— А гэта такі правільна прыдумана,— сказаў Шаўрук.
— Але нам вельмі важна таварыша Круміньскага захаваць у войску.
— Пайсці важней,— не згадзіўся Круміньскі.
Усе момант маўчалі. Дубравец раней, чым згадзіцца з Круміньскім, абвёў поглядам прысутных. А пасля сказаў:
— Давайце вырашым пытанне аб Круміньскім. Я згодзен каб уключыць таварыша Круміньскага ў лік выканаўцаў загаду Цэка і прапаную вызначыць яго адказным за выкананне.
Круміньскі ўсміхнуўся.
— Інакш нельга, таварышы,— сказаў ён.— Я распрацоўваў план, увесь час думаючы пра сябе як выканаўцу.
— Добра,— падняўся Шаўрук.— Нам нельга рызыкаваць. Загад павінен быць выкананы, мы ўсе разумеем як гэта важна. Я згодзен.
Шаўрука падтрымалі іншыя.
— Значыць вырашана,—загаварыў Дубравец.— Таварыш Круміньскі ідзе. Як бы і ўсё...
На сцяне насупраць Дубраўца, вялікая рэпрадукцыя з карціны Рэпіна «Крестный ход в Курской губ.». Вялізарны натоўп людзей, канец якога губіцца ў схаванай пылам далячыні. Наперадзе барадатыя вясковыя багатыры нясуць багата, але без густу прыбраную ікону. За іконай ідуць паны і сытамордыя купцы, пані з абразом, паны ў бліскучых рызах, чыноўнікі ў гузіках, а за імі натоўп і ў натоўпе, над ім, мужыкі ў медалях і стражнікі з бізунамі. Яны на конях. Раз за разам нахіляюцца стражнікі то на адзін, то на другі бок і б’юць людзей бізунамі, каб хаця не асмеліліся яны пайсці разам з гаспадарамі жыцця за іхным богам. А ў баку ад натоўпу, паспяваючы за ім, спяшаюцца сагнуўшыя, пакалечаныя, абвешаныя лахмоццем рызманоў, жабракі. Так думаў пра карціну Дубравец і гаварыў:
— Кожны з нас з самага дзяцінства свайго прынёс нянавісць да разбэшчанага, адзічэлага панства, якое, каб захаваць спакой свайго сытага жыцця, патрабуе нашай крыві. Мы гэтай крыві не дадзім, мы маем сілы зберагчы яе. Вы разумееце, таварышы, што ідзеце на небяспечную справу, якая можа патрабаваць ад кожнага з вас і вашага жыцця. Пры неасцярожнасці вас можа раніць і ў часе ўзрыву. Па другое, вас могуць схапіць. Тады турма, допыты і пагроза расстрэлу. Вы гэта ведаеце. Гінуць страшна, калі не ведаеш, за што гінеш, а мы ведаем, што калі давядзецца аддаць жыццё, дык за тое, каб было на зямлі ў працоўных людзей жыццё шчаслівае, каб не сядзелі з веку ў век і ніколі на ягоным карку розныя Чапскія, Патоцкія ды Радзівілы. Аддаць жыццё за такое, гэта вялікая справа, таварышы...
Дубравец гаварыў прыцішаным голасам, пазіраючы на таварышоў. Ён думаў, што можа слоў гэтых і не трэба, але не мог не сказаць іх перад развітаннем.
— Цяпер то ўжо напраўду ўсё,— сказаў ён.— Час разысціся.
Развітваючыся Дубравец жартаваў і, паціскаючы руку Круміньскаму, жартуючы пашкадаваў, што заўтра, відаць, таварыша падпаручыка разжалуюць. Жарт падтрымаў Шаўрук, гаворачы, каб Круміньскі чына не шкадаваў, бо, маўляў, у старой арміі і сам спрабаваў узбіцца на чыны, але не пашанцавала, значыць Круміньскі будзе не адзін сярод нешчаслівых у гэтай справе.
* * *
У той-жа дзень гадзіне а чацвертай, з аднаго двара на Цэнтральнай вуліцы горада выйшла маладая, дужа проста апранутая жанчына. За плячыма ў яе быў велізарны клумак, абвязаны прасціной. 3 клумку тырчэлі кавалак рукава памытай сарочкі, падвязкі кальсон. Усе сведчыла пра тое, што жанчына жыве тым, што бярэ мыць бялізну і зараз нясе аддаць ужо вымытую. Жанчына прайшла квартал цэнтральнай вуліцы і звярнула ў адзін з завулкаў, у якім хутка спынілася, прыхіліўшыся клумкам да загарадзі. Пастаяўшы так пашла далей. Ішла патупіўшы позірк, стараючыся хутчэй абмінуць сустрэчных. Хутка яна зайшла ў адзін з двароў і таропка пастукала ў дзверы першай ад вуліцы кватэры. Дзверы адчыніў Круміньскі, які ўзяў у жанчыны клумак і панёс яго да сябе ў пакой, куды следам зайшла і сама жанчына. Круміньскі паклаў клумак, не развязваючы ў кут, а тады павярнуўся да прыйшоўшай.
— Стамілася?
— Ага, ледзь прынесла.
— Чаму-ж ты?
— А хто-ж бы панес? Памыла і нясу бялізну, на мяне ніхто і ўвагі не зверне. Баялася, каб толькі знаёмых не спаткаць. Там жа і гранаты,—сказала яна, паказваючы на клумак.— Па праўдзе кажучы, я баялася несці. Іду, а па спіне мурашкі бегаюць, як прыпомню. Як сустракала паліцыянтаў дужа смешна было, думала, во калі-б здагадаліся, ды ўзялі мой клумак...— І раптам змянілася ўся, уздрыганулася і зірнула на Круміньскага знаёмымі яму палахлівымі вачыма:
— Як жа я заўтра буду?.. Як мне страшна! Я баюся...— Падышла, закінула рукі яму на плечы, а галаву прытуліла да грудзей. Ён адной рукой узяў яе за плечы, каб падтрымаць, а другой пачаў гладзіць яе валасы, абвязаныя беленькай прасценькай хусткай. Яна маўчала, усё шчыльней тулячыся да яго і раптам задрыжэла ўся, а плечы затрэсліся як у ліхаманцы. Паціху павёў яе да крэсла і пасадзіў. Яна рукамі закрыла твар. 3 пад прыціснутых да твару далоней прасочваліся слёзы.