслухаўшыся да наваколля, ён пашоў у завулак направа. 3 завулка ён хутка трапіў на маўклівы і гразкі пляц гарадскога рынку, перашоў яго наўскасяк і апынуўся перад патрэбным яму домам. Гэта быў белы двухпавярховы дом. Круміньскі ведаў яго. Наверсе жылі жандармы, а ўнізе ў сутарэнні— майстэрня, гаспадар якой рабіў хамуты, сядзёлкі, аброці, сырычныя і ладзіў сёдлы. Хамут і сядло намалёваны на саржавелым кавалку бляхі, прыбітым да сцяны каля брамы.
Круміньскі прайшоў паціху абмінаючы дом і зірнуў на адно з вокан сутарэння. На акне каля самай шыбы вазон. Гэта знак, што можна зайсці. Павярнуўся і гэтак-жа паціху падаўся ў браму і пад лесвіцу ў дзверы майстэрні. Чыркаючы запалкі прайшоў цёмны калідорчык. На стук дзверы адчыніліся не адразу. Раней санлівы і злосны голас гаспадара майстэрні пытаў хто стукае. Увёўшы Круміньскага ў майстэрню, гаспадар затрымаў яго ў сваім цёмным пакоі і адчыніў дзверы ў суседні асветлены. Тады Круміньскі змеціў побач з сабою складзеныя каля сцяны хамуты. Ён усміхнуўся. Ён заўжды ўсміхаўся, як заходзіў сюды і пазіраў на хамуты і сядзёлкі. Насустрач яму з другога пакоя пашоў Дубравец, нясучы ў руках гімнасцёрку, у якую ўшываў гузікі. Гэта быў мужчына год сарака пяці, русавалосы, з густымі, каротка падстрыжанымі вусамі. Ён падаў госцю руку, затрымаў яго ў дзвярах, вярнуўся загасіць у сваім пакоі святло і тады ўжо запрасіў госця за сабою ў бакоўку.
— Сядай, таварыш падпаручык, чаго так позна? — Падаў Круміньскаму крэсла і сам сеў насупроць яго.— Лены не бачыў яшчэ?
— А хіба прыехала?
— Так, і з важнымі навінамі.
— У мяне таксама важныя навіны. Я толькі што з вечарынкі, ад старшыні гарадской думы. На вечарынцы быў палкоўнік Шэмет. Ён сказаў, што ўчора на нашу станцыю прыбылі платформы з французскімі самалётамі. Іх рыхтуюць для ўдзелу ў наступленні.
Дубраўца паведамленне здзівіла:
— Самалёты на нашай станцыі? Гэта точна?
— Думаю што точна...
— Ну вядома. Я разумею цяпер. Лена прывезла з цэнтра паведамленне, што на адзін з участкаў фронта пасылаюцца самалёты, і загад знішчыць іх, калі будуць на нашым участку. Значыць, трэба знішчыць,— сказаў Дубравец.
— Так...
— Якім чьшам?
— Узарваць. Ікакш нельга.
— Так. Гэта небяспечна для выканаўцаў, вельмі...
— Гэта пэўная смерць, калі ні на месцы ўзрыву, дык пасля,— расстрэл. Я не ведаю дзе стаяць платформы з самалётамі, але ведаю, што іх будуць уважліва ахоўваць.
Памаўчалі.
— Колькі чалавек трэба?
— Чатыры.
— Думаеш менш нельга?
— На шэсць платформ — не. Але заўтра зранку можна схадзіць на станцыю і паспрабаваць даведацца.
— Гэта трэба ведаць точна.
— Трэба каб са мною пашла Лена. Мы пройдземся з ёю на шпацыр. Гэта з ранку, а ўвечары ўзрыў.
Яны не гаварылі пра тых, хто пойдзе выконваць загад цэнтра; Дубравец ухіляўся гэтае гутаркі свядома, бо давялося-б назваць і Круміньскага, а ён не хацеў гэтага зрабіць. Што пойдзе менавіта Круміньскі, ён ведаў, як ведаў гэта і сам Круміньскі. Думка ўзарваць платформы з самалётамі ўзнікла яшчэ на вечарынцы, а асабісты ўдзел у аперацыі мысліўся сам сабою. Яго здзівіла-б, калі-б Дубравец запытаў, ці пойдзе ён, настолькі моцным было рашэнне непрыметна выспеўшае ў свядомасці.
— У Лены я бываю вельмі часта. Заўтра не трэба каб мяне бачылі ў яе,— сказаў Круміньскі.
— Я пашлю Сцёпку і а дванаццатай вы спаткаецеся ля дзвярэй ілюзіёна.
Нейкі час яны абудвы маўчалі. Дубравец зноў узяў у рукі адкладзеную раней гімнасцёрку і пачаў разглядаць яе. Круміньскі падняўся ісці.
— Ці цёпла на дварэ? —запытаў Дубравец, адчыняючы дзверы сваёй бакоўкі.— Можа марозік?
— Здаецца цёпла,—Круміньскі здзіўлена прыўзняў бровы, адгадваючы чаму Дубравец пытае пра надворе.— Далібог-жа не памятаю, здаецца, гразь. Ну так, гразь,— прыпомніў ён рыначны пляц.
Перад дзвярыма Дубравец доўга трымаў руку Круміньскага, як бы збіраўся што гаварыць, а сказаў толькі сваё звычайнае:
— Значыць да заўтрага, таварыш падпаручык.— Паціснуў руку і вярнуўся ў кватэру.
* * *
Лена, дачка мясцовага настаўніка сярэдняй школы, працавала ў партыйным камітэце ў ролі тэхнічкі. Яе абавязкам было дастаўляць і хаваць літаратуру і размяркоўваць яе, хаваць і размяркоўваць зброю, і патрэбную час ад часу жаўнерскую вопратку. Гэта была рухавая, высокая дзяўчына з густымі, незвычайна светлымі валасамі, з парай цёмных, колеру спелай вішні, вачэй на крышку кірпатым твары. Гэта надавала яе твару выраз задзірыстасці і адразу раскрывала ўласцівую яе характару рухавасць. Назаўтра пасля спаткання Круміньскага з старшынёй падпольнага партыйнага камітэта Дубраўцам, Лена роўна а дванаццатай гадзіне дня ішла да ілюзіёна. Яшчэ здалёк Лена пазнала Круміньскага. Ён стаяў залюбаваўшыся распухшымі пупышкамі на дрэвах. 3 самага ранку Лена дазналася пра мэту свайго спаткання з Круміньскім і адразу дагадалася пра небяспеку, што пагражае яму, бо хоць пра выканаўцаў аперацыі ёй і не сказалі ніводнага слова, але яна ведала, што ў іх ліку будзе Круміньскі, самы блізкі ёй чалавек. Старалася не думаць пра небяспеку, гэта нібы ўдавалася але калі пайшоў насустрач ён, у грудзях як бы што апала. Можа таму і працягнула да яго абедзве рукі.