Выбрать главу
У летні поўдзень — была спёка — Выходзіць рой, снуе высока І на вярбе ўгары садзіцца — Ніяк туды не даступіцца. Антось бярэ куродым, сіта, Глядзіць на гэты рой сярдзіта: Вось не было яшчэ бяды! Загнаў жа чорт яго туды! Палез Антось перш па драбінах, З драбін цярэбіцца ў галінах. Сяк-так прыладзіў сіта крышку, Абрус адсунуў, бярэ лыжку І толькі чуць крануўся рою, Гудзе пчала над галавою, Другая ў вуха — тыц знячэўку! Схіснуўся дзядзька наш на дрэўку І мімавольна — хоп за сук! Тут сіта выехала з рук, А патрывожаныя пчолы Спяваюць хорам, як анёлы, Але кусаюць па-чартоўску. «Згары ж ты лепей, рой такоўскі!» Угнуўся дзядзька — няма рады, На землю падаюць прылады; За імі дзядзька наш з накропам З вярбы на землю шуснуў снопам. Схапіўся дзядзька ды наўцекі, Бяжыць, як бы шалёны нейкі, Бяжыць дваром між хлевушкамі, Ад пчол бароніцца рукамі Ды пад салаш бяжыць пад стрэху. Было бяды тут, было смеху! Ды потым дзядзька прывучыўся, Да пчол зусім прызвычаіўся, І бортнік быў ён акуратны, Хоць не такі, як Кандрат, здатны...
Тым часам Спас святы мінуўся, І лес у чырвань апрануўся. Дрыжаць у золаце асіны, І гнуцца кісці верабіны. Пчала аб мёду меней дбае, І спожыць ёй ужо не тая; Таксама ж вуллі не пустыя: Раі ўздужалі маладыя І мёду трохі нанасілі. Дык вось кумоў і запрасілі На гэты дзень падгледжваць пчолы. Дзянёк быў ціхі і вясёлы, Мужчыны зранку падгалілісь, Зусім-такі падмаладзілісь, У ночвах голавы памылі, І вусы спрытна падкруцілі, Ды мылам іх пашаравалі, Каб выдатней яны стаялі. А для гасцей, святой нядзелькі Надзелі новыя камзэлькі, А боты так нашмаравалі, Што проста шляхту касавалі. — Зірніся, дзядзька, у люстэрку: Хоць завярці вазьмі ў паперку, Хоць у сваты едзь, хоць жаніся! — Да дзядзькі жарты панясліся. — А ты, Ламук, не выскаляйся, Лепш нос абцерці пастарайся — Сапляк, унь, губу ўжо мінае! — Алеся дзядзька падцінае. «Ламук» Алесь спускае вочы: Сягоння дзядзька не ахвочы Прыймаць яго такія жарты. Алесь жа — хлопец і няўпарты; Ён моўчкі Костусю ківае, Пайсці на двор з ім заклікае. Разблутаць трэба ім пытанне, Якое ўжо карціць ад рання:
Калі, каму, дзе пасвіць статка? — Скажу я вось як табе, братка: Мы ўдвух з двара пагонім разам І папасем пад тоўстым вязам. Калі кароўкі папаўнеюць, Бакі іх трохі пакруглеюць, Тады запусцім на балота. І... закіпіць у нас работа: То ты, то я — на перамену! І дзе я толькі мёд той дзену? Жывот зрабіць хіба ў дзве столкі, Як мех Баландзішын на зёлкі? — І хлопцы ў згодзе жартавалі Ды ў лес за рэчку паглядалі. Пазбыўшы важнае пытанне, Чакалі першага спаткання З гасцьмі, якіх сюды наедзе, Мо ўжо хто клыгае з іх недзе. Малыя дзеці і дзяўчаткі Вярцеліся больш каля маткі; То часам ёй чым памагалі, А часам проста заміналі. У ўсіх была тут думка тая, Што дзень сягоння не звычайны, А дзень асобны, разнастайны, Які ў год толькі раз бывае.
На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата: Памыты лавы, стол, падлога, А каля покуця святога Дзве сцены клёнамі убраны; Абрусам белым стол засланы, Святых паперай агарнулі — Яны лагодней нейк зірнулі, Як бы ім вельмі падабалась, Што ім увага аддавалась. Мужчыны зараз па сняданні Пайшлі ў гумно на спачыванне — Аддаць мінуту для дрымоты. Прыветна скрыпнулі вароты, З вясёлым шумам расчынілісь, Ў гумне мужчыны прыпынілісь. Ўсяго паўнютка, хвала Богу, — Збажынкі новай і мурогу. Здавалась, стрэхі і пярылы Ўсяго трымаць не мелі сілы, Бо з двух бакоў над самым токам, Калі на іх ты кінеш вокам, Сянцо, збажынка навісала. Тут лугам, полем патыхала, А на гваздзі ў таўшчэрным шуле Цапы віселі, бы заснулі. А вілы, граблі і мяцёлкі, Малацьбітовы прыяцёлкі, Каля варот адны стаялі — Таксама працы ўжо чакалі. — У нас сяголета — свяціся! — Так, дзякуй Богу, паджыліся. Эх, брат Міхась, была б то ўласнасць — Зямля ўся гэта, сенажаці!.. Чаго б жадаць тут болей, браце? І лес, і паша, неба яснасць, І чысты дух, і рэчка Нёман... Куток павабны тут захован! — Э, каб гэта свая ўлада! Нашто б і лепшая пасада? — Міхал выразна замаўкае І торпы вокам акідае. — Так, брат! падумаць моцна трэба, — Само не зваліцца нам з неба, — Каб мець больш пэўны свой прыпынак І мець у ўласнасці будынак... — І так яны разгаманілісь, Што й на салому не лажылісь. І ўсё ж не бацькаўшчына гэта: Жывеш дачасу, з лета ў лета, А ліха вынікне якое — Падумаць жудасна пра тое... Чаго ж у жыцці не хапае? Дзе гэта сіла, дзе моц тая, Што перашкод сабе не мае І ставіць зразу ўсіх на ногі, Вядзе на вольныя дарогі І свет прасторны адчыняе? — Дзве рэчы трэба мець, каханы! Адна рэч — розум выхаваны: Умець прадгледзець, прылаўчыцца На цвёрдым грунце закрапіцца. Другая рэч, Антось харошы: Таксама трэба мець і грошы, — Міхал прамовіў ціхім басам. Алесь і Костусь гэтым часам Гасцей пад дубам вартавалі І між сабою жартавалі. — Згадай, Кастусь, —Алесь пытае, — Хто першы ў госці завітае? — Ну, хто ж? вядома — Юрка, дружа. — Чаму? — Бо мёд ён любіць дужа, А там, глядзі, Язэп прыпрэцца І Фабіян з ім з Караліны... Падвып'юць, ведаеш, мужчыны, Ото гаворка распачнецца! А там Кандрат вазьмецца ў бокі, Напэўна пойдзе ён у скокі; Яго Ялэўка падтрымае, А Вухін песню заспявае: «Пі гарэлку, суседзе!..» — Глядзі, глядзі! хто гэта едзе? — Алесь ускочыў, пазірае І локцем Костуся таўхае. — Ды гэта ж Вухін, брат! ён самы! — І хлопцы кінуліся ў браму, Бягуць навыперадкі ў хату. — Ўжо Вухін едзе! Вухін, тата! — Цыц! не смець казаць мянушку, А то зніму на вас папружку! І бацька бровы пасувае, Пільчак чысцейшы адзявае, Ідзе на двор для прывітання І для пачэснага спаткання. Андроцкі-Вухін пад'язджае І так каня свайго спыняе, Як бы супыну конь не мае, Хоць конь, як вол, непаваротны І бегчы ўжо не так ахвотны. Кадушка-Зося сонцам ззяе; Міхал ёй злазіць памагае. Яна ж, як гліна, надта цяжка, Пад ёю крэхча каламажка. — Ну, проша ў хату! проша, кумка. Глядзіць бутэлька з яе клумка. Уперавалку, як бы качка, У хату йдзе кума-сваячка. Тут гаспадыня выбягае, Ёй дзверы ў сені адчыняе; Кабеты тварамі самкнулісь І так прыемна усміхнулісь, Як бы злучыліся дзве рэчкі, Гарохам сыплюцца славечкі. — А дзе ж мая дачка хрышчона? — Спытала Зося. — Дзе Алёна? Ваўчком Алёнка пазірае; Яе тут Зося абнімае, Гасцінцам дзеўчынку трактуе, Яе і песціць і цалуе, У вочкі ёй глядзіць прыветна — Сама Яхіміха бяздзетна. Алесь пад гэты шум вітання