Выбрать главу

Усе ўсміхаюцца, усміхаюцца і асобныя з канваіраў, але палахліва адварачваюцца ад іх. Канваіраў палохаюць ускудлычаныя, укрытыя пылам іхныя валасы. Валасы пазліпаліся над ілбамі ад крыві. Кроў, плямы крыві і на тварах, парасяканых бізуном. Канваіраў палохае іхны выгляд і тое, што яны жартуюць, ідучы на пэўную смерць.

І адзін з канваіраў, вылаяўшыся, гаворыць:

— Яшчэ весяла ім. Маўчаць трэба...

— Дурань,— кажа да яго Шаўрук.— Не я-ж цябе растрэльваць буду, а ты мяне, чаго-ж ты баішся.

— А ён наперад баіцца, каб хаця і яго калі не растралялі,— кідае адзін са смертнікаў.

— Яго абавязкова растраляюць,— жартуе Шаўрук.

Легіянер лаецца і замахваецца вінтоўкай, але апускае яе не ўдарыўшы.

* * *

Шчыльным радам стаяць легіянеры. Штыхі іхных вінтовак на ўзроўні грудзей чалавека. Штыхі злёгку пагойдваюцца. На штыхах паблісквае сонца. Людзі стаяць супроць штыхоў маўклівыя і насцярожаныя. Час ад часу пярэднія павяртаюць галовы і просяць задніх не націскаць. Маўклівасць парушаецца ціхім працяглым галошаннем, падобным на песню, якім жанчына расказвае пра дзяцінства свайго сына, паведзенага на расстрэл. Жанчына стаіць закрыўшы твар рукамі. Галосячы яна хістаецца ў бакі. Побач з ёй плачуць іншыя.

Слёзы і на вачах у Лены, хоць яна стаіць нерухомая і маўклівая. Час ад часу прарываюцца як стогны, поўныя роспачы ўзрыды. Страціўшы сілы ў галошанні, бацькі і мацеркі пачынаюць думаць, што вось-вось іхных дзяцей заб’юць. Тады прарываюцца ўзрыды. Ім усё яшчэ ніяк не верыцца, што дзеці іх будуць мёртвымі, забітымі. .

— А-а-ай! — нясецца над натоўпам.— Людзечкі мае!.. Ратуйце!..

Лена ўздрыгвае і абодвума рукамі хапаецца за Дубраўца. Дубравец гладзіць яе рукі, акідваючы поглядам рады легіянераў, што загарадзілі дарогу на могілкі, пазірае на рулі вінтовак, нацяглых у грудзі людзям і як бы ў чым праконвае сябе, гаворачы паціху: «дужа багата іх». Пасля яшчэ раз акідвае поглядам рады легіянераў, нахіляецца і нешта зусім ціха шэпча на вуха Сцёпку. Аж два разы так. Сцёпка ківае галавой, што ўсё зразумеў, кідае погляд на Лену і непрыметна адыходзіць ад іх, знікаючы ў натоўпе.

* * *

Іх спынілі ў самым канцы могілак і паставілі блізка шырокай і доўгай ямы, нядаўна выкапанай. Частка легіянераў стала на абодвы бакі ад ямы, а рэшта, двумя радамі, па камандзе афіцэра, стала супроць іх на адлегласці пятнаццаці крокаў. Яны стаялі на мяккім свежым пяску і кожны адчуваў за плячыма халоднае дыханне глыбока разрытай зямлі.

Угары над імі верхавіны дрэў. Там галасы птушак, крыкі гракоў. Гракі табунамі ўздымаюцца над верхавінамі бяроз і з крыкам кружацца над імі. Яны нагадваюць варон і Круміньскі прыпамінае старую рускую салдацкую песню, якую некалі спявалі ў вёсцы. «Понапрасну, воран, вьешься над моею головой. Ты добычм не дождешься, я солдат ещё живой».

Непадалёк ад магілак хата і двор, агароджаны частаколам. Каля хаты кусты чаромхі. Чаромха зялёная ўжо і хутка будзе цвісці. Лена вельмі любіць чаромху, пах яе кветак. Чаромха будзе цвісці і пад яе акном, а яна будзе цэлымі вечарамі прастойваць ля акна, на іхным улюбёным месцы.

За могілкамі луг і поле. 3 поля даходзяць спевы жаўранкаў і здаецца, яны ляцяць разам з промнямі заходзячага сонца, якое плыве блакітнай рэчкай, паміж награмаджаных гарамі, па баках яе, чорных хмар.

— Акурат як рэчка,— кажа Шаўрук, паказваючы кіўком галавы на неба. Круміньскі пазірае туды і бачыць выгінастую вузкую паску неба, падобную на рэчку. Пра рэчку думае Шаўрук, прыпамінаючы выпадак на фронце, да таго, як яго пакінулі працаваць у тыле ў белых.

Перад усходам сонца полк увайшоў у сасновы лес у раёне мястэчка Крыжамполь і чакаў задачы. Адпачывалі. Хацелася легчы на зямлю і заснуць. Сонца толькі што ўзнялося, вялікае і цёплае. Зелянела трава, густа пасярэбраная расой. Пахла смалой і краскамі. Пасля кукавала зязюля і ў думках ён загадваў, ці доўга будзе жыць яшчэ. Пасля каманда: на коней і эскадрон, з прыдачай аднаго кулямёта, рушыць у авангардзе палка па дарозе да мястэчка. Праехалі два кілометры, перабраліся цераз рэчку Чарніцу і хутка апынуліся ў чыстым, укрытым узгоркамі, полі. У баку відзен быў невялічкі лясок. І раптам з ляска па эскадрону залп вінтовачнага і кулямётнага агня. Камандзір эскадрона перастроіў эскадрон на хаду для атакі і яны панесліся на лясок. Ехалі шпарка і коні з усяго разгону ўдарыліся ў замаскаваную агарожу з калючага дроту і эскадрон адхлынуў назад, пакідаючы трупы таварышоў.