Выбрать главу
«Сядзіць дома, як пужала, Не з кім слова мовіць; Ой, жаніся ж: часу мала, Старасць цябе зловіць! Пастарэеш, небарака, Дзеўкі ўсе зракуцца, А ты будзеш, як сабака, Туляцца і гнуцца, І падлізваць будзеш місы, Не свае — чужыя!.. Дык жаніся, Кандрат лысы, Жанецесь, дурныя!»
— Ну, зацягнулі ўжо, завылі! Адно б вы толькі і жанілі! У, турэцкія вы свацці! Як вас няма, то й ціха ў хаце! — Кандрат вачыма тут бліскае, А Яська, брат яго, спявае: «Я — адзін; сцежкі мне Адчынены ўсюды. А як жэнішся, тады — Не хадзі нікуды. Я — адзін, я — казак, І на ліха жонка? Яна звяжа цябе, Чортава галёнка! Бог мужчыну стварыў, Потым памыліўся; Драў чупрыну Адам, Што з Евай жаніўся».
— Вось так вы іх! вось малайчыны! — І аж не ўрымстуюць мужчыны. — Ну, выпіць, выпіць, хлопцы, трэба! Яхім! пускай, брат, да Язэпа! — Не, брат Міхась, дальбог, не буду! — Пі!.. не люблю цябе, маруду! — Яхім дайшоў да пункту тога, Дзе ён у сведкі клікаў Бога, Што больш не вып'е ўжо нічога. Але Яхімаў звычай зналі, Дружней мужчыны насядалі, І наш Яхім хоць і бажыўся, Але й з бажбою піць злажыўся. А далей ён такім жа чынам Рабіў замінкі тут мужчынам, Але піў чарку ў чарку з імі — І вось ён лыпае вачымі І рукі зараз разнімае, Старую песню зачынае: «Ой, ляцеў авадзень, А насустрач мушка. Прыхіліся, кума: Пашапчу на вушка!» На хату Ганна выступае, У ладкі плешча, падпявае: «Заіграйце, музыкі, Каб я паскакала; Купіў бацька чаравікі, Каб я патаптала!» Мужчыны выклік той прымаюць І Фабіяна выпіхаюць.
У скокі зараз жа пусціўся Наш Фабіян і закруціўся. «Падзівіся, Гапка, Як трасецца шапка!» А замест шапкі валасамі Трасе, як вецер каласамі, І размінае свае косці. І разышліся нашы госці. Тут грэбень Пальчык Ян хапае, Сюды паперку далучае Ды так жа грае спрытна, здольна, Што ногі скачуць мімавольна. «Без музыкі, без дуды Ходзяць ногі не туды; Грай жа, дудка мая! Куды дудка, туды я!»
Сам гаспадар з кумой Анэлькай, Руку прыгнуўшы над камзэлькай, На панскі лад мяце-вальцуе, Ўсіх далікатнасцю касуе. Таксама Юзаф з Караліны Не траціць добрае часіны — І з гаспадыняй так кружыўся, Аж покі потам лоб не змыўся. Андроцкі кінуў і бажыцца, Сядзіць, не можа варушыцца; Адзін з ім Юрка яшчэ бае; Яхім жа тоненька спявае: «Пі гарэлку, мой суседзе, Покі п'ецца! Конь дадому сам заедзе, Не саб'ецца».
— Скакаць хачу! Хто мне паграе? Музыку! — Пальчык Ян гукае. І, не чакаючы адказу, У танцы рынуўся адразу. Прысеў наш Яська, закруціўся! Ды як пайшоў, ды як пусціўся! Адкуль і дзе і што бярэцца — З дарогі ўсё змяце, здаецца. «Там-там! тара-рам! Там-та-ціта, ці-та-там! Хадзі, хата, хадзі, печ! Не шкадуй жа сваіх плеч! Я найму дудара, Дударыка-камара. Грай, дударыку, грай, А ты, муха, выцінай! Грай на скрыпцы, сляпень, На басэтлі, авадзень! Чмель, у бубен бубні! Шэршань, песню утні! Я хачу паскакаць, Ўсіх на баль пасклікаць. Разгарніся ж, душа! Сцеражыся Тамаша! Бо тады толькі пан, Калі добра я п'ян; Тады весел і рад, І сам чорт мне не брат!.. Там-там, тара-рам! Там-та-ціта, ціта-там! Лысы чорт бег з балота: Надаела адзінота. І хіцёр, а змыліўся, Ажаніўся — і ўтапіўся. А не будзь, чорце, слабы І не рэмсціся да бабы: Баба доўгі волас мае, Каго хочаш ашукае — І Язэпа, і Міхала, А мяне не ашукала! Хіба толькі розум страчу, То й я тое ліха ўбачу. Але не, не да чакання! Не пацерплю ашукання!» Тут госці з месца паўставалі, У ладкі білі, падпявалі. — Бадай ён скіс! ото прыўдаўся! — А Пальчык пыху набіраўся І ўсё нагамі вырабляе, Як бы сам чорт яго шугае; І плечы скачуць, рукі ходзяць І ў абурэнне ўсіх прыводзяць. Тым часам стала і змяркацца. — Панове! час, ой, час збірацца! — А пасядзеце, пагуляйце, Павесялецесь, паспявайце. — Ну, песню, песню! пачынайце! «Ой, пара вячэраць, няма ж бацькі дома. Ці яму дарожка гэта незнаёма? Ці ён памыліўся, ці конічак збіўся? Ці сярод дарогі ён адзін спыніўся? Блудная дарога, ды конь яе знае, Толькі ж конік волі сам прыйсці не мае. Ой, хто ж па дарозе каня паганяе, Каня паганяе, сам песню спявае? А то сусед едзе з гасцінцам вялікім — Вязе сыну боты, дочцы чаравікі. А нашага бацькі ўсё няма — гуляе І пра сваю хату, пра дзяцей не дбае. Пара спаць лажыцца, няма бацькі дома, І дарога біта і добра знаёма. Вось і поўнач скора, а ўсё няма таты!.. Ой, пара нам, госці, ой, пара дахаты!» І нейкі жаль няяснай страты Ад гэтай песні патыхае. На свеце ўсё канец свой мае, І ты, мінуціна змяркання, Спяеш нам песню расставання. І госці свой банкет канчаюць, Адны другім дабра жадаюць, А ў час апошні развітання Стаялі цмокі цалавання. — Ну, выбачайце ж, не крыўдуйце! Калі што кепска, то даруйце!