Выбрать главу

* * *

Ішлі моўчкі. Двое наперадзе, Шаўрук і Бараўскі, а Ключынскі за імі і тратуарам Круміньскі. На завароце, як выходзілі на вуліцу, што далей вяла на шасе, Круміньскаму захацелася азірнуцца: ён ведаў, што Лена ў ягонай кватэры і напэўне яшчэ стаіць ля акна. Азірнуўшыся, ён не ўбачыў ужо дома ў якім жыў, яго засланілі другія дамы, але змеціў у вуліцы чалавека, які ішоў следам за імі і які, як толькі Круміньскі азірнуўся, павярнуў у адзін з двароў. Нічога не гаворачы таварышам, Круміньскі хутка азірнуўся яшчэ раз і зноў змеціў таго-ж чалавека. Як набліжаліся да завароту на сцежку, неўзаметку азірнуўся яшчэ раз і змеціўшы таго-ж чалавека, які на гэты раз зноў кінуўся хавацца ў трапіўшыя пад бокам вароты, зусім упэўнена сказаў:

— За намі сочаць, таварышы. Я тры разы змеціў таго-ж самага чалавека, які ідзе туляючыся па завуголлю. Вунь ё’н зноў,— азірнуўся Круміньскі і цяпер і Шаўрук і іншыя ўбачылі, як чалавек, які ішоў следам за імі так на адлегласці квартала, раптам спыніўся і чамусьці зняў з галавы шапку.— Трэба спяшацца,— сказаў Круміньскі і яны прыспешылі крокі.

Сонца заходзіць. Даўгія цені дамоў ускраіны засланяюць вуліцу. Яны ідуць мінаючы нізкія драўляныя хаты, бачаць свае постаці ў цёмных вокнах хат і яшчэ больш прыспешваюць крокі.

— Ну, сволач! — кідае некаму па адрасу Шаўрук.— Так гэта яму не абыйдзецца...

Усе пазіраюць на яго, але не пытаюць, каго ён лае. Круміньскі дастае гадзіннік і ўглядаецца ў непрыметную рухомасць стрэлак. Час бясконцы і чалавек у часе як бы для таго толькі, каб паспець здзівіцца таму, што ўбачыць. Чалавек павінен быць не госцем часу, а гаспадаром яго. Свет, як бы ён не быў вялікім ў сваён нязмернай бясконцасці, не павінен быць загадкай для чалавека. Зямля — цэнтр свету. Яна парадзіла людзей — гігантаў мыслі, пакаленне якіх ідзе. Яны прымусяць час дзейнічаць згодна іхнай волі і раскрыюць усе загадкі свету, раскрыўшы самую страшную з іх — панаванне чалавека над чалавекам.

— Дванаццаць хвілін на дзевятую,— кажа Круміньскі. Калі шпіён не ведае нашых намераў, мы паспеем... Памятайце адно, нам трэба ўсяго некалькі секунд жалезнай вытрымкі і поўнага ўсведамлення, што рабіць. Тады ўсё.

Яны ідуць шпаркімі крокамі. Справа дзме свежы вецер. Замінаюць ісці цяжкія падрыўныя гранаты «Навіцкага». Круміньскі прытрымлівае іх левай рукой. Усяго гранат пяць штук: дзве ў яго і тры ў таварышоў. Ён час ад часу азіраецца, але цяпер нічога не бачыць і гэта непакоіць яго, але ён нічога не гаворыць таварышам. Азываецца-ж Шаўрук, паказваючы густыя белыя зубы:

— Зробім мы ім кірмаш,—кажа ён,— горача стане. Хоць і зловяць, заўтра парагачу ўволю.

Ён шырокаплечы, круглатвары і ўхмылка выдае чалавека дужа добрага. На яго пазіраюць і Круміньскі і Бараўскі.

— Парагочаш, як дадуць двадзесце пеньць,— кажа ззаду Ключынскі.

— Мне не прывыкаць, а вось табе як усыплюць.

— А я вазьму і прывыкну, думаеш не здолею!

— А ты як? — пытае Шаўрук Бараўскага.

— Я? — Бараўскі павяртае да Шаўрука галаву і Круміньскі бачыць густую сіняву яго вачэй, у якіх нараджаецца ўсмешка.— Мяне бацька біў, я таксама прывык.

— Бацька, гэта брат, не тое, давядзецца і табе прывыкаць.

Бараўскі смяецца і прыпамінае свае дзяцінства і бацькоў, пазіраючы ў далёкае поле. Мо таму, што дзяцінства ягонае цяпер дужа далёка, яго і можна прыпомніць толькі так, углядаючыся ў загубленую, у сіняве і змроках блізкага вечара, далячынь, у якой нічога няма.

Набліжалася станцыя. Ад хвойніка і з поля да станцыі набліжаўся вечар. Вецер заціх, як бы стаіўся. Круміньскі нават прыслухоўваецца да ветру, падстаўляючы яму твар і ўлаўлівае гукі, якіх не можа адгадаць. Яны даходзяць з горада.

— Мы падыходзім,—папярэджвае ён.— Дзейнічаць ў адзін момант. Я здыму вартавога, а вы кідайцеся да платформ. Бараўскі, за ім Шаўрук і Ключынскі, а я кіну гранаты ў дзве першыя...

Круміньскі зноў, як змоўк, пачуў нешта знаёмае ў гуках, што даходзілі з горада. Стукат і гул, акурат як едуць коннікі. Ён адгадаў гэта і азірнуўся, але нічога не ўбачыў.

Падыйшлі да складскога будынку, мінулі таварныя вагоны, набліжаліся да вагона, у якім варта. 3 вагона выглянуў адзін з легіянераў і падаўся назад у вагон, у якім ужо гарэла лямпа. Круміньскі цяпер зусім выразна чуў конскі тупат. Калі азірнууоя, убачыў на полі больш дзесяці коннікаў. Яны былі на адлегласці кілометра. Круміньскі нічога не сказаў. Яго таварышы таксама пачулі тупат і ўбачылі коннікаў. І ўсе, як і Круміньскі, дагадаліся, чаго яны едуць. Усе разумелі, што шпіён сачыў за імі, не ведаючы куды яны ідуць і вярнуўшыся паведаміў пра іх, а коннікаў паслалі, каб нагнаць ўзяць іх. Конскі тупат і гул нарастаў. Яны не паспеюць даехаць, але яны могуць як-небудзь папярэдзіць варту, калі здагадаюцца. Круміньскі бачыць платформы, укрытыя брэзентам, аднаго з вартавых, на гэты бок платформ. Ён у канцы і стаіць тварам да поля. А пасля, абмінуўшы вагон з вартай, бачыць і другога вартавога. Вартавы павяртае да Круміньскага твар, трымаючы на пагатове вінтоўку. I ён прыслухоўваецца да зусім ужо блізкага конскага тупату. Круміньскі пазірае ў твар салдату. Салдата мала дзівіць тое, што сцежкай ідзе афіцэр і трое легіянераў. Яго больш дзівіць такі таропкі тупат коней, відаць іх гоняць з усяе сілы. I ён думае, куды так спяшаюцца коннікі. Здагадаўшыся, што коннікі пад'язджаюць да станцыі не па шасе, а сцежкаю, ён пачаў аб нечым дагадвацца, але не паспеў нават прадумаць адгадкі. Круміньскі выцяг на хаду руку з рэвальверам і стрэліў яму ў грудзі, а пасля кінуўся да платформ. Ён бачыў, як падаў падстрэлены вартавы, як абмінаючы яго бег Шаўрук і чамусьці ўсміхаўся, паказваючы густыя белыя зубы. Бачыў узмахі рук таварышоў, брэзент і колы платформ, раз за разам кінуў абедзве гранаты, але не чуў узрыва, бо нешта грукатлівае ўзнялося за плячыма, навалілася на яго і кінула тварам у пахучую мякаць пяску паміж шпал.