Яго словы пра сонца і краскі яшчэ больш напалохалі яе, але яна апамяталася, схамянулася неяк, адарваўшы ад яго погляд і тады азвалася:
— Але, падснежнікі...
За пуцямі ўздоўж іх, цягнулася агарожа з калючага дроту. Абмінуўшы яе сышлі са сцежкі ў хвойнік. Адсюль Круміньскі зноў бачыў платформы, укрытыя брэзентам. Да іх сажняў пяцьдзесят- шэсцьдзесят. Вартавы павольна крочыў ад сцежкі ў канец платформ.
Над імі цень, які дзе-ні-дзе прарываюць разрэджаныя промні сонца, лёгкія подыхі ветра ў верхавінах маладых хвой і густы пах смалы. Пад нагамі мякаць зямлі, даўно нікім няходжанай, слізкай ад густога насцілу хвойных іголак. Яны ішлі і ішлі хвойнікам і чым далей адыходзілі ад станцыі, тым спакайнейшай рабілася Лена. Небяспска, пра якую думала, аддалялася з тым, як аддалялася станцыя. Каб замацаваць заспакоенасць, яна нават азірнулася, ці далёка станцыя. Цяпер улева ад іх быў невысокі чыгуначны насып, а за ім поле і горад. Над горадам тырчэў вузкі комін лазні. У Круміньскага нарадзілася жаданне гаварыць аб сабе, пра сваё дзяцінства.
— Разумееш,— казаў ён,— шасе і шасе і нідзе яму канца няма, зусім не ведаеш, куды едзеш, дзе спынішся. Па шасе едуць і едуць людзі, а наш воз стаіць у баку, у канаве, конь наш распрэжамы і я баюся, што ўсе пераедуць, а нас і казакі дагоняць і фронт. Маці ляжыць, нежывая ўжо, на пяску, на падушцы, а мы з сястрой стаім каля шасе і просім людзей дапамагчы. А яны паглядзяць і едуць. Потым нейкія знайшліся: выкапалі ямку каля шасе, знялі дошку з нашых калёс, падклалі яе пад плечы матцы і пахавалі. Тады я толькі апамятаўся, пачаў думаць, што-ж гэта са мной будзе? Людзей баяўся. Добрымі здаліся толькі тыя, што матку пахавалі. Каля маткі я і не быў. Папрасіў іх, запрог каня, ды і паехаў. Яны едуць і я еду, яны стануць, станаўлюся і я, а магіла маткіна так засталася. Дзе яна, я памятаю і калі-небудзь можа з’езджу глянуць на тыя месцы...
Лена моўчкі ішла поруч з ім, адчуваючы яго руку і пазірала нерухомымі вачыма ў далячынь перад сабою.
— Так я ў ваш горад трапіў. Сястру цераз бежанскі камітэт адна пані ўзяла, а мяне баньшчык. Цяпер смешна, а тады я дужа баяўся яго, хоць і меў ужо васемнаццаць гадоў. Павеў ён мяне ў лазню, загадаў памыцца, а тады загадаў дапамагаць. Ён мыў нізенькага і вельмі ж тоўстага чалавека. Той сядзіць сагнуўшыся, сапе, стогне, а гаспадар мой круціцца каля яго, трэ і мые. Як лёг той на лаўку, гаспадар сунуў мачалку мне ў руку, а я гіджуся, стаю і нічога не раблю, дык ён нагой ледзь не пераламаў мне ног. Пасля гэтага мяне ў лазню не вадзіў, дома работы хапала і біў мяне, біў так, што калі-б не ўцёк я ў нацыянальны польскі полк, сам мусіць забіў бы яго. А так, бачыш, да падпаручыка даслужыўся.
— Навошта ты гэта гаворыш?
— Ды каб ні ўсё гэта, то я можа і цябе не спаткаў бы.
— Ну во, гавары...
— Баішся?
— Мяне цяпер не трэба палохаць, а то і ён будзе палахлівым...
Усміхнулася.
— Ён будзе смелым. Яго біць не будуць, як мяне.
— Ён будзе такім як бацька...— пагладзіла яго твар.— Такі-ж неспакойны, толькі больш шчаслівы...
Яны выйшлі з хвойніка на чыгуначны насып, Круміньскі першы сышоў з насыпа і расхінуў рукі. Лена скокнула і стала на цыпачках на пяску, падхопленая яго рукамі. Ад чыгункі яны пашлі да дарогі і хутка вярнуліся ў горад.
* * *
У маленечкім пакоі Дубраўца сабралася аж сем чалавек. Ад гэтага ў бакоўцы няма дзе павярнуцца і душна. Тут Дубравец, Круміньскі, легіянер юнак Бараўскі, Шаўрук і яшчэ двое, якіх Круміньскі да таго не сустракаў.
— Зрэжам пеўніку крылечка,— кажа Шаўрук. Пасля Дубравец дае слова Круміньскаму. Круміньскі дастаў аловак, паперу і пачаў гаварыць.
— Платформы з самалётамі стаяць на пуці ўлева ад пачялковага пераходу. Каля самай сцежкі вагон з вартай, а платформы за ім адна за другой. Вартавых, двое, з аднаго боку і з другога. Платформы стаяць так: — накідаў алоўкам на паперы план размяшчэння платформ і паказаў яго прысутным.— На месцы трэба быць не пазней як без чвэрткі дзевяць, а яшчэ лепш крышку раней. Пайсці павінны пяць чалавек...
— Чаму пяць? — перапыніў яго Дубравец.— Учора ты гаварыў, што трэба чатыры чалавекі і мы чатырох вызначылі.
— Я гаварыў пра чатырох без мяне.
— Я пра гэта думаў, але табе нельга пайсці.
— Мне нельга не пайсці.
— Чаму?
— Лена прынясе мне на кватэру вопратку. А пятай гадзіне таварышы праходзяць да мяне, пераапрануцца і я вяду чатырох легіянераў. У такім выглядзе я гарантую выкананне. Разумееце, афіцэр вядзе салдат, гэта зусім натуральна,— дадаў ён, спаткаўшыся поглядам з Дубраўцом, каб яшчэ больш пераканаць яго.