Выбрать главу

Даведаўшыся пра абвестку, Дубравец сабраўся пайсці ў чыгуначны пасёлак, але перад тым зайшоў да Лены. Яго сустрэла леніна маці. 3 нейкай надзеяй, якую хавала ў сабе, яна кінулася насустрач Дубраўцу.

— Няўжо-ж гэта і ўсё? Няўжо-ж нічога нельга зрабіць?

Яна пытала, пазіраючы Дубраўцу ў вочы, працягваючы да яго дрыглівыя рукі, у якіх трымала няскончаныя карункі.— Мілы чалавек, як-жа, а?..

— Мы ўсё зробім, каб іх выратаваць, хоць гэта, Тацяна Максімаўна, вельмі цяжка.

Са свайго пакою выйшла Лена. Збляднелы твар яе быў спакойным. Дубравец пашоў да яе і моўчкі паціснуў яе руку. Следам пашла і маці, нясучы перад сабою карункі, забываючыся пакласці іх.

— Я іду ў пасёлак,— сказаў Дубравец.— Мы збярэм свой баявы атрад і зробім засаду каля могілак. Калі будзе магчымасць, мы вырвем іх.

Лена пазірала гэтак-жа спакойна і нельга было зразумець, верыць яна ў магчымасць вызвалення, ці не.

— Таварышы сыйдуцца каля могілак ужо сёння ўночы, а ўсе нашы заўтра будуць на ўсякі выпадак на вуліцы.

Ад Лены Дубравец адразу падаўся ў пасёлак. Там ён зайшоў на кватэру да дэпоўскага слесара і знайшоў патрэбнага яму чалавека. Гэта быў малодшы брат Шаўрука, гэткі-ж здаравяка, толькі больш маўклівы і з больш рухавымі, неспакойнымі цемнымі вачыма. Ён клікнуў гаспадаровага самага малодшага сына, нешта шапнуў яму і той пайшоў з хаты, а цераз некалькі мінут у хату прышло яшчэ двое.

Гаспадыня паставіла на стол скавароду з салам і бутэльку гарэлкі і госці расселіся за сталом. Трымаючы ў руках відэлец, накрэсліваючы на стале дзяржаннем відэльца план мясцовасці, што вакол кальвінісцкіх могілак, Дубравец расказаў аб меркаваннях партыйнага камітэта.

— Трэба сама менш дванаццаць чалавек. Сёння звечара ўсе павінны быць на месцы ў хаце Сяргея Пыжа. Досвіткам пярэйдзеце ў зараснік. Выбірайце месца як мага бліжэй да могілак, каб у патрэбную мінуту дзейнічаць не трацячы дарам ніводнае секунды. Мы будзем у натоўпе, блізка і ўлічым усё да дробязі. Толькі пасля гэтага пашлем да вас хлапчука, Сцёпу. Ён скажа сваё імя і перадасць, што рабіць. Тады вы падыходзіце бліжэй і даяце залл па легіянерах з варты. Мы здолеем зрабіць гэта калі можна будзе толькі ў апошнія мінуты, калі іх прывядуць. Самае лепшае, калі будзе чытацца прыгавор, тады варта будзе найменш падрыхтаванай да нечаканага нападу. Самы момант нападу вызначыць таварыш Шаўрук. Ён адказны за ўсё. Пачынаеце дзейнічаць толькі пасля нашага паведамлення. Да таго ніводнага кроку, інакш мы страцім некалькі чалавек яшчэ, зусім бескарысна для справы і не выратуем таварышоў. Кожны з вас сваім непрадуманым учынкам можа загубіць усіх. Без загаду таварыша Шаўрука ніводнага кроку... Гэта адно,— сказаў Дубравец,— а другое і не менш важнае, чым бы не скончылася наша спроба выратаваць таварышоў, неабходна заўтра вывесці з гораду партызанскі атрад. Фронт недалёка. Мы выраслі, каб дзейнічаць шырока, каб збіраць вакол сябе ўсе нашы сілы. Заўтра для гэтага найбольш удалы выпадак. У горадзе будуць папярэджаны ўсе таварышы. Трэба, каб былі папярэджаны ўсе і вашы на пасёлку.

У хаце стаяла напружаная цішыня. Цёмныя вочы малодшага Шаўрука сталі нерухомымі і большымі пад прыўзнятымі ўгару брывямі. Ён блукаў поглядам ужо ў заўтрашнім і нібы зусім не чуў, што гаварыў Дубравец.

— Як шкода, што мала ў нас зброі,— сказаў ён, калі Дубравец змоўк.— Людзей хапіла-б, а зброі зусім мала... Каб хоць адзін ручны кулямёт...

— У кожнага з вас будзе маузэр,— сказаў Дубравец.— Калі давядзецца дзейнічаць, гэта не горш вінтовак. Калі не давядзецца дзейнічаць, вы ўзброенымі ўвойдзеце ў натоўп. Мы павінны заўтра вывесці з гораду ўсю зброю. Там яна будзе больш патрэбнай.

Калі ўсё было вырашана і былі вызначаны людзі, якім даручалася партыйным камітэтам ісці баявой дружынай на выратаванне таварышоў, Дубравец яшчэ раз папярэдзіў Шаўрука і прысутных аб адказнасці, яшчэ раз сказаў, што дзейнічаць яны пачынаюць толькі пасля належнага папярэджання і сабраўся пайсці. Але ў самым парозе яго пераняў гаспадар, які з’явіўся дадому.

— Прышлі і на самыя вароты наляпілі,— сказаў ён.— Усё страшаць. Наляпілі, а самі, аж пяцера іх, стаіяць і чакаюць, што будзе. Ну, мы спачатку не пашлі чытаць, а потым перакінуліся словамі і пашлі ўсе адразу. Іх ад варот адцерлі, а самі кругам сталі. Адзін у голас прачытаў... Тыя ўсё стаяць, чакаюць, што хто скажа, а мы маўчалі. Пасля неяк адзін, другі шапкі знялі і ўсе за імі знялі і без шапак стаялі. Кожны разумее, за што людзі гінуць. Гэта іх больш за ўсё напалохала. Галоўнае, ўзяць няма каго, а ўсіх нельга. Пашлі яны на станцыю, да начальства мусіць, каб паведаміць, што ўбачылі, а мы назад у дэпо.