Выбрать главу

На бой кровавый,

Святой и правый

Марш, марш вперёд,

Рабочий народ...

Конь гарцаваў пад афіцэрам і, не слухаючы яго, не жадаючы павярнуцца назад, узняўся на дыбкі і пайшоў бокам. Афіцэр схаваў шашку ў ножны, ірвануў каня ў бок і калі той, пагарцаваўшы. пашоў побач з канваіруемымі, пачаў біць іх па тварах бізуном.

Песня абарзалася. Хтосьці з натоўпа крыкнуў:

— Нашто-ж біць! I так-жа на смерць вядуць!..

Яго падтрымалі:

— Каб самога так. Бач, морда якая панская...

І за гэтым асмялеўшыя галасы:

— Не біце!..

— Не маеце права біць!..

— Не чапайце!..

Лена ўздрыганула, пахіснулася, глытнуўшы паветра, але схапілася рукамі за Дубраўца і ўтрымалася, каб не ўпасці. І адразу ўсім целам падалася наперад, да бруку, адкуль пазіралі на яе абрадаваныя вочы самага блізкага ёй чалавека. Каб не адарвацца ад іх, каб не страціць іхнага позірку, яна пашла, распіхваючы наперадзе людзей, вядучы за сабою Дубраўца. Круміньскі бачыць яе, кіўнуў ён галавою і ідзе, не адрываючы ад яе абрадаванага погляду. Яна сабрала ўсе сілы каб усміхнуцца ў адказ яму і кіўнуць яму галавою, напружыла ўсе мускулы твару, але захлынулася паветрам, на вочы апала мутная вадзяністая заслона, галава закружылася і яго твар аддаліўся і знік. Ён ажыў потым у яго голасе, калі зноўку пачулася песня.

Афіцэр павярнуў каня, пад'ехаў да канваіруемых і зноў пачаў біць іх. Прыкаваныя друг да дружкі з рукамі за спінамі, яны не мелі магчымасці бараніцца ад удараў, засланіць ад бізуна твары і схілялі галовы абрываючы песню. Але пелі тыя, што ішлі за імі і тады афіцэр загадаў канвойным, каб білі. Легіянеры ўзнялі вінтоўкі, замахнуліся, пачалі біць ложамі ў плечы. Зноў закрычаў і загаласіў натоўп і ўжо не стрымліваючыся, штурхаючы пярэдніх, сышоў з тратуараў на брук і пашоў за смертнікамі іхнай апошняй дарогай. А ззаду, за натоўпам, паехалі хурманкі з дамавінамі.

Дубравец ішоў у натоўпе, падтрымліваючы Лену. Побач ішоў Сцёпка. А вакол, апярэджваючы іх і друг дружку, спатыкаючыся, спяшаліся жанчыны. Лена бачыла на вачах у іх слёзы і не саромілася сваіх слёз.

— Я вытрымаю, бачыце, я іду зусім спакойнай,— казала яна.— Я ўсіх іх бачыла, і Міхаля. Ён кіўнуў галавою...

— Я адказаў ім, яны бачылі нас.

Хутка звярнула вуліца ў бок могілак. Палахлівыя, падсляпаватыя хаты ўскраіны адступіліся ад шасе ўбок, за канавы, за платы і частаколы, быццам збаяліся афіцэрскай аголенай шашкі, акрываўленага яго бізуна.

У натоўпе было душна: ад вяснавога сонца, ад разгарачанага дыхання людзей і ад густога едкага пылу. Пыл воблакамі ўздымаўся з-пад ног канвою і шматтысячнага натоўпу людзей, кружыўся над людзьмі і павольна асядаў на іх.

Калі наперадзе, непадалёк ўсталі сцяной высокія, бязлістыя яшчэ, бярозы і ліпы кальвінісцкіх могілак, афіцэр спыніўся, махнуў шашкай і коннікі, якія ехалі за канвоем, спыніліся, павярнулі коняй да натоўпу і пачалі стрымліваць яго. Заднія ішлі, ушчыльняючы натоўп і, калі пярэднія сталі нерухома і прабівацца на шасе стала немагчымым, натоўп ззаду развінуўся на бакі, сышоў з шасе за канавы, займаючы ўсю прастору дарогі аж да платоў, да палісаднікаў і хутка стаў перад коннікамі шырокай жывой сцяной, маўклівай і суровай, слухаючы зноў ўзнікшую песню паведзеных на смерць. Песня то нарастала, то абрывалася, змаўкала і зноў мацнела. Па натоўпу хваляй прайшлі галасы:

— Б'юць!

— Зноў б'юць іх!

І бездапаможны жаночы крык:

— Эх, людзі вы мае, што-ж гэта такое?!.

Натоўп калыхнуўся, загаманіў і рушыў з месца, абыходзячы коннікаў па канаве, каля сялібных платоў, прымусіў іх адыйсці і зноў спыніўся ўжо каля самой агарожы могілак, калі падаспела з гораду ўзброеная рота легіянераў, якая загарадзіла далейшую дарогу штыхамі вінтовак.

* * *

Іх дванаццаць чалавек у дружыне, пасланай партыйным камітэтам на выратаванне таварышоў. Перад гэтым яны цэлую ноч былі ў хаце аднаго з сваіх таварышоў, куды сыйшліся з вечара, а досвіццем псрабраліся ў зараснік да могілак і цяпер ляжаць за куп'ем, за кустамі, непадалёк друг ад дружкі. У самай сярэдзіне Шаўрук малодшы. Ён кіраўнік дружыны і адказны за выкананне загаду, які будзе перададзены ім ад Дубраўца.

Яны размясціліся непадалёк ад спарахнелай, паросшай мохам, магільнікавай агарожы. За агарожай густа драўляныя і жалезныя крыжы, каменныя пліты і мрамарныя і каменныя помнікі, а над усім высокія бярозы, ліпы, елкі. Па верхавінах дрэў ходзіць лёгкі вясновы всцер, як вартавы. Ён прыносіць першыя весткі з гораду, гукі далёкай і знаёмай песні іхных таварышоў. Перад гэтым да могілак пад'ехалі коннікі легіянеры, каб адагнаць людзей, што прышлі да могілак ранкам з гарадской блізкай ускраіны і бліжэйшых вёсак. Легіянеры раз’язджалі па шасе, пакрыквалі на людзей, лаяліся, потым ад’ехалі ў канец могілак. Да могілак набліжаўся афіцэр, за якім канвой вёў прыгавораных да растрэлу.