Выбрать главу
І мушу я адно зазначыць, Няхай тут праўду кожны ўбачыць, Што гэта прыкрае здарэнне Пайшло яму на паляпшэнне.

ХVІ. Вечарамі

Малюнкі родныя і з'явы! Як вы мне любы, як цікавы! Як часта мілай чарадою Вы ўстаяце перада мною! І так панадна смеяцеся Жывою баграю на лесе, І златаблескімі снапамі Праменняў-стрэлаў над палямі, І брыльянцістаю расою, Калі гарачаю касою Скрозь лісцяў сетачкі-аконцы На ёй заззяе ціха сонца, Яе так песціць, так кахае, Па ёй вясёлкі рассыпае! Я бачу роўныя пакаты Палёў за Нёмнам і іх шаты — Аўсоў палоскі, лавы жыта, Што морам золата разліта; І грэчак белыя абрусы, І лесу два крылы, як вусы, І цёмны роў, вадой прабіты, Такі зацяты і сярдзіты; Ялоўцаў шэрыя аблогі, Дзе белы мох, сівец убогі Пясочак жоўты засцілаюць І дзе зайцы прыпынак маюць. Я чую шум рознагалосы Лясоў, лугоў, дзе звоняць косы У часе дружнай касавіцы; Я чую громы навальніцы, І шум глухі буйных дажджоў, І песні звонкія палёў, І ціхі плач ускрай магілы. Даўно заціх іх голас мілы, Даўно ўсё змоўкла і прапала, Іх толькі памяць захавала.
Але нявіднымі ніцямі
Я моцна-моцна звязан з вамі, Малюнкі роднае краіны! Эх, зараслі вы, пуцявіны У гэты мілы мой куточак, Дзе ные жоўценькі пясочак Пад летнім сонцам, пад спякотай І ззяе смутнай пазалотай Над самым Нёмнам срэбраводным, Так сэрцу блізкім-блізкім, родным. І зараслі не палынамі, Не крапівой, не драсянамі, Не чаратом, не лебядою — А беларускаю бядою. Ды покі будзе сэрца біцца, Яно не зможа пагадзіцца Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою Над нашай роднаю зямлёю...
Эх, мілы край адвечнай мукі! Пракляты будзьце, вусны, рукі, Што на цябе ланцуг кавалі І ў твар зняважліва плявалі! Няхай агонь і жар пакуты Навекі спаліць здзек той люты, Які спрадвеку там пануе, Над тым, хто родны скарб шануе І хто ўсім сэрцам і душою Астацца хоча сам сабою. Жыві ж, наш край! Няхай надзея Гарыць у сэрцы і мацнее, Што хоць не мы, дык нашы дзеці Убачаць цэльным цябе ў свеце!
Алесь на дзеле праканаўся, Што ён дарэмна марнаваўся І што ўжо больш няма збавення, Як толькі ўзяцца за вучэнне, Як гэты клопат не марудны. І што ж? закон быў не так трудны, — Ужо па той адной прычыне, Што ён запісан быў на спіне (А ў сэрца ўложан сам сабою), І ўсё пайшло сваёй чаргою.
Цяклі дзянькі ды йшлі нядзелі, І час тут вольны хлопцы мелі, Вучылісь толькі да абеду, Вучылісь нават не без следу. І Костусь, мушу я прызнацца, Ўжо ўмеў на дошцы распісацца, Што вельмі цешыла Міхала І гонар бацькаў падымала. Удзень, як лекцыі канчалі, На рэчку хлопцы выбягалі Крыху пакоўзацца па лёдзе Ці так пабегаць на свабодзе, У снег залезці па калена, А то насілі козам сена — Ў звярынцы козы зімавалі — І ім палонкі прасякалі. І сам дарэктар клышаногі Не горш ад вучняў бег з дарогі, Гайсаў па снезе, распускаўся І штурхалямі захапляўся. А як надарыцца часамі Яму спаткацца там з казамі, Тады крычаў ён благім матам, Тады рабіўся ён вар'ятам, — Такая радасць пашыбала, Так хвалявала, захапляла. І гэту радасць, міг шчаслівы, Выказваў крыкам праразлівым. — А я-я-яй! А я-я-яй! — Крычаў, хоць вушы затыкай. Другі раз хлопцы валяць валам У ток да дзядзькі ўсім кагалам. На току ў дзядзькі, бы ў святліцы, Маркотна свеціць блеск газніцы; Дрыжыць агоньчык сіратліва, У бокі ходзіць палахліва. На месце ўсё тут і прыбрана, Так гладка ўсё дапасавана. А тыя ж граблі ці цапочкі! Ну, толькі цешыць імі вочкі! У рукі возьмеш — працы хочуць, У дзела пусціш — зарагочуць! А як наш дзядзька час там бавіць!. Ён не працуе — імшу правіць!