У гэты час на могілках мужчыны капалі яму для магілы. Непадалёк на магільным насыпе, уросшым дзёрнам, стаяў Дубравец. Ён гаварыў, а далей, каля самай капліцы, што сярод могілак, чалавек трыццаць пяць мужчын з гарадскіх і з чыгуначнага пасёлка ладзіліся стаць у два рады. Шаўрук малодшы і яшчэ двое з ім, аднекуль з-за капліцы прынеслі вінтоўкі і раздавалі іх тым, хто станавіўся ў рады. Натоўп слухаў Дубраўца і палахліва азіраўся на мужчын, што збіраліся ля капліцы. Адзін за другім ішлі да капліцы з натоўпу мужчыны.
— Нас не мала, таварышы, мы збярэм свае сілы ў народзе. 3 намі пойдзе, хто не хоча цярпець панскага гвалту, здзекаў і катаванняў, хто не збаіцца аддаць жыццё сваё за комунізм...
— Легіянеры! Ідуць легіянеры! — крыкнулі з натоўпу.
Дубравец на момант прыціх, каб зірнуць у бок горада, убачыў легіянераў, якія сышлі з шасе і ланцужком рушылі да могілак і сказаў:
— Яны пабаяліся крануць нас у горадзе і цяпер ідуць каб адпомсціць за страх, які перажылі. Яны ведаюць, што кроў нашых таварышоў з'яднае нас, стане нашым штандарам. Хто застаецца тут, бывайце, таварышы, і ведайце, мы хутка вернемся. А хто ідзе з намі, хай становіцца ў нашы рады, пад штандар партызанскага атрада імя чатырнаццаці.
Дубравец паказаў рукой у бок капліцы. Над радамі людзей з вінтоўкамі, якія стаялі там, развівалася чырвонае палатно штандара.
Дубравец развітаўся з Ленай, узяўшы яе руку, а тады яшчэ раз сказаў:
— Бывайце, таварышы! Мы вернемся разам з Чырвонай арміяй.
Ён сышоў з магільнага насыпу, падаўся да таварыша, які трымаў сцяг і пашоў у глыб могілак. Калі за ім крануўся атрад, з натоўпу выступіла яшчэ некалькі чалавек і подбежкам пашлі даганяць іх. Натоўп стаяў нерухома, запамятаўшы на легіянераў, маўкліва пазіраючы ўслед атраду. Усе ведалі: за могілкамі чыгунка, а за ёю непадалёк лес. Калі атрад паспее перайсці высокі чыгуначны насып, легіянеры нічым не здолеюць пашкодзіць яму. I ўсе чакалі стаіўшы страх, не адрываючы вачэй, ад ледзь прыметнага, у змроках вечара, чыгуначнага насыпу. Ён высока ўзнімаўся над могільнікавай агарожай, прасвечваючыся паміж дрэў.
Легіянеры ішлі да могілак крадучыся, разыходзячыся шырока, каб падыйсці да могілак з трох бакоў. Яны хутка падыйшлі да самай агарожы могілак і палезлі цераз яе, ломячы яе, валячы на зямлю. на блізкія магільныя насыпы. У вароты ўехаў камендант, побач з ім увайшло ў вароты некалькі легіянераў. Легіянеры трымалі на руках вінтоўкі, гатовыя страляць і калоць. Камендант спыніўся перад натоўпам, абкружаным легіянерамі, і моўчкі аглядзеў яго.
— Н-ну? — сказаў ён,— чаму-ж яшчэ не пахавалі? Мігынгуеце?..
На яго пазіралі і палахліва і здзіўлена і нехта сказаў голасам, у якім была зусім не схаваная радасць, якая і штурханула чалавека гаварыць:
— Не зловіце, яны пашлі!..
— Хто пашоў?
— А вунь! партызаны!..
Камендант і легіянеры і ўсе, хто стаяў тут убачылі, як мільганула над чыгуначным насыпам яшчэ некалькі постацей партызан і зніклі за імі. Камендант крыкнуў, выхапіў шашку і пагнаў па могілках каня, а за ім пабеглі легіянеры, ужо скучыўшыся адзін за адным.
— Прапала, не зловяць,— азваўся зноў той-жа абрадаваны голас.
— І пабаяцца,— сказаў яшчэ другі нехта,— яны смелыя толькі з мёртвымі.
— Не, комуністаў яны і мёртвых баяцца.
Апошнія словы сказала жанчына і гэта і ўсё, што пачула яна, ўзрадавала Лену. Усе апошнія дні Лена хадзіла носячы ў сэрцы страх за жыццё самага блізкага ёй чалавека і яго таварышоў. Іхная смерць была цяжарам, які, здавалася, яна ніколі не здолее панесці. Калі іх растрэльвалі, з яе вуснаў вырваўся крык роспачы, жудасны крык збалелай пакутамі за іхнае жыццё душы. Гэты крык яна прыглушыла сцяўшы вусны. Гэта было пачаткам жадання схаваць гора ў самой сабе. Ведаючы, што Дубравец і таварышы ўвечары пойдуць з гораду, пачала баяцца адзіноты. Пачуццё адзіноты дало сябе ведаць з асаблівай сілай, калі выпусціла руку Дубраўца. Яно холадам праняло цела і скавала яго. Што-ж яна будзе рабіць? Да каго пойдзе? Здавалася не здолее знайсці адказу на гэтыя пытанні. Але пачула галасы загаварыўшых і ўся істота яе напоўнілася радасцю. У галасах зусім не было страху перад крыклівым афіцэрам.
Лена адыйшла ад дрэва, ля якога стаяла да гэтага.
— Давайце пахаваем іх,— сказала яна,— а то вернецца і пачне зноў вязацца.
Падыйшлі мужчыны. Яны бралі дамавіны на вяроўкі, асцярожна неслі іх да выкапанай ямы і ставілі адну ля другой на яе дно. Калі ўзялі апошнюю, з лесу данесліся стрэлы партызан. Гэта было першым салютам над магілай чатырнаццаці растраляных комуністаў.
Красавік 1935 — красавік 1936 гг.