Выбрать главу

* * *

Калі пашлі таварышы, Дубравец доўга стаяў пры стале, вакол якога сядзелі яны. Ён усё яшчэ як бы бачыў іх перад сабою, адчуваў іхную прысутнасць і да драбніц прыпамінаў кожнага з іх. На стале перад ім ляжалі кучкай дробненькія кавалачкі паперы. Ён пачаў разглядаць іх. Гэта была схема стаянкі платформ з самалётамі, якую рысаваў Круміньскі, які паведамляў таварышам свой план знішчэння самалётаў. Ён сабраў усе кавалачкі паперы і кінуў іх у печ. За гэтым падабраў мяцёлкай накіданыя на падлозе недакуркі папярос і таксама кінуў усё ў печ. I зноў стаў каля стала, прыслухоўваючыся да навакольнага.

У суседнім пакоі чуліся галасы. Гэта гаспадыня нешта гаворыць сыну. Сцёпа рухавы і разумны хлапец. Ён, як і бацькі, ведае пра Дубраўца, што ён комуніст і моцна сябруе з ім. Дубравец не баіцца гаварыць з ім пра самае сур'ёзнае і час ад часу дае яму тое або іншае даручэнне. Комсамольцам будзе,— думае Дубравец і крыху нават зайздросціць яму. Ты, Сцёпка, вырасцеш у самы раз,— не аднойчы казаў Дубразец.— Тады такое жыццё пачнецца, што я і сказаць не ўмею. I ўсё жыццё вашым будзе, усё для такіх як ты. Сцёпка пазіраў яму ў вочы сваімі, у якіх гарэў бляск радасных, хоць і не разгаданых яшчэ лятункаў. Але само нішто ў рукі не трапляе,— гаварыў Дубравец.— Не вялікае шчасце гатовым жыць, што нехта зробіць. Гэтак паны жывуць, самыя паскудныя людзі, а ты шчаслівым будзеш, як усе такія як ты, ды твой бацька будуць шчаслівымі. Аднойчы гаворачы так, Дубравец расказаў Сцёпу пра смерць свайго бацькі. Бацька мой мужыком быў,— казаў ён.— Гэта, Сцёпка, як і твой бацька, пачэснае племя. Умеў сябе паважаць, але працаваць вымушан быў на зямлі, якую выпрашваў у графа Чапскага. I вось неяк не дагадзіў бацька мой графу, а той загадаў пабіць яго, хоць закону на гэта і не было. Пачаў тады бацька мой, мужык, з графам Чапскім судзіцца. Але як не судзіўся, усё графа апраўдывалі, а бацьку крыўдна было. Дайшло з судамі да самага сената, але і сенат графа апраўдаў, а на бацьку наклаў заплаціць усе выдаткі па суду, якіх сабралася, ажна сто два рублі з капейкамі. Прадаў тады бацька каня і апошнюю карову, заплаціў выдаткі па суду, а сам павесіўся... А трэба, каб людзям вешацца цераз графоў не даводзілася...

У пакоі, побач з бакоўкай, у якой жыў Дубравец, Сцёпа вучыў урок. Ён уголас чытаў сам сабе, а пасля пераказваў прачытанае на памяць. А Дубравец усё стаяў каля стала. Ён ведаў, што прастаіць так доўга да часу, калі Круміньскі з таварышамі дойдзе да станцыі. Гэта яшчэ не так хутка, можна было-б пайсці ў пакой, дзе працуе гаспадар і дапамагчы яму, ён лічыўся ў гаспадара работнікам і не мала рабіў з ім разам. Але стаяў на месцы. Сышоў, як адчыніў дзверы Сцёпа і сказаў, што прышла Лена. Гэта абрадвала яго. Ён спаткаў яе ветлай усмешкай і запрасіў сесці. Але Лена не села.

— Багдановіч не прышоў,— сказала яна паціху.

— Як не прышоў?

— Яго чакалі да апошняй хвіліны і пашлі без яго. Пасля яшчэ я была ў кватэры больш дзесяці мінут, думала, што прыдзе...

Нейкі час маўчалі, некалькі секунд.

— Чаму-ж ён не прышоў.

Яна не адказала.

— Ты думаеш — збаяўся?

— Так зразумелі ўсе і прасілі паведаміць, 6о ў такім выпадку...

— Я разумею...

Лена маўчала.

— Трэба даведацца, ці дома ён. Ты, Лена, ідзі дадому і адпачывай. Як бы не было з Багдановічам, але сёння пачнуцца вобыскі і арышты. Не трэба трапляць на вочы пасля таго. А я пашлю Сцёпу даведацца, ці дома Багдановіч і заўтра самым ранкам пра ўсё паведамлю табе.