— Міша!
Ён стаяў перад ёю абрадаваны.
— Чаго ў цябе такі спалоханы твар?
Хмыкнула, закусіла верхнюю губу і твар адразу стаў весялейшым.
— Напалоханы! Выдумляй! У мяне ніколі твар не бывае напалоханы.— Ухапілася рукамі за яго локаць і, саштурхнуўшы з месца, павяла тратуарам. Наперадзе была рэчка, мост цераз яе і за мостам кварталы горада з разбуранымі, абгарэлымі будынкамі, з закапцелымі, ад дыму пажараў, сценамі дамоў, з узгоркамі на месцы згарэўшых дамоў і над усім белы, як турма, абгароджаны высокай каменнай сцяной, касцёл са збітай званіцай.
Выгараўшыя кварталы горада былі падобны на могілкі, на якіх помнікамі стаялі абкураныя, напоўразбураныя сцены камяніц і ўцалеўшыя печы драўляных дамоў, каля якіх шнырылі галодныя сабакі, над якімі кружыліся з крыкам вароны. Абмінуўшы гэтыя месцы ішлі адной з галоўных вуліц горада па вузкім і паразламваным тратуары з дошчак і, месцамі, збітых цэмантовых плітак. Ішлі міма нязграбных, нізкіх, брудных і цёмных камяніц з сутарэннямі, збудаваных купцамі, міма драўляных мяшчанскіх дамоў за частаколамі, з расфарбаванымі ў сіняе і напалову аблезлымі ад часу вакяніцамі. Насустрач ім даўгім абозам ехалі сялянскія фурманкі. Абознікі ішлі па гразі вуліцы побач са змучанымі, стомленымі коньмі. На калёсах, замошчаных саломай, сядзелі легіянеры. Салдацкі гоман і крыкі, гоман велізарнай стаі наляцеўшых варон і тарахценне калёс запаўнялі вуліцу, рабілі яе цеснай і гэта перашкаджала бачыць святло веснавога сонца, адчуваць яго цяплыню, бачыць зялёныя парасткі муравы каля платоў і чуць як булькоча мутная вада ў раўчуку ля тратуара.
За горадам яны не пашлі па шасе, а па сцежцы, утаптанай і сухой, што ішла наўпрост цераз станцыю ў чыгуначны пасёлак і ў хвойнік, побач з пасёлкам, які ў некалішнія часы быў месцам гулянак гарадской і пасялковай моладзі. Хвойнік даўгой паласой цягнуўся ад станцыі ўздоўж чыгункі да ўскраіны горада, да самых гарадскіх могілак, за якімі пачынаўся лес. Далёкі лес ахутаны туманнай сінявой, а наперадзе густой зялёнай сцяной стаіць хвойнік. Ён вабіць да сябе.
— Пяройдзем станцыю і адразу туды.— Круміньскі паказаў на хвойнік.— У горад вернемся з могілак.
Наблізіўшыся да станцыі, пашлі зусім ціха. Лена ішла прытуліўшыся да Круміньскага, нахіляючыся да яго і гладзіла яго руку, на якую абапіралася. Гэтак яны дайшлі да будынка станцыйнага складу, абмінулі яго і пустыя таварныя вагоны, што стаялі на пуці каля самага складу. Абмінулі яшчэ станцыйную вадакачку і за ёй убачылі таварны вагон, прычэплены да платформ. Вагон раскрыты. Звесіўшы з вагона ногі, грэюцца на сонцы два легіянеры. Яны пазіраюць на афіцэра з паненкай і, перакінуўшыся словамі, усміхаюцца. Вагон на пяць якіх крокаў ад сцежкі. За вагонам нагружаныя платформы, уважліва накрытыя брэзентам. У канцы платформ, далёка ад сцежкі, вартавы з вінтоўкай напагатове. Калі абмінулі вагон, убачылі побач з платформай другога вартавога. Вартавы пазіраў на афіцэра, павярнуўшыся тварам. Афіцэр пазіраў насустрач яму, бачыў ягоны твар і за ім бачыў платформы з незвычайным грузам, клапатліва захаваным пад брэзентам. Ёк кінуў некалькі раз поглядам у бок платформ ужо і тады, як абмінулі вартавога, угадваючы пад запыленым брэзентам бліскучыя даўгія целы новых, бяскрылых яшчэ самалётаў.
— Гэта яны,— сказаў Круміньскі і Лена мацней сціснула яго руку, нічога не адказаўшы. Затым, як перасеклі пуці, яна раптам злавіла сябе на думцы аб тым, што здарыцца ўвечары. Ёй стала страшна і яна памкнулася ісці шпарчэй. Старалася не думаць аб гэтым, а страх нарастаў і яна міжвольна зірнула ў твар Круміньскаму. Можа хацела разгадаць яго думкі. Ён адгадаў у яе поглядзе палахлівасць і сустрэў яго ветлівай усмешкай.
— Як багата сонца,— сказаў ён.— Павінны быць краскі.