Паслія гаспадар зірнуў на стол, на некранутую гарэлку і закуску і здзіўлена развінуў рукі:
— 3-за стала госці вылезлі, а на стале ўсё нечапанае. Так не можна. Ты, Тарасавіч,— звярнуўся ён да Дубраўца,— павінен са мною выпіць. Мы равеснікі,—вытлумачыў ён,— куды толькі разам не траплялі, дзе толькі не былі, а я цяпер часта думаю: Тарасаў гэта сын, ці не Тарасаў? Ты лепш за мяне гора чалавечае ўбачыў і падняў яго высака. Калі чалавек расце, ды для сябе толькі жыве гэта адно, а калі жыве для ўсіх такіх як сам, усіх іх падымаючы, тады зусім іншае: за такім кожны рабочы чалавек скрозь пойдзе.
Гаспадар падаўся да стала, а за ім, ад парога ўжо, вярнуўся і Дубравец і прабыў у хаце яшчэ чвэртку гадзіны.
* * *
Калі вярнулася прытомнасць, першым, што адчуў Круміньскі, было здзіўленне: узняўшы галаву ён убачыў перад сабою і падлогу і шэрую сцяну камеры. Гэта не было сном. Вакол яго святло, якога не было ўвесь час. Падцёг ногі і локцямі рук паспрабаваў абапёрціся на падлогу, каб сесці. I адразу ўскрыкнуў, уздрыгануўшы. Правая рука была або вывіхнута, або зламана, не мог валодаць ёю. Гэта напалохала: нельга-ж будзе рабіць правай рукой. А за спалохам прышла на памяць невялікая зала, у якой яго ў апошні раз дапытвалі і абвясцілі прыгавор. Гэта-ж адтуль яго і прывялі ўжо сюды ў камеру, а не на ніз, таму і святло. І рукі не будуць больш патрэбнымі ніколі. Гэта нават смешна, што пашкадаваў рукі.
Абапёрся на локаць левай рукі, пасля на далонь і сеў. Каб зноў не ўпасці, так кружылася галава, падаўся да сцяны і прыхінуўся да яе плячыма. Перад ім на халоднай каменнай падлозе камеры ляжалі далонямі яго рукі. Ён доўга разглядаў прыпухлыя збітыя пальцы.
Іх напэўне тапталі ботамі. Падняў левую руку і паднёс яе да твару. Пальцы баляць калі згінаць іх. Разглядаючы пальцы, змеціў на сцяне, дзе дзверы, ледзь прыкметныя цені, якія то сыходзіліся, то разыходзіліся, знікалі і зноў з’яўляліся. Цені прыпомнілі аб жыцці па за сценамі турмы. Цені адтуль. Вуліцай праходзяць людзі, а іхныя цені лунаюць на сцяне яго камеры, парушаючы яго адзіноту. Па цені ён пазнаваў, калі да яго ішла Лена.
Абапіраючыся на сцяну ўзняўся на ногі і стаў супроць акна. Яно закрыта шчытом з дошчак, але зверху відзен кавалак неба. Па чыстаму колеру сінявы неба Круміньскі ўгадвае, што цяпер ранак. Ранішняе неба светлае, чыстае ад хмар, якія збіраюцца пазней. І на дварэ багата сонца. Ён даўно не бачыў сонечнага святла, не адчуваў яго цяплыні. Думае пра гэта і не ўмее думаць пра смерць, якая зусім блізка. Затое пра смерць напомнілі харчы, якіх прынеслі на гэты раз больш як заўсёды. Гэта выглядала як грубы і зусім ужо лішні здзек. Вядуць чалавека на забойства і стараюцца накарміць яго лепш, чым кармілі-б, калі-б збіраліся выпусціць на волю, дзе патрэбны сілы. Круміньскі ўздрыгануўся, убачыўшы ў місцы з кашай кавалак мяса на абламанай напалову аголенай костцы. Ён узяў хлеб і кубак з варам і зараз-жа выклікаў жандарма і сказаў вынесці кашу. Жандарм зірнуў на яго здзіўленымі, неразумёнымі вачыма.
— Пан не хоча есці.
Яго здзівіла, што чалавек, якога амаль марылі голадам, адмаўляецца ад мяса.
Цераз некалькі гадзін прышлі жандармы. Круміньскі чакаў іх і пайшоў з камеры зусім спакойна. Адно толькі, перад адыходам спыніўся каля дзвярэй і аглядзеў уважліва камеру. Так робіць чалавек. баючыся пакінуць што-небудзь у вагоне поезда, выходзячы з яго. На турэмным дварэ яго асляпіла сонца і ў вушы ўваншоў адразу гоман горада, які быў непадалёк, вакол турэмнае агарожы. Круміньскі спыніўся, зажмурыўшы вочы, пасля абрадавана зірнуў на сонца. Сонца кружылася, дрыжэла жывым агнём, прапальваючы густую сіняву і патанаючы ў ёй. А то як бы расплёсквалася гуллівымі агнямі і знікала, і вочы не бачылі сонца, а бачылі шырокія палымнеючыя плямы на сіняве. Гэта адзін момант, а потым зноў вынырала сонца і кружылася, падымаючыся ўгару над бруднымі аблезлымі сценамі астрога і над пашарэўшымі ад пылу ліпамі ў нейчым садзе за турэмнай агарожай. Пыл жоўтымі воблакамі ўзнімаўся над горадам і ападаў на яго.
— Проша, проша.
Жандармы падштурхоўвалі ў плечы, вядучы на сярэдзіну двара, дзе двума шарэнгамі стаялі канвойныя легіянеры. Непадалёк ад іх, вакол драўлянай калодкі стаяла ўжо некалькі чалавек, выведзеных з камер. Яны ўсе пазіралі насустрач Круміньскаму і сярод іх Круміньскі ўбачыў Шаўрука, Бараўскога і Ключынскага. Таварышы падаліся насустрач яму, працягнулі рукі, а Шаўрук, як расцалаваўся з ім, аглядзеў яго і жартуючы заківаў галавою: