Выбрать главу

Дубравец клікнуў Сцёпу.

—- Правядзі цётку. Яна пойдзе дадому, а ты схадзі да Багдановіча і дазнайся, ці дома ён. Калі няма, запытай у гаспадыні, ці не пашоў куды. Калі дома, няхай заўтра раніцою прыдзе. І толькі заўтра. Ну, і, вядома, будзь асцярожным.

— Я разумею.

Сцёпа стаяў паглядаючы з пад ілба на Лену, а ў ваччу загараўся знаёмы Дубраўцу бляск.

— Схадзі, Сцёпа, гэта вельмі важна,— сказаў Дубравец і смяючыся паклаў яму на галаву руку, ускалашмаціў яго і без таго непаслухмяныя валасы.

Яны пайшлі, а Дубравец пачаў хадзіць па пакоі. Хацелася дайсці адказу на пытанне, што здарылася з Багдановічам? Дубравец прыпамінаў Багдановіча з першых дзён, як пазнаёміўся з ім. Прадумваў кожны яго крок, звязаны з партыйнай працай. Ці дастаткова ён ведаў Багдановіча? На гэта не так лёгка было адказаць. Ён быў упэўнены і ўчора і сёння, што Багдановіч пойдзе з таварышамі, а той не пашоў. Чаму? Збаяўся? Гэта толькі, ці можа яшчэ што перашкодзіла пайсці? А можа арыштаваны? Але чаму так раптоўна? Усе гэтыя пытанні ў соты раз паўставалі перад ім і ён шукаў на іх адказу і не хацеў нават падумаць, што Багдановіч мог здрадзіць. Спадзяваўся, што многае стане зразумелым, як прыдзе дадому Сцёпа.

Дубравец усё хадзіў па пакоі і не заўважыў, як да акна падкраўся вечар. У пакоі пацямнела. Ён зірнуў на гадзіннік. Стрэлкі рухаліся як заўсёды спакойна, амаль непрыкметна. Ён пазіраў на гадзіннік у адну кропку цыферблата. Паміж гэтай кропкай і мінутнай стрэлкай адлегласць менш чым у два сантыметры. Зусім нязначная частка часу. Мінутная стрэлка сціскае яго ўсё больш і больш і Дубравец, не адрываючы ад стрэлкі позірку, напружвае слых. Пачынаецца рэзь у ваччу і ў вушах нараджаецца звон і ён не адразу разумее, што здарылася, калі чуе гукат узрываў, ад якога звіняць у акне шыбы. Ён не паспеў адрозніць і злічыць, колькі было ўзрываў, і некалькі секунд стаіць нерухома, як застыглы, слухае цішыню, што прышла за ўзрывамі. Слухае, баючыся скрануцца з месца. Ён як бы бачыць Круміньскага з таварышамі, якія хочуць выратавацца, баіцца перашкодзіць ім тым, што скранецца з месца. Жывыя, ці не? — думае ён, пазіраючы праз гушчыню змрокаў у памутнелае неба. як 6ы чакаючы ў яго адказу на сваё пытанне. Як адказ даносіцца некалькі стрэлаў, а пасля зноў цішыня, ужо бясконца доўга. Кінуліся Ўцякаць, а ў іх стралялі,— думае ён і хоча, каб яшчэ былі стрэлы, гэта сведчыла-б, што яны ўцякаюць, што ёсць магчымасць выратавацца. Але стрэлаў больш не чуваць, ён сыходзіць з месца, паціху ходзіць з кута ў кут, спыняецца каб прыслухацца і зноў ходзіць, аж пакуль прышоў дадому Сцёпа.

— Па вуліцы прайсці нельга,— сказаў Сцёпа.— Кажуць, дзесьці нешта ўзарвалі, дык кругом патрулі і ўсіх арыштоўваюць.— Твар яго быў незвычайна ўзбуджаным.— Вы не ведаеце, дзядзька, што ўзарвалі? — запытаў ён.

— Не ведаю, браток. Ну, а ці бачыў-жа Багдановіча?

— Ага, няма яго. Цётка кажа, што некуды пашоў надвячоркам яшчэ і не прыходзіў. Крычыць, баіцца, што можа і ён пашоў на тыя ўзрывы.

— Не, ён туды не пашоў. Дзякую, браток, што схадзіў.

— Во, нашлі за што дзякаваць.

— Маладзец ты, Сцёпа, дзякую, а цяпер ідзі, адсунь вазон ад акна і вучыся.

Сцёпа узняў на Дубраўца вочы, поўныя радаснага бляску і ўдзячнасці і пашоў, а Дубравец зноў спыніўся каля стала. Перад ім стаялі чарадой пытанні, адказаў на якія ён мог спадзявацца прычакаць заўтра толькі. Гэта былі пытанні пра лёс таварышоў і сярод іх самае загадкавае: што-ж здарылася з Багдановічам?

* * *

Апрытомнеўшы, Круміньскі ледзь паспеў глянуць на стаяўшых перад ім, як вочы зноў закрыліся, настолькі вялікай была стомленасць. Але яго сілай узнялі і пасадзілі. Тады адчуў боль у правым плячы і ў галаве. Дакрануўся да галавы рукою. Яна была забінтавана. Галаву як бы абцугамі сціскалі, так балела. Ён адразу прыпомніў, што з ім было ўвечары і дагадаўся, што ён у турме. Ён аглядаў камеру, пакуль афіцэр, які быў тут, даваў распараджэнні жандармам. У камеры было цёмна і ён не разглядзеў, ці ёсць у камеры акно. Бачыў толькі шэрыя, цесна ссунутыя сцены.

Ён моўчкі ўзняўся з ложка, калі запрапанавалі ісці. У калідоры асляпіла святло і ён зажмурыў вочы і доўга ішоў так. Яшчэ больш асляпіла святло ў пакоі, куды прывялі яго. За сталом сядзеў вайсковец з расплікнутым каўняром мундзіра і пагладжваў рукой шыю. Круміньскі зразумеў, што гэта следчы, а яго прывялі на допыт. Усведамленне гэтага ажывіла яго, як бы адагнала стомленасць, але калі допыт пачаўся, а ён сеў у крэсле перад сталом, стомленасць зноў скавала ўсё цела. Круміньскі аддаўся наплыву думак. Дзіўна,— думаў ён,— як трымаюцца ў паветры жаўранкі, амаль на адным месцы. толькі крыллі ледзь прыкметна дрыжаць...