Выбрать главу

— Так-жа нельга. Дай твае рукі, Лена, вось так.

Далоні рук былі мокрыя і мокрыя былі шчокі. 3 воч слёзы паволі аплывалі на твар і яна не сцірала іх, не адбірала рук.

— Як-жа гэта ты, Лена, а?

— Мне дужа страшна. Я баюся.— Уздрыганула, схапілася рукамі за яго, зноў прытулілася галавой да яго, але хутка выпрасталася, узяла яго рукі і пачала гладзіць.

— У нас будзе магчымасць выратавацца і ўцячы. Кінуўшы гранаты, мы толькі адзін момант счакаем, пакуль узрыў, а тады кінемся ўцякаць. Вартавы будзе зняты намі... Галоўнае ўскочыць ў хвойнік, а там лягчэй ужо дабегчы да пасёлка і схавацца або бегчы хвойнікам аж у лес.

Яна, ёй гэтага хацелася, паверыла ў такую магчымасць выратавання і тады зноў вочы наплылі слязмі.

— Ты, Лена, зусім сёння не падобна на сябе.

— Я не буду. Гэта пройдзе. Вось глядзі, я ўжо спакойная. Бачыш? — Падняла да яго заплаканы твар. У гэты час пастукалі ў дзверы. Чуваць было, як хтось выцірае на ганку ногі.

— Свае, трэба ісці адчыніць.

— Ідзі адчыні.

Першым прышоў Шаўрук, а праз нейкі час прыйшоў Бараўскі, а за ім і Ключынскі. Не было толькі Багдановіча. Круміньскі развязаў клумак, прынесены Ленай, выняў гранаты, загорнутыя ў фрэнчы і паклаў іх на сваім ложку пад падушкай. Шаўрук і Ключынскі змянілі сваю вопратку і ўжо былі гатовы ісці. Круміньскі ўсё часцей паглядаў на гадзіннік. Заставалася дваццаць хвілін да часу, вызначанага для адыходу, а Багдановіча ўсё не было. Гэта трывожыла.

— Што ж гэта з ім? Не разумее як час дораг, ці што?

Круміньскі раз за разам падыходзіў да акна, як толькі чуліся ўтвуліцы чые крокі.

— Зараз прыдзе,— супакойваў яго Шаўрук.

Але час ішоў, а таго не было. І ніхто нічога не разумеў. Паглядалі друг на дружку, як бы чакаючы адказу на свае думкі.

— Баіцца?

— А можа з ім што здарылася?

— Можа ўзялі яго?

— Чаго-ж так раптам?

Шаўрук паціскаў плячыма, нічога не разумеючы.

— Ва ўсякім выпадку мы не маем часу чакаць.— Круміньскі зірнуў на гадзіннік.—Застаецца тры хвіліны. Мы ідзем.

— Як-жа з ім? Няўжо збаяўся?

Памаўчалі.

— Збаяўся, а тады будзе баяцца арганізацыі і чаго добрага пойдзе да іх... У такіх выпадках гэтым канчаецца.

Памаўчалі. Круміньскі стаяў ля акна, трымаючы ў руцэ гадзіннік. Ля стала ўсхваляваная стаяла Лена.

— Не можа гэтага быць... чорт... — злаваў Шаўрук.

— Чакаць больш нельга.— Круміньскі паклаў гадзіннік у кішэню.— Ён альбо арыштаваны, альбо збаяўся і тады можна чакаць брыдасць.— Яшчэ раз зірнуў у акно. Няма.— Лена пабудзе ў кватэры пасля нас яшчэ дзесяць мінут. Калі прыдзе, адразу-ж яго да Дубраўца. Калі не — таксама адразу паведаміць Дубраўцу...— Раптам падаўся да Лены і ўзяў яе за плечы, ад чаго яна ўздрыганула.— Бывай, Лена. Беражы сябе... і яго...

Лена пазірала ў твар яму і ён бачыў, як нарастаў у яе вачах спалох. Яна не адказвала і не адрывала ад яго погляду. Гэта цягнулася толькі некалькі секунд. Потым апамяталася і пацягнулася губамі да яго вуснаў.

— Я ўсё праведаю сёння-ж, схаджу да яго дадому.

— Але раней трэба папярэдзіць Дубраўца на ўсякі выпадак.

— Я так і зраблю. Бывайце, таварышы.— Развіталася з усімі і яшчэ раз з Круміньскім, ужо без слоў. А за гэтым яны ўзялі пад бекешы гранаты і пашлі. Лена бачыла іх, як праходзілі двор, адзін за адным, пасля ў вуліцы. Круміньскі пашоў тратуарам, а Шаўрук, Бараўскі і Ключынскі, па бруку. Пазірала ўслед ім, аж пакуль зніклі яны, а тады адыйшла ад акна, адчула, як ніколі за ўсё жыццё сваё, адзіноту і незвычайную, жудасную цішыню і прыслухаўшыся да яе, зноў пашла да акна. Іх ужо не было, яна і не чакала ўбачыць іх, яна проста хацела адыйсці ад цішыні, якая палохала яе. Але вуліца была як і раней нешматлюднай, і ў ёй не адчувалася трывогі, якая жыла ў Лены. Гэтак-жа час ад часу праходзілі людзі, свяціла сонца і крычалі дзеці, а за акном, на дварэ, на самай сцежцы, чырыкалі, пераскакваючы з месца на месца, вараб’і. Яна прыпомніла, як удзень слухалі з Круміньскім за горадам жаўранкаў. Яны пазіралі ўверх у цёмную сіняву, запоўненую сонечным святлом і спевамі. Спевы не сціхаючы плавалі ў сіняве і адтуль час ад часу, рассыпаючыся трэлямі, падалі на зямлю шэранькімі камячкамі самі птушкі. Успаміны адштурхнулі яе ад акна, яны абудзілі страх, які адчувала на станцыі. Яна села на ложак, і паклала тварам на падушку галаву, і нерухома ляжала так, як ёй здалося, бясконца доўга. Пасля апамяталася, таропка звязала свой клумак і сабралася ісці. Багдановіч не прышоў.