Выбрать главу

Афіцэр чытаў прыгавор, а Шаўрук не слухаў яго, думаючы пра сваё. Адным з першых на агарожу наехаў старшыня эскадрону. 3 разгону стаў конь, мятнуўся ўбок, гатовы скакаць. а ў гэты момант проста ў яго ўдарыла гармата і знарад знёс старшыну з сядла. Пятнаццаць чалавек не далічыліся ў эскадроне, калі вярнуліся да палка, гэта акрамя параненых. Камандзір не меў ніякага права рабіць выхаду ў поле, не паслаўшы разведку, думае Шаўрук, і пэўна гісторыя скажа, хто вінаваты ў смерці пятнаццаці камандзіраў і баявога старшыні эскадрона.

Афіцэр прачытаў прыгавор палявога суда, схаваў яго ў кішэнь шыняля і загадаў зняць са смертнікаў кайданы.

— Дазваляю развітацца,—сказаў ён, калі кайданы знялі.— Толькі хутчэй, не цягніце.

Гэта ўсім напомніла пра блізкую смерць. У Круміньскага ўздрыгануў твар. Ён падаўся да Шаўрука.

— Давай пацалуемся, таварыш падпаручык,— зноў словамі Дубраўца сказаў Шаўрук.— Нам васмідзесяці год не пражыць, нічога не зробіш.— Ён ўсміхнуўся і абняў Круміньскага.

— Мне Лены шкода,—сказаў Круміньскі.— Хутка дзіця.

— Яно будзе шчаслівей за нас.

— Дзякую.

Так яны ўсе развіталіся адзін з другім і шчыльным радам, каб адчуваць друг дружку лакцямі рук, сталі непадалёк ад ямы.

— Пець,— сказаў адзін з іх,— каб там ведалі, што мы не баімся смерці.

— Інтэрнацыянал пець,—запрапанаваў Круміньскі. Ён прыпамінаў як пелі чырвонаармейцы, калі іх кідалі ў Нёман.

Пець пачалі няроўнымі, няўзгодненымі галасамі і афіцэр іранічна скрывіў губы. Ён падаўся ўбок і закурыў. Але калі галасы ўзмацнелі і ўзнялі песню, у якой жыла апошняя мара людзей адыходзячых з жыцця, сагрэтая ўсёй глыбінёй іхных пачуццяў, песню, якая абудзіла на тварах легіянераў страх, афіцэр выхапіў з зубоў папяросу і закрычаў змоўкнуць.

— Завязаць вочы! — загадаў ён і легіянеры, якія стаялі з боку, кінуліся выконваць загад афіцэра.

— Мы не баімся смерці.

— Вы заб’еце нас, але застанууца жывымі нашы браты...

Афіцэр крыкнуў:

— Тое-ж будзе вашым братам і бацькам.

— Дурань,— сказаў яму Шаўрук.— У нас браты не толькі па крыві. Усіх іх не перастраляеце. Некалі яны растраляюць цябе. Яны ёсць і сярод тваіх салдат...

Афіцэр міжвольна азірнуўся на салдат, адышоў у бок яшчэ далей і, крыкнуўшы каманду, узмахнуў шашкай, рассякаючы паветра.

* * *

Ляжалі нерухома, чакаючы загаду партыйнага камітэту. Іхных таварышоў правялі па могілках, пэўна хутка пачнуць растрэльваць, а загаду ніякага і яны нервуюцца.

— Як тольхі нас паведамяць, пададзімся яшчэ лявей,— кажа Шаўрук малодшы.—Ніводзін наш стрэл не павінен будзе прапасці дарма.

Яны чуюць бразгат адкінутых ад ямы рыдлёвак, каманду афіцэра. Пасля невялікай паузы афіцэр чытае прыгавор. Пра гэта яны дагадваюцца па манатоннаму голасу афіцэра, хоць слоў не чуюць. Усе дапытліва пазіраюць на Шаўрука.

— Мы-ж можам спазніцца,—кажа адзін з іх і ў ва ўсіх па целу бягуць казытлівыя мурашкі страху, што не паспеюць выратаваць таварышоў. У іх дрыжалі рукі, сціскаліся ад нецярплівасці сківіцы, а Шаўруку перашкаджаў дыхаць каўнер кашулі. Ён ірвануў рукой і расхінуў каўнер, вырваўшы гузікі.

— Што за чорт!

— Мы не паспеем...

— Можа не трэба чакаць?

— Давайце паўзці, каб не спазніцца, не ляжаць-жа тут.

— Нельга. Нам паведамяць, што рабіць,— сказаў Шаўрук.

— Калі-ж яны паведамяць?

— Зараз павінны паведаміць. Так умоўлена. Калі толькі будзе надзея на выратаванне, нам скажуць.

— Як гэта калі будзе? Калі будзем ляжаць, то вядома не будзе.

— Тут багата войска. Можа здарыцца так, што мы і іх не выратуем і самі апынімся ў іхных руках.

— За сваю скуру баімся...

— Глупства. Без карысці смерць не геройства...

У гэты час збоку ад іх трэснула нешта. Усе ўпіліся поглядамі ў кусты. Адтуль выпаўз хлапчук.

— Я Сцёпа,— задыхаючыся сказаў ён.— Страляць не трэба, а паўзці назад і ісці дзе ўсе людзі.

— Так сказаў Дубравец?

— Ага, каб не стралялі, а паўзлі назад, дзе людзі,—паўтарыў ён,

Па раду прагучэлі галасы нездаволення і ніхто не скрануўся з месца.

— Трэба паўзці,— сказаў Шаўрук прыцішаным голасам і адвярнуў ад таварышоў твар трасянуўшы галавою. Вочы наплылі слязмі і ён рукавом сцёр іх.— Хутчэй,— махнуў рукою.— А ты паўзі наперад і калі што, папярэджвай.

Сцёпка знік за кустамі і за ім папаўзлі друг за дружкай, маўклівыя, патупіўшы ў зямлю вочы, дружыннікі.